Вы тут

У аграгарадку Прылукі адбылося выяздное пасяджэнне


Падчас выязнога пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні разгарнулася дыскусія вакол новай рэдакцыі дзеючага закона «Аб геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці». Таксама было абмеркавана пытанне аб новых падыходах у рабоце са старымі і пустымі дамамі з улікам Указа Прэзідэнта «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі».


З космасу відаць лепш

Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні камісіі Міхаіла Русага ў аграгарадку Прылукі Мінскага раёна на базе дзяржаўнага прадпрыемства «БелПСХАГІ». Гэта прадпрыемства ўваходзіць у структуру Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. У краіне яно безумоўны лідар у выкананні аэраздымачных работ, апрацоўцы лічбавых аэрафотаздымкаў, выканаўца комплексных праектаў па землеўпарадкаванні, геадэзічным і картаграфічным забеспячэнні праектных і будаўнічых работ. Прадпрыемства мае сучаснае абсталяванне, тут працуюць кваліфікаваныя спецыялісты.

Але іх дзейнасць магла б быць больш эфектыўнай і выніковай, а значыць, і больш карыснай для эканомікі краіны. Як расказаў намеснік старшыні Дзяржкамітэта Мікалай Бабёр, за апошнія гады назіраецца істотны прарыў у развіцці тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў геадэзіі і картаграфіі. Наспеў час прывесці гэтыя змены ў адпаведнасць з нормамі заканадаўства. Напрыклад, развіццё спадарожнікавай сістэмы дакладнага пазіцыянавання не адлюстравана ў законе. А трэба. Увогуле, апошнія змены былі ўнесены яшчэ ў 2008 годзе.

Аб неабходнасці актуалізацыі і ўдасканалення палажэнняў закона выказваліся ўсе спецыялісты, якія маюць дачыненне да геадэзіі і картаграфіі.

Міхаіл Русы актыўна падтрымаў прапановы аб зменах у гэтым законе. Больш за тое, сенатар ініцыяваў запрашэнне да ўдзелу ў пасяджэнні камісіі кіраўнікоў шэрагу міністэрстваў і ведамстваў. У зале таксама прысутнічала і група рэктараў, прарэктараў і дэканаў ВНУ краіны.

Больш яснасці з пустымі дамамі

А вось да размовы па другім актуальным зямельным пытанні былі запрошаны старшыні абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, некаторых райсаветаў дэпутатаў. І невыпадкова. Разглядалася па-ранейшаму злабадзённая праблема — лёс кінутых, пустых і аварыйных дамоў. Любы старшыня сельсавета вам скажа, што пытанне кінутых дамоў не з прыемных, абавязкова паведаміць пра клопаты і галаўны боль, якое яно выклікае. Цяпер ёсць упэўненасць у тым, што новыя падыходы ў справе адчужэння жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленне работы з пустымі дамамі дапамогуць у рэгіёнах вырашаць гэтыя праблемы хутчэй, а часам — яшчэ і на стадыі іх узнікнення.

Больш падрабязна пра новаўвядзенні ў гэтай сферы расказала намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Кацярына Лук'янава. Паводле яе слоў, вышэйзгаданы ўказ рэгулюе два блокі важных пытанняў.

Першы датычыцца сельскай мясцовасці і гарадоў раённага падпарадкавання. Цяпер там значна спрошчаны парадак адчужэння і продажу жылых дамоў, якія былі пабудаваны да 8 мая 2003 года. У асобных сітуацыях такія дамы могуць адчужацца нават і без наяўнасці адпаведных дакументаў. Ва ўласнасць дом пераходзіць з моманту заключэння дагавора куплі-продажу і заняцця зямельнага ўчастка. Новы гаспадар можа без абавязковай рэгістрацыі на працягу года займацца капітальным рамонтам дома, які ён набыў у перадаварыйным стане, апрацоўваць зямельны ўчастак, а дакументы аформіць пасля рэканструкцыі. Але, згодна з указам, прадаць дом па спрошчанай схеме дазваляецца толькі адзін раз.

Другі блок пытанняў звязаны з пустымі дамамі. Зараз, па звестках Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, у краіне прыкладна сем тысяч пустых дамоў. Асабліва іх шмат у Гомельскай вобласці, крыху менш у астатніх рэгіёнах, але таксама дастаткова. Што рабіць з гэтай непрывабнай нерухомасцю? Сёння рэалізоўваецца адзіны падыход да так званых кінутых дамоў, спрошчаны механізм прызнання іх пустымі ці аварыйнымі. Выканкамы ў пэўных выпадках могуць зніжаць цэны на такія дамы ажно да адной базавай велічыні.

Цікавы момант. Сёння з'явілася магчымасць набыць грамадзяніну пусты дом з растэрміноўкай на тры гады, але толькі пры ўмове, што нерухомасць выстаўлена на продаж органам мясцовай улады. Таксама спрашчаецца працэдура зносу зусім трухлявых пабудоў, якія вось-вось абваляцца. Прычым гэта датычыцца і двухпавярховых аварыйных дамоў, што раней не віталася.

Прадугледжаны парадак дзеянняў выканкамаў па выяўленні кінутых дамоў і ўключэнні іх у Адзіны рэестр пустых дамоў. Ён пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2023 года і будзе ўяўляць сабой адкрытую адзіную базу даных. Там будзе акумулявацца і рэгулярна аднаўляцца інфармацыя па кожным такім аб'екце: месцазнаходжанне, фізічны стан ці ступень зношанасці, іншыя характарыстыкі. Кожны ахвотны можа пацікавіцца рэестрам у інтэрнеце.

Вядома, новыя падыходы дапамогуць мясцовым уладам вырашаць пытанні ў прававым полі з такімі дамамі, але ў той жа час дададуць дадатковых клопатаў. Аднак бясспрэчны плюс у тым, што сёння з'явілася больш яснасці і варыянтаў работы з пустымі дамамі. Ды пры гэтым кожны канкрэтны выпадак прыйдзецца разглядаць індывідуальна.

Леанід ЛАХМАНЕНКА,

Мінскі раён

Загаловак у газеце: Зямля і закон

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.