Вы тут

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей правёў асабісты прыём грамадзян


Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей правёў асабісты прыём грамадзян. На сустрэчу з кіраўніком рэгіёна запісаліся дзесяць жыхароў вобласці, тры пытанні, якія хвалявалі людзей, былі вырашаны яшчэ да прыёму.


З просьбай выдзеліць дадатковы ўчастак для вядзення фермерскай гаспадаркі звярнуўся жыхар Буда-Кашалёўскага раёна Дзмітрый Ананьеў. Фермер ужо мае зямельны ўчастак у 15 гектараў, але просіць павялічыць плошчы. Кажа, што плануе займацца жывёлагадоўляй і вырошчваць гародніну. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што рашэнне па гэтым пытанні будзе вызначана на месцы і пасля ацэнкі сітуацыі. Губернатар на наступным тыдні плануе асабіста выехаць у раён і азнаёміцца з работай фермерскай гаспадаркі і бізнес-планам прадпрымальніка. Але папярэдзіў, што зямля будзе выдавацца пад канкрэтныя і рэальныя ў ажыццяўленні праекты.

— Некаторыя фермеры бяруць зямлю ў арэнду і перадаюць пасля ў субарэнду, цану пытання я ведаю, і такога быць не павінна, — падкрэсліў Генадзь Салавей.

Жыхарка Чачэрскага раёна звярнулася да старшыні аблвыканкама адразу з некалькімі пытаннямі: нязручны графік школьнага аўтобуса (праблему вырашылі падчас прыёму), выдзяленне зямлі для прысядзібнай гаспадаркі і атрыманне паслуг аховы здароўя. Паводле слоў жанчыны, часам складана запісацца і трапіць на прыём да доктара ў райбальніцы. Генадзь Салавей даручыў вывучыць сітуацыю з даступнасцю паслуг установы аховы здароўя. Таксама на месцы разгледзяць пытанне аб выдзяленні пустога ўчастка зямлі яе сям'і.

Са сваей праблемай звярнулася жыхарка Гомельскага раёна, якая пражывае разам з сынам — інвалідам першай групы. Ён валодае 1/4 долі кватэры ў пасёлку Янтарны, у якой цяпер ніхто не жыве, распавяла заяўніца. Ёсць намер прадаць маёмасць, але існуюць абмежаванні. На прыёме жанчыне растлумачылі, што паколькі ў кватэры прапісаны чалавек з інваліднасцю, і пасля ён застанецца без уласнай жылплошчы, здзелка забаронена.

З цікавай прапановай на прыём да губернатара прыйшоў старшыня маладзёжнага жыллёвага комплексу «Сонечны» Уладзімір Макараў. Яго ідэя — сфарміраваць па такім жа прынцыпе новыя комплексы ў абласным цэнтры. Гамяльчанін звярнуў увагу, што «Сонечны» больш за трыццаць гадоў таму ўспрымалі як сацыяльны эксперымент. Яго ўдзельнікі стварылі калектыў да засялення, разам вырашалі, якое будзе іх жыллё. Як вынік — у некаторых кватэрах у дамах комплексу з'явіліся індывідуальныя планіроўкі, падземная паркоўка, сацыяльна значныя аб'екты на першых паверхах.

— Па многіх параметрах мы былі аднымі з першых у краіне. Галоўная асаблівасць комплексу ў тым, што людзі самі могуць уплываць на стварэнне камфортнага асяроддзя для сябе і сваіх блізкіх, — адзначыў старшыня ЖК «Сонечны». Не так даўно мясцовыя жыхары наладзілі ў сваім парку сістэму святлозабеспячэння, якая зараджаецца ад сонца. У комплексе добрая нараджальнасць, а ў дзяцей — узорная паспяховасць, распавёў аб ЖК Уладзімір Макараў і папрасіў падтрымкі ўладаў у арганізацыі міжнароднага семінара з удзелам прадстаўнікоў Расіі і Украіны ў гонар 50-годдзя руху маладзёжных жыллёвых комплексаў.

Старшыня аблвыканкама лічыць, што карысны вопыт ЖК варта вывучыць і затым па магчымасці ўкараняць пры ўзвядзенні новабудоўляў. У тым ліку падобная практыка магла б вырашыць праблему комплекснага добраўпарадкавання дваровых тэрыторый.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Карысныя прапановы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.