Вы тут

Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў Кодэкс аб адукацыі і закон «Аб дарожным руху»


Палата прадстаўнікоў правяла чарговае пасяджэнне пятай сесіі. Адзін з найбольш важных законапраектаў, падрыхтаваных да сесіі, — Кодэкс аб адукацыі. Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк звярнуў увагу, што абноўлены дакумент вельмі доўга рыхтаваўся да першага чытання і ў шостым скліканні дэпутаты разам з профільным міністэрствам адпрацоўвалі кожны артыкул. «Мы вельмі задаволеным тым, што будзем яго сёння разглядаць. Таму мы яго прымаем у першай рэдакцыі і захоўваем філасофію кодэкса. У гэтай філасофіі ёсць цяжкая праца дэпутатаў маёй камісіі на працягу апошніх чатырох гадоў», — паведаміў парламентарый. Ён расказаў пра асабліва важныя навацыі нарматыўна-прававога акта. Дакументам уводзяцца абавязковая агульная сярэдняя адукацыя і нормы, накіраваныя на ўкараненне інклюзіўных падыходаў у сістэму. На ўзроўні вышэйшай адукацыі прадугледжваюцца бакалаўрыят (4–4,5 гады), магістратура (паглыбленая вышэйшая адукацыя 1–2 гады), паслявузаўская адукацыя — аспірантура (ад’юнктура), для пэўных тэхнічных спецыяльнасцяў і медыкаў існуе непарыўная адукацыя (5–6 гадоў).


Як расказаў Ігар Марзалюк, школьнікі паводле заканадаўства будуць вучыцца з 1 верасня па 31 мая, але вучэбны год для педагогаў будзе адлічвацца з 1 верасня па 31 жніўня. Выпускнікі 9 і 11 класаў будуць сыходзіць на падрыхтоўку да экзаменаў з 25 мая.

«Дакладна вызначана ў законе, што бацькі і законныя прадстаўнікі дзяцей не маюць права ўмешвацца ў адукацыйны працэс, чым яны злоўжывалі. За гэтымі пытаннямі яны павінны звяртацца ва ўстанову адукацыі», — акцэнтаваў парламентарый.

Па яго словах, забараняецца аб’яднанням, якія не маюць дачынення да сістэмы адукацыі, ужываць у сваіх назвах паняцці «школа», «ліцэй», «каледж», «універсітэт», «інстытут», «акадэмія».

З завочнай формы адукацыі выдзяляецца і прапісваецца дыстанцыйная форма, укараняецца ў праграмы модульная адукацыя.

Замацоўваецца таксама дадатковая адукацыя для адораных дзяцей і жаданне бацькоў першакласнікаў адпраўляць іх у школу не ў шэсць гадоў, а пазней.

Паводле слоў Ігара Марзалюка, для хлопцаў, што атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэдне-спецыяльную адукацыю на бюджэце і пайшлі ў армію (у тым ліку па кантракце), тэрмін службы можа быць залічаны за адпрацоўку па размеркаванню.

Да першага чытання Міністэрства ўнутраных спраў і Пастаянная камісія па прамысловасці, паліўна-энергетычнаму комплексу, транспарту і сувязі Палаты прадстаўнікоў падрыхтавалі навацыі закона «Аб дарожным руху». Па словах старшыні камісіі Ігара Камароўскага, змены прадыктаваныя жыццём і накіраваныя на павышэнне бяспекі руху, камфорту грамадзян, бізнесу.

«Грамадзянам будзе выдавацца вадзіцельскае пасведчанне міжнароднага ўзору, будуць прызнавацца вадзіцельскія пасведчанні Расійскай Федэрацыі да канца тэрміну іх дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у рамках дамоўленасцяў Саюзнай дзяржавы. Сярод навацый нормы, якія дазваляюць навучацца, здаваць, атрымоўваць вадзіцельскае пасведчанне на права кіравання аўтамабілем з аўтаматычнай трансмісіяй», — паведаміў дэпутат.

Для аўташкол, па яго словах, скасоўваецца кантроль за навучаннем, падрыхтоўкай, перападрыхтоўкай, павышэннем кваліфікацыі кіроўцаў і неабходнасць узгадняць з ДАІ маршруты руху пры навучанні практычнаму кіраванню. 

У першым чытанні таксама прыняты змены ў законы аб пытаннях судова-экспертнай дзейнасці, у другім — навацыі па пытаннях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы, аб селекцыі і насенняводстве сельгасраслін, аб спажывецкай кааперацыі і аб Следчым камітэце.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?