Вы тут

Як у Бабруйску выхоўваюць сапраўдных патрыётаў


«Бабруйск з'яўляецца адной з адукацыйных пляцовак, дзе на вельмі высокім узроўні пастаўлена і дашкольная, і сярэдняя, і сярэдняя спецыяльная адукацыя», — менавіта так выказаўся пра сістэму адукацыі горада на Бярэзіне дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, пад кіраўніцтвам якога тут нядаўна прайшло выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. Дэпутаты наведалі яслі — дзіцячы сад № 84 і школу № 34, якія адкрыліся зусім нядаўна. Па сутнасці, гэта своеасаблівыя эталоны сярод навучальных устаноў, што адпавядаюць усім патрабаванням.


Фота: bobrlife.by

Тут дзеці не сумуюць

У канцы мінулага года ў Сёмым мікрараёне Бабруйска адкрыліся сучасныя яслі — дзіцячы садок на 240 месцаў. Аб'ект звяртае на сябе ўвагу яшчэ знадворку. Вабяць пляцоўкі з яркім гульнявым і спартыўным абсталяваннем, прыгожыя альтанкі. У трохпавярховым корпусе казка працягваецца. Навучэнцы Бабруйскага мастацкага каледжа імя А. Ларына дапамаглі аформіць сцены ўстановы ў беларускіх матывах. Створаны добрыя ўмовы для выхавання гарманічнай ва ўсіх адносінах асобы. Ёсць гімнастычная, спартыўная, музычная залы, нават басейн: вялікі, светлы, прасторны, са спецыяльным пад'ёмнікам для дзяцей з праблемамі апорна-рухальнага апарату. Пра такі дзіцячы садок для свайго малога марыць кожная маці.

— У нас выхоўваюцца дзеткі з двух гадоў да шасці, — удакладняе загадчыца ясляў — дзіцячага сада № 84 Таццяна Арцюшэня. — І ўсім тут камфортна.

Дэпутатаў дзеці сустракалі караваем, дэкламавалі ім вершы на беларускай мове. Потым дарослыя паказалі ўсю тутэйшую прыгажосць: утульныя групы для дзяцей, медыцынскі блок, суперсучасны харчовы блок з поўным наборам перадавога абсталявання: параканвектаматам, слайсерам, электраплітамі апошняга пакалення, электрапатэльняй, вялікім міксерам, якім можна хутка ўзбіць пюрэ.

Пакой для бяспекі — асаблівы гонар: абсталяваць яго дапамаглі супрацоўнікі МНС. Шафа — у выглядзе пажарнай машыны, ёсць нават спецадзенне для юных ратавальнікаў. Для прагляду карыснага матэрыялу ўстаноўлены спецыяльны экран. Ратавальнікі дэманструюць дзецям фільмы і слайды на тэму бяспекі. І робяць гэта нясумна. Таццяна Іванаўна адзначае, што пасля іх садка такія пакоі сталі з'яўляцца і ў іншых дашкольных установах, бо карысць ад іх сапраўды вялікая.

— Наша ўстанова своеасаблівая: з 240 дзяцей 211 — са шматдзетных сем'яў, — удакладняе Таццяна Арцюшэня. — І сярод персаналу многа шматдзетных мам. Працаваць з імі вельмі лёгка. Яны разумеюць адказнасць і ўлічваюць інтарэсы ўстановы.

Дарэчы, з верасня на базе садка будзе працаваць група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Запрашаем у лега-клас

Школа № 34, дзе таксама пабывалі дэпутаты, — адна з інавацыйных, пабудавана ўсяго два з паловай года назад. У класах — інтэрактыўныя дошкі, мультыборды. У вучняў — электронныя дзённікі і асабістыя карткі.

— Наша ўстанова ўнікальная, — кажа дырэктар Ірына Матузава. — Тут вельмі добрая як вучэбная, так і спартыўная база. Класы абсталяваны ўсім неабходным, для першакласнікаў ёсць клас лега. Дзеці выкладваюць дэталі пэўнага колеру і такім чынам асвойваюць лік, чытанне. У маленькіх пераважае гульнявая дзейнасць, і канструктар дапамагае адаптавацца.

А яшчэ ў школе ёсць факультатыў па скрэтч-праграмаванні, які наведваюць дзеці пачынаючы з другога класа, і па робатапраграмаванні, дзе вучні з 3-4 класа вучацца праграмаваць аўтаматычныя прыстасаванні. Вельмі развіты экалагічны кірунак. Дзеці, у якіх да гэтага схільнасці, пачынаючы з чацвёртага класа наведваюць экацэнтр. У школе моцная спартыўная база, тут ёсць усё: ад скаладрома да суперсучасных залаў, аснашчаных спартыўным інвентаром і трэнажорамі. А яшчэ — 25-метровы басейн невялікай ёмістасці, дзе плаваюць малыя. Нядзіўна, што ў школе ёсць нават клас па плаванні. Так дзяцей матывуюць далучацца да алімпійскага руху. Для творчых асоб таксама ёсць умовы. Напрыклад, можна займацца харэаграфіяй або маляваннем. Магчымасцяў развіваць сябе шмат, і дзецям прасцей зрабіць правільны выбар.

Аляксандр Студнеў, старшыня Бабруйскага гарвыканкама:

— Мы ствараем усе ўмовы, каб вырасціць сапраўдных патрыётаў нашай краіны: разумных, моцных, творчых, якія любяць сваю Радзіму. Летась педагогамі і навучэнцамі ўстаноў адукацыі ў розных конкурсах, турнірах і алімпіядах заваявана больш чым 900 дыпломаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў сталі восем бабруйчан. Падчас цэнтралізаванага тэсціравання бабруйскія школьнікі атрымалі пяць 100-бальных сертыфікатаў па беларускай і англійскай мовах, грамадазнаўстве і гісторыі Беларусі. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы горада заваявалі чатыры дыпломы — 45 % ад агульнай колькасці. Другі год у школах і гімназіях паспяхова рэалізоўваецца інфармацыйна-адукацыйны праект «Школа актыўнага грамадзяніна». Ва ўстановах адукацыі сфарміравана больш чым 250 дзіцячых маладзёжных аб'яднанняў з агульнай колькасцю звыш 20 тысяч падлеткаў. Актывісты маладзёжнага руху — штогадовыя пераможцы конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку такіх прэстыжных у краіне, як «100 ідэй для Беларусі», «Junіor Skіlls Belarus». У горадзе існуе болей чым 20 устаноў адукацыі, дзе каля 60 % навучэнцаў вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні. На базе 12 устаноў адукацыі, у тым ліку дашкольных, рэалізоўваюцца інавацыйныя і эксперыментальныя праекты. Адкрыты 12 класаў прафесійнай накіраванасці: 4 педагагічныя і 8 па атрыманні спецыяльнасцяў па гарантаванні нацбяспекі краіны і іншых. Для 45 % школьнікаў арганізавана вывучэнне працоўнага навучання па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.