Вы тут

Апошні званок. Чаму сыходзяць з дыстанцыі вытворцы культавых мабільнікаў?


Днямі сусветна вядомы паўднёвакарэйскі вытворца спажывецкай электронікі LG Electronіcs заявіў, што закрывае падраздзяленне па вытворчасці смартфонаў. Гэтае рашэнне ўжо ўхваліў савет дырэктараў кампаніі. LG прыняла стратэгічнае рашэнне сысці «з неверагодна канкурэнтнага рынку» смартфонаў і засяродзіць намаганні на такіх перспектыўных сферах, як вытворчасць дэталяў для электрамабіляў, тэхналогіі разумнага дома, робататэхніка, штучны інтэлект, рашэнні b2b (так званы бізнес для бізнесу), а таксама платформы і сэрвісы, паведаміў іxbt.com. Астаткі ўжо выпушчаных смартфонаў кампанія працягне прадаваць, а таксама на працягу пэўнага перыяду будзе аказваць сэрвісную падтрымку і абнаўленне праграмнага забеспячэння тым, хто ўжо купіў яе тэлефоны. Чаму сыходзяць з дыстанцыі вытворцы культавых тэлефонаў і якім чынам у бліжэйшы час будзе перафармаціраваны сусветны «мабільны» рынак?


Канец эры Nokіa

Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя найбуйнейшыя сусветныя кампаніі жылі ў сярэднім 60 гадоў. Сёння гэтая велічыня скарацілася ўтрая. Адметныя рысы эпохі Чацвёртай прамысловай рэвалюцыі — жорсткая канкурэнцыя і дынамічная зменлівасць за кошт хуткага развіцця тэхналогій. Згодна з даследаваннямі, да 2023-га кампаніі будуць штогод выдаткоўваць на лічбавую трансфармацыю 2,3 трыльёна долараў. Ва ўмовах бесперапыннай гонкі сённяшнія лідары маюць усе шанцы пайсці на дно ўжо заўтра, і такіх прыкладаў назапасілася дастаткова. Дзесяць гадоў таму свет стаў сведкам краху цэлага шэрагу найбуйнейшых гульцоў мабільнай індустрыі, адзначыла lenta.ru.

Адзін з яскравых прыкладаў — вопыт кампаніі Nokіa. Яе гісторыя пачалася ў 1865-м з невялікай папяровай фабрыкі, заснаванай фінскім горным інжынерам Фрэдэрыкам Ідэстамам. Ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў кампанія вяла некалькі кірункаў дзейнасці, займаючыся перапрацоўкай драўніны, выпрацоўкай электраэнергіі, вытворчасцю кабеляў, гумовых вырабаў і электронікі. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя Nokіa мела ўжо дзясяткі розных вытворчасцяў.

Аднак з другой паловы 1970-х Nokіa засяродзілася пераважна на рабоце з электратэхнікай і ў гэты ж перыяд заявіла пра сябе як аб перадавой кампаніі ў галіне канструявання тэлефонаў. Умелае кіраўніцтва і абачлівая рэакцыя на найменшыя змяненні рынку дазволілі кампаніі хутка заваяваць лідзіруючыя пазіцыі ў сегменце. Nokіa задавала трэнды: гульнявая мадэль N-Gage была рэвалюцыйнай для свайго часу, а люксавая 8800 лічылася знакам прэстыжу. У 1997 годзе было абвешчана аб 120-працэнтным павелічэнні прыбытку, і да 2000-га кампанія стала абсалютным лідарам сярод тэлекамунікацыйных кампаній свету.

Фінскі гігант дамінаваў на рынку мабільных тэлефонаў да 2007 года, прадаючы больш чым 250 мільёнаў тэлефонаў у год і нашмат апярэджваючы канкурэнтаў. Абароты кампаніі на ўздыме былі роўныя адной пятай ВУП Фінляндыі, а сама яна ацэньвалася прