Вы тут

Маленькімі крокамі — да школы без булінгу, або Чаму мы талерантныя да цкавання?


Пачатак навучальнага года. У мінскай школе з'яўляецца навічок, які прыехаў у сталіцу з райцэнтра. Літаральна з першых хвілін ён становіцца аб'ектам насмешак і здзекаў з боку сваіх аднакласнікаў... Знаёмая сітуацыя, праўда? Асабліва для тых, каму ў школьныя гады давялося змяніць навучальную ўстанову. Хтосьці з дарослых сам быў калісьці ахвярай школьнага булінгу, хтосьці — агрэсарам, але большасць займалі месца ў «глядзельнай зале» і былі пасіўнымі назіральнікамі. Спачувалі, але ўмешвацца не вырашаліся, бо была пагроза самім апынуцца на месцы ахвяры. Калі б можна было вярнуцца назад і ўсё змяніць... Але машыну часу пакуль не вынайшлі, таму нашы маральныя пакуты мала каго сёння цікавяць. Ці ўсё ж такі можна нешта змяніць?


pixabay.com

Зрабі свой выбар

Падчас канферэнцыі «Школа без булінгу» адбылася прэзентацыя інтэрактыўнага фільма «Ізгой», знятага КінаШколай-студыяй Андрэя Палупанава па заказе інфармацыйна-кансультацыйнай установы падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў «ЭдКэмп». У анатацыі да фільма гледачоў папярэджваюць: «Разумна падыходзьце да выбару дзеянняў. Памятайце, што ад кожнага вашага кроку будзе залежаць жыццё чалавека». На працягу фільма яны неаднаразова будуць стаяць перад выбарам і галасаваць. Сюжэт далей развіваецца ў залежнасці ад таго, які з прапанаваных варыянтаў быў абраны. Таму ў фільма тры розныя фіналы. Ці здолее навічок уліцца ў новы калектыў і якой цаной? Гэта вырашаць гледачам...

Вядома, у кожнага, хто сутыкаўся з булінгам, свая гісторыя і свая псіхічная траўма. Раней лічылася, што цкаванне пачынаецца, калі прыходзіць вучань, які рэзка адрозніваецца ад усёй астатняй групы, і тая, каб захаваць сваю цэласнасць, пачынае яго выганяць. Але цкаваць могуць і актыўных, таварыскіх дзяцей. Асабліва дастаецца выдатнікам-«батанікам». Праблема не ў канкрэтным вучні, а ў тым, што так паводзіць сябе з аднакласнікамі лічыцца дапушчальным. А яшчэ ёсць меркаванне, што булінг, як і крызісныя сітуацыі, з'яўляецца неад'емнай часткай сталення, што гэта «школа жыцця», таму падлеткам неабходна спраўляцца з гэтым самастойна. У рэальнасці толькі для вельмі моцнай асобы булінг можа стаць прычынай для росту, ад якой ён адштурхнецца і пойдзе далей. А большасць з тых, каго ў дзяцінстве цкавалі, у будучыні не раскрываюць свой патэнцыял, у іх заніжана самаацэнка, яны больш схільныя ў маладым узросце да суіцыдаў, трывожных расстройстваў і дэпрэсій.

— Я пастаянна займаюся наступствамі булінгу і хачу заўважыць, што ў кожным агрэсіўным дзіцяці ёсць вялікая колькасць нерэалізаваных патрэб, — разважае Андрэй ШАБАНАЎ, псіхолаг, трэнер, кіраўнік развіццёвага цэнтра для дзяцей і падлеткаў «Смялей». — На мой погляд, імкненне школы да стандартызацыі не дае дзецям магчымасці цалкам сябе рэалізаваць і штурхае іх да «неэкалагічных паводзін». Яшчэ адно маё назіранне: ахвяры агрэсіі — гэта, як правіла, добра выхаваныя дзеці, якіх бацькі з ранняга дзяцінства рабілі «зручнымі». Прыходзіць да мяне 16-гадовы падлетак, які ведае дзве замежныя мовы, гуляе ў шахматы, займаецца плаваннем, а ты бачыш перад сабой «выдрэсіраваную мадэль», без уласных памкненняў. Задача бацькоў — стварэнне ўмоў для выхавання асобы, а мы імкнёмся абараніць іх ад усяго, што толькі магчыма, і ўсё вырашаем за іх.

Прыклад такой маці, якая таксама паспрыяла булінгу свайго дзіцяці, якраз і быў прадэманстраваны ў інтэрактыўным фільме «Ізгой».

Розныя «адценні»

— Не варта блытаць агрэсію з булінгам, — папярэджвае старшы выкладчык БДПУ імя М. Танка, навуковы супрацоўнік РНПЦ псіхічнага здароўя Наталля ГРЭБЕНЬ. — Агрэсія — не заўсёды булінг. Гэта вельмі важны механізм абароны чалавека, адстойвання ім сваёй пазіцыі, свайго «я», і яна жыццёва неабходная. Нельга адносіць усе ахоўныя рэакцыі, якія не датычацца цкавання іншага чалавека, да булінгу. Агрэсія — ненаўмысная рэакцыя, напрыклад, на тое, што хтосьці парушыў твае асабістыя межы, а булінг — заўсёды наўмыснае прычыненне шкоды іншаму чалавеку, прычым гэта не аднаразовая з'ява, а рэгулярная і можа доўжыцца месяцамі.

Наталля Грэбень каля шасці гадоў вывучае сітуацыю з булінгам у беларускіх школах. Яна падзялілася вынікамі свайго даследавання, якое ахапіла каля 150 вучняў мінскіх школ. Даследаванне рэалізоўвалася з пазіцыі ахвяры, а не агрэсара ці назіральніка, таму што калі чалавеку дрэнна, то ён будзе пра гэта казаць. Зусім невялікая колькасць адбракаваных анкет сведчыць якраз пра тое, што гэтая тэма неабыякавая для школьнікаў.

Пасля апрацоўкі даных атрымаліся наступныя вынікі: 68 працэнтаў падлеткаў зведваюць булінг час ад часу, 17 працэнтаў — ніколі, а 14 працэнтаў — пастаянна. Дарэчы, хлопчыкаў часцей падвяргаюць сацыяльнай ізаляцыі і выключэнню з групы.

— Вывучаліся найбольш распаўсюджаныя прыкметы булінгу, — кажа Наталля Грэбень. — «Калі я іду ў школу, мне неспакойна», — так адказалі 75 працэнтаў школьнікаў. «Былі выпадкі, калі аднакласнікі псавалі мае асабістыя рэчы (71 працэнт). «Перад школай у мяне штосьці баліць, я адчуваю сябе дрэнна» (67 працэнтаў). «У класе я адчуваю сябе напружана» (65 працэнтаў). «Былі сітуацыі, калі я адчуваў нянавісць з боку аднакласнікаў» (64 працэнта). «Некаторыя аднакласнікі звяртаюцца да мяне, выкарыстоўваючы мянушку» (63,5 працэнта), «....могуць мяне штурхнуць ці ўдарыць» (58 працэнтаў).

— У булінгу шмат адценняў, — заўважае Наталля Грэбень. — Падлетак можа адчуваць агіду, пагардлівасць у адносінах да аднакласніка. Гэта іншая эмоцыя, але яна — таксама праява булінгу. А вось выкарыстанне мянушкі можа быць і не абразай, а толькі элементам субкультуры: усё залежыць ад таго, як ставіцца да яе падлетак, ці выклікае яна ў яго эмацыянальныя перажыванні.

pixabay.com

Маўклівыя сведкі

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія НЕКРАШ падзялілася адным з прыёмаў, які яна выкарыстоўвае ў рабоце са сваімі вучнямі. Прызналася, што калі ўзяла класнае кіраўніцтва, то сама непасрэдна на практыцы сутыкнулася з булінгам:

— Я прыношу на класную гадзіну кошык з яблыкамі. Іх роўна столькі, колькі вучняў у класе, плюс адзін «зверху». Выбіраю адвольна яблык, прапаную дзецям знайсці ў ім недахопы (ты занадта кіслы, не маеш водару, у цябе шмат плямак і гэтак далей) і сказаць яму пра гэта. Можна не толькі сказаць, але і тыцнуць алоўкам ці сціснуць. Пасля таго як яблык вяртаецца да мяне, кладу яго ў кошык. Дзякую вучням за гульню і частую іх садавіной з каша, даючы магчымасць самім выбіраць. Практыка паказвае, што «паранены» яблык застаецца апошнім (усе яго ігнаруюць), і гэта служыць асновай для далейшых размоў на тэму булінгу. А калі б на месцы яблыка апынуўся чалавек? Між іншым, булінг у гэтай сітуацыі фактычна запусціў настаўнік. Але мала хто з дзяцей адмаўляецца «пакрыўдзіць» таго, хто нічога дрэннага табе не зрабіў. Усе або ўдзельнічаюць у цкаванні, або з'яўляюцца маўклівымі сведкамі...

«Трэба перастаць казаць пра булінг як пра анамальныя адзінкавыя выпадкі. Цкаванне — вельмі распаўсюджаная з'ява ў школе, проста многія замоўчваюць гэтую праблему, — кажа настаўніца. — Па ацэнках еўрапейскіх даследчыкаў, у ролі ахвяр цкаванняў у розныя перыяды свайго жыцця пабывалі 50 працэнтаў дзяцей, а 10—15 працэнтаў школьнікаў знаходзяцца ў гэтай сітуацыі ў дадзены момант. Кожны дзень яны ідуць у школу як на пакаранне. А мы хочам іх чамусьці навучыць у той час, як яны занятыя выжываннем. Часцей за ўсё, калі даводзіцца ўсё ж такі неяк рэагаваць на факты булінгу, мы шукаем вінаватага, рыхтуем справаздачу аб прынятых мерах (як і каго пакаралі) і... закрываем пытанне. Наша грамадства вельмі талерантнае да цкавання...»

Дарэчы, як вы думаеце, хто ведае больш за ўсіх у школе пра тое, што кагосьці з дзяцей цкуюць? Гэта тэхнічныя работнікі: яны бачаць дзяцей па-за ўрокамі, у сталовай, гардэробе, на калідорах і гэтак далей, але педагогі рэдка цікавяцца іх меркаваннем.

Новыя лідары

— Калі школьнік, якога цкуюць, шукае дапамогі ў настаўніка, гэта можна лічыць вялікай удачай, таму што дзеці не схільныя звяртацца па дапамогу да дарослых, рызыкаваць сваім аўтарытэтам — ты быццам бы распісваешся ва ўласнай бездапаможнасці, — падкрэслівае кіраўнік Гарадскога навуковага таварыства навучэнцаў на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Аляксандр СЦЕПУЛЁНАК. — Але, на жаль, настаўнікі часта самі не ведаюць, як выйсці з сітуацыі. А дзеці, як правіла, транслююць у школьным калектыве тыя мадэлі паводзін, што ёсць у іх сям'і. Шмат залежыць ад стылю выхавання: аўтарытарны ён ці дэмакратычны? Заўважана, што часта аб'ектамі цкавання становяцца хлопчыкі, маці якіх праяўляюць гіперапеку, і дзяўчаты, у якіх, наадварот, халодныя адносіны з маці. Калі бацька ў сям'і — агрэсар, дзеці паўтараюць яго ролю ў школе. Сацыяльная няроўнасць таксама, на жаль, мае месца і з'яўляецца прычынай цкавання.

Аляксандр Сцепулёнак расказаў, што існуюць мабільныя праграмы, накіраваныя на папярэджванне булінгу. Адна з самых вядомых і адзначаных узнагародамі — ReThіnk. Гэта інавацыйная, ненадакучлівая, запатэнтаваная тэхналогія, якая эфектыўна выяўляе і спыняе нянавісць у інтэрнэце, перш чым будзе нанесена шкода. Замяніўшы сабой клавіятуру на мабільнай прыладзе, ReThіnk «прысутнічае» ва ўсіх дадатках (ад тэкставых праграм і пошты да месенджараў і сацыяльных сетак) для выяўлення там абразлівых паведамленняў у рэжыме рэальнага часу. Фактычна гэты дадатак дапамагае ўтаймаваць імпульсіўныя паводзіны падлеткаў і страхуе ўладальніка гаджэта ад учынку, пра які ён можа пазней пашкадаваць. Калі хтосьці пачынае пісаць штосьці абразлівае (а ў праграме ўтрымліваеца «архіў» усялякіх абраз), на экране з'яўляецца акенца з прапановай «Пачакай! Ты ўпэўнены, што хочаш адправіць гэта паведамленне?» Як паказала даследаванне, больш як 93 працэнты аўтараў спыняюцца на этапе мадэрацыі.

Распрацавала мабільную праграму 13-гадовая Трыша Прабху (сёння вынаходніца і сацыяльны прадпрымальнік ужо навучаецца ў Гарвардскім каледжы). Як і многія сучасныя маладыя людзі, Трыша таксама стала ахвярай кіберзапужвання. А калі яна прачытала ў СМІ трагічную гісторыю маладой дзяўчыны, якая загінула ў выніку самагубства пасля кіберздзекаў, узялася за справу — пачала шукаць эфектыўнае папераджальнае вырашэнне праблемы анлайн-нянавісці. Так з'явілася мабільная праграма ReThіnk, якая ахапіла 5,5 мільёна навучэнцаў з 1,5 тысячы школ па ўсім свеце. Яе спампавалі больш як 500 тысяч разоў. Зараз праграма даступная на шасці мовах, але, на жаль, рускай мовы пакуль няма. Аляксандр Сцепулёнак прапануе стварыць каманду, каб зрабіць яе рускамоўную версію.

Трыша Прабху распрацавала адну з самых вядомых мабільных праграм супраць кібербулінгу ReThink.Фота: trishaprabhu.com

Сёння ReThіnk — больш, чым проста тэхналагічны прадукт. Гэта рух, заклік да дзеяння, штуршок да спынення нянавісці ў інтэрнэце і выхавання адказных лічбавых грамадзян. А Трыша Прабху з'яўляецца паслом руху супраць запужвання ў сеціве і правяла больш як 50 выступленняў у 30 гарадах.

Дарэчы, амерыканскі часопіс Tіme, які штогод абірае «Чалавека года», у 2020-м стварыў новую катэгорыю «Дзіця года». У агульнай складанасці за гэта званне змагаліся больш за пяць тысяч прэтэндэнтаў, з якіх адабралі пяць фіналістаў, а перамагла 15-гадовая даследчыца ў сферы высокіх тэхналогій Гітанджалі Раа са штата Каларада. Гэтага гонару дзяўчына ўдастоілася за ўменне прымяняць інавацыйныя навуковыя ідэі ў вырашэнні рэальных праблем і матывацыю іншых падлеткаў. У прыватнасці, Гітанджалі стварыла браўзернае пашырэнне Kіndly, здольнае распазнаць цкаванне ў інтэрнэце, а таксама тэхналогію выяўлення свінцу ў пітной вадзе. На думку Tіme, намінацыя «Дзіця года» павінна служыць «барометрам для ацэньвання новых лідараў самага маладога пакалення Амерыкі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.