Вы тут

Як у раёне, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, развіваецца эканоміка і ствараюцца рабочыя месцы?


Моцныя рэгіёны — адзін з прыярытэтаў развіцця нашай краіны ў цэлым. Пра тое было сказана кіраўніком дзяржавы на Усебеларускім народным сходзе і гэта прапісана ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Тэрыторыям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — увага асаблівая. Тут рэалізоўваюцца праекты, якія дапамагаюць стварыць годныя ўмовы жыцця і працы для людзей. За перыяд дзеяння праграмы па пераадоленні наступстваў трагедыі на ЧАЭС, пачынаючы з 2011 года, толькі ў эканоміку Касцюковіцкага раёна было накіравана больш чым 41 мільён рублёў з усіх крыніц фінансавання. Прэферэнцыі Указа № 235 (аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны) далі раёну новы імпульс для развіцця рэальнага сектара эканомікі, сацыяльнай сферы, стварэння камфортных умоў жыцця для насельніцтва.


Васіль Сырвачоў лічыць, што новыя высокатэхналагічныя рабочыя месцы — перспектыва для развіцця малых населеных пунктаў.

Адзін з перспектыўных кірункаў — развіццё «зялёнай» энергетыкі. Яшчэ ў 2014 годзе ў рамках Дэкрэта № 10 быў заключаны інвестдагавор з міжнароднай энергетычнай кампаніяй «Інтэррыджынал Энэрджы Кампані ГмбХ», якая пабудавала ў Касцюковічах на плошчы каля 8,5 гектара фотаэлектрычную станцыю агульнай магутнасцю 4,5 МВт. Яна знаходзіцца якраз паміж Беларускім цэментным заводам і горадам. Для вытворчасці сонечнай электраэнергіі выкарыстоўваецца абсталяванне ад вядучых еўрапейскіх кампаній.

— На забруджаных землях, якія непрыдатныя для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, такія станцыі прыносяць сапраўдную карысць, — адзначае начальнік камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў. — Яны дапамагаюць задзейнічаць гэтыя землі ў абароце. Плюс інвестыцыі і стварэнне новых рабочых месцаў.

Першы ўчастак касцюковіцкай фотаэлектрычнай станцыі быў уведзены ў 2016-м. У снежні 2018-га яна запрацавала на поўную магутнасць. Яе, вядома, не параўнаць з чэрыкаўскай, якая лічыцца самай буйной у краіне. Але ж карысць ад яе сапраўды адчувальная. Створаны сем працоўных месцаў, прыцягнута інвестыцый на суму звыш 11 мільёнаў рублёў, а агульнарэспубліканская электрычная сетка папаўняецца энергіяй ад сонца. У вясенне-летні перыяд станцыя выпрацоўвае каля 450 тысяч кілават электрычнай энергіі, восенню ў сярэднім 150 тысяч, зімой — 50 тысяч. Летам, у перыяд найбольш высокай сонечнай актыўнасці, станцыя забяспечвае раён электраэнергіяй у аб'ёме 2,3 % ад агульнай патрэбы ў месяц.

Васіль Сырвачоў, начальнік фотаэлектрычнай станцыі, адзін з тых маладых людзей, якія працуюць на карысць сваёй малой радзімы. Ён выпускнік магілёўскага Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, пасля ВНУ вярнуўся ў Касцюковічы на Беларускі цэментны завод, працаваў на газатурбіннай устаноўцы. Прызнаецца, што работа падабалася, але калі запрасілі паспрабаваць сябе ў новай сферы, зацікавіўся.

— Такія высокатэхналагічныя рабочыя месцы для раёна вельмі важныя, — лічыць ён. — Калі ёсць работа і дастойная зарплата — пытанне аб пераездзе куды-небудзь у горад не ўзнікае. Я, напрыклад, жыву з сям'ёй у аграгарадку Новыя Саматэвічы. З жонкай выхоўваем дваіх дзяцей. Свой дом, гаспадарка, увесь вольны час распісаны па хвілінах.

Суразмоўнік лічыць, што асноўны рухавік раёна — менавіта вытворчасць. Касцюковічам пашчасціла з цэментным заводам, але нават маленькія прадпрыемствы — вялікая падтрымка для раёна. «Калі няма вартай работы — няма перспектывы», — перакананы Васіль.

Рэалізацыя праграмы развіцця паўднёвага ўсходу нацэліла прадпрымальных жыхароў раёна на развіццё існуючых вытворчасцяў, стварэнне новых прадпрыемстваў, у тым ліку па вытворчасці электрычнай энергіі з альтэрнатыўных крыніц. Летась у Касцюковічах быў рэалізаваны сацыяльны праект па стварэнні яшчэ адной фотаэлектрычнай станцыі на базе гімназіі.

— Станцыя размясцілася на даху ўстановы адукацыі, — удакладняе Святлана Смолікава, намеснік старшыні райвыканкама, якая курыруе пытанні эканомікі. — Праект рэалізаваны ў рамках партнёрскіх адносін Касцюковіцкага райвыканкама і магістрата горада Дзітцэнбах. Гэта вельмі важны сацыяльны, экалагічны, адукацыйны праект. Усе ўстановы адукацыі раёна цяпер могуць выкарыстоўваць на ўроках праграмнае забеспячэнне, якое наглядна дэманструе, як працуе «зялёная» энергетыка. Гэта карысна ведаць не толькі дзецям, але і дарослым.

Святлана Смолікава адзначае, што для інвестараў, якія жадаюць працаваць і развівацца на тэрыторыях паўднёва-ўсходняга рэгіёна, у тым ліку ў Касцюковіцкім раёне, указы № 235 і № 177 стварылі пэўную прывабнасць. У 2018 годзе з улікам прэферэнцый Указа № 235 Касцюковіцкая райспажыўкааперацыя пабудавала ў райцэнтры буйны гандлёвы аб'ект. А годам раней яшчэ адзін інвестар уклаў грошы ў будаўніцтва гандлёвай пляцоўкі, якую цяпер арэндуе буйная гандлёвая сетка.

— Ільготныя ўмовы крэдытавання Банкам развіцця адыгрываюць вялікую ролю ў тым, што да нас ідуць буйныя рытэйлеры, — адзначае Святлана Смолікава.

Раён жыве і развіваецца. Папулярнасць набірае сельскагаспадарчая галіна. Дарэчы, адзін з праектаў, які рэалізуецца сёлета ў Касцюковіцкім раёне, прадугледжвае стварэнне аб'екта па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. А гэта новыя паступленні ў бюджэт, падаткі, рабочыя месцы...

Нэлі ЗІГУЛЯ

Касцюковіцкі раён

Па інфармацыі Касцюковіцкага райвыканкама, з пачатку дзеяння Указа № 235 (з 1 ліпеня 2015 года да 1 студзеня 2021 года) у раёне створаны 33 камерцыйныя арганізацыі і зарэгістраваны 231 індывідуальны прадпрымальнік. У арганізацыі раёна працаўладкавана на зноў створаныя рабочыя месцы звыш 500 чалавек, у тым ліку за мінулы год — 79. На 1 студзеня 2021 года ў раёне налічвалася 73 малыя і сярэднія прадпрыемствы, дзевяць сялянска-фермерскіх гаспадарак і 366 індывідуальных прадпрымальнікаў. За перыяд дзеяння ўказа рэалізаваныя 32 мерапрыемствы праграмы, накіравана інвестыцый блізу 27 мільёнаў рублёў за кошт усіх крыніц фінансавання. У рамках праграмы суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва рэалізаваныя такія інвестыцыйныя праекты, як арганізацыя вытворчасці паліўных брыкетаў, будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі, мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, створана інавацыйнае прадпрыемства па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі літых вырабаў. Толькі за мінулы год у раёне было ўведзена каля шасці тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку і па 235-м указе, з прымяненнем ільготнага крэдытавання.

Загаловак у газеце: Энергія інвестыцый

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.