Вы тут

Нанаалмазы і антымікробная тэрапія, ці Тарты з пункту гледжання фізікі


Менавіта такія першыя два кірункі дзейнасці на сваім прафесійным шляху абрала для сябе малады навуковец Анастасія ТАБОЛІЧ — аспірантка фізічнага факультэта БДУ. 25-гадовая дзяўчына 2,5 года працуе малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце фізікі Нацыянальнай акадэміі навук. Наша гераіня ўпэўнена, што яе будучыня будзе дакладна звязаная з тым, што захапляе цяпер, а менавіта з навукай і творчасцю. Аб гэтым яна шчыра расказала ў гутарцы з карэспандэнтам «Чырвонкі. Чырвонай змены».


— У школьныя гады не магла ўявіць, што калісьці буду праводзіць свой час за навуковымі работамі, даследаваннямі, мяне больш прыцягвала творчасць, актыўныя віды спорту, — я прафесійна займалася футболам. Паралельна распрацоўвала дызайн адзення і вывучала мову фарсі (персідскую) пры пасольстве Ірана. Але аднойчы на ўроку геаграфіі нам прапанавалі паўдзельнічаць у алімпіядзе па астраноміі. Падумала, чаму б і не? Заняла першае месца на гарадскім этапе, з'явіўся азарт, таму прадоўжыла далей займацца гэтым. Удзельнічала ў розных конкурсах, канферэнцыях і мерапрыемствах. Напрыклад, у конкурсе «Адысей, я і космас». Ён праводзіўся ў Прэзідыуме Акадэміі навук, больш за шэсць гадзін мы слухалі даклады ўдзельнікаў, гэта было вельмі захапляльна. Маю работу высока ацанілі і прапанавалі выступіць на міжнародным узроўні. Яе пераклалі на англійскую мову і адправілі ў Брусель на ацэнку экспертаў, якія працавалі ў вядучых універсітэтах Еўропы. Калі надышоў час паступлення, даведалася, што работу ацанілі як адну з найлепшых сярод усіх прадстаўнікоў СНД, гэта было вельмі нечакана і прыемна. Калі прыйшоў час паступаць, падала дакументы на інжынера-дызайнера ў БНТУ, аднак у апошні момант перадумала і паступіла на фізічны факультэт БДУ. Аб гэтым ніколькі не пашкадавала.

Анастасія прызналася, што першы год вучобы быў напружаны: амаль уся група студэнтаў складалася з алімпіяднікаў, і таму часам схапіць усё на ляту было няпроста. «Але аднагрупнікі былі выдатныя!», — дадае яна.

— Адразу ведала, на якую кафедру хачу трапіць, — лазернай фізікі. Мой дзядуля займаўся даследаваннямі лазераў, вывучаў магнітныя ўласцівасці, таму асабісты шлях быў вызначаны. З таго моманту пачаўся час навуковых эксперыментаў і адкрыццяў. Спачатку з кіраўніком займаліся лазернымі тэхналогіямі, глядзелі, як насычаецца кроў кіслародам пры ўздзеянні выпраменьвання. Гэта было вельмі цікава. Уздзейнічалі не толькі лазерам на пэўныя зоны, але і магнітам, які таксама вядомы сваімі ўласцівасцямі ўплываць на кроў, каб зняць боль. Потым пачала займацца нанаалмазамі, або ўльтрадысперснымі алмазамі.

Гэта адходы ваеннай прамысловасці, якія атрымліваюцца пры ўтылізацыі боепрыпасаў шляхам выбуху. Іх можна выкарыстоўваць, бо яны не вызначаюцца канцэрагеннымі ці мутагеннымі ўласцівасцямі, іншымі словамі, нетаксічныя. Іх прымяняюць у тэхніцы, у прыватнасці, гальваніцы, змазачных матэрыялах, абразіўных інструментах, а таксама ў сістэмах магнітнага запісу. У практычным выкарыстанні ўльтрадысперсныя алмазы застаюцца аднымі з найбольш перспектыўных. Гэта абумоўліваецца адносна нізкім коштам і маштабнасцю вытворчасці ў спалучэнні з іх выдатнымі фізічнымі характарыстыкамі: малы памер і вялікая актыўная паверхня часціц, патэнцыяльная магчымасць кіравання яе функцыянальным складам. «Ужо цяпер у абсяг маіх навуковых інтарэсаў уваходзіць распрацоўка лазернай антымікробнай тэрапіі. Яна прымяняецца ў стаматалогіі, пры лячэнні хвароб поласці рота, страўніка, анкалогіі і іншых захворванняў», — дадала Насця.

На сёння адной з найбольш сур'ёзных пагроз для здароўя чалавецтва і харчовай бяспекі Сусветная арганізацыя аховы здароўя называе ўстойлівасць хваробатворных мікраарганізмаў да антыбіётыкаў. Эксперты канстатуюць: калі не прыняць неадкладныя меры, на нас пачне насоўвацца постантыбіятычная эра, калі распаўсюджаныя інфекцыі і нязначныя траўмы зноў могуць стаць смяротнымі. Даследчыкі і ўрачы практычнай медыцыны актыўна ўключыліся ў пошук сродкаў, якія дазваляюць прадухіліць такую пагрозу. Свой арыгінальны спосаб барацьбы з хваробатворнымі мікраарганізмамі — уздзейнічаць на патагенную флору выпраменьваннем святла бачнай зоны спектра — і прапаноўваюць сёння навукоўцы.

— Як працуе лазерная тэрапія ў тэорыі: трэба выпіць таблетку, пачакаць — і спецыяльны прыбор выявіць, дзе назапасіліся бактэрыі, якія выклікаюць паражэнні. Мы разглядаем асноўныя штамы бактэрый стафілакока, бактэрыі страўнікава-кішачнага тракта і грыбковыя паражэнні. Чаму кажу «ў тэорыі», таму што спачатку трэба закончыць эксперыментальную частку, — зараз мы працуем з прабіркамі, пасля можна будзе праводзіць выпрабаванні на жывёлах, а яшчэ пазней — намагацца ўводзіць доказную базу ў клінічнай практыцы, гэта значыць, на людзях. У мяне яшчэ тры-чатыры гады сыдзе на даследаванне, планую абараніць кандыдацкую дысертацыю па дадзенай тэме. І для мяне важна, каб гэта не завісла ў паветры, а каб быў канкрэтны прадукт, які мы зможам прымяніць на практыцы.

Анастасія ўваходзіць у Савет маладых навукоўцаў свайго ўніверсітэта. Супольнасць займаецца тым, што арганізоўвае мерапрыемствы, звязаныя з навуковай дзейнасцю, цікавыя сустрэчы, трэнінгі на розныя тэмы: як удала прэзентаваць свае ідэі, развіць камунікатыўныя навыкі, наладзіць кантакт з міжнароднымі навукоўцамі... «Я цесна камунікую са студэнтамі і заўважаю, што цяпер яны сталі ўключацца ў навуковую дзейнасць адразу, з першага курса, сталі больш творчыя, хочуць прыкладаць максімум сваіх ведаў для дасягнення канкрэтных мэт. Гэта вельмі крута. Раней, калі разглядаць рэспубліканскія конкурсы навуковых работ, іх аўтарамі былі пераважна выпускнікі, а цяпер шмат першакурснікаў», — падзялілася назіраннямі дзяўчына.

Але навука — не адзінае захапленне суразмоўніцы. Зусім нядаўна яна адкрыла для сябе... кандытарскае мастацтва, і аказалася, што і там усё падпарадкоўваецца законам фізікі!

— Усё пачалося з таго, што ў Мінску праходзіў майстар-клас ад вядомага шэф-кухара па шакаладным дэкоры. І першае, што сказала кандытар: будзе складана, бо нас чакае практычны курс па крышталаграфіі, а яна стаіць побач з маёй любімай фізікай. Я ўсміхнулася, а майстар распавяла простай мовай тое, што нам на фізічным факультэце даводзілі пры дапамозе складаных матэматычных формул. З таго часу яшчэ раз упэўнілася, што гэтая навука — усюды. Цяпер, калі раблю тарты, заўсёды думаю, ці правільна зрабіла ўсё з пункту гледжання фізікі. Лічу, што гэта мне дапамагае.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з уласнага архіва гераін

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.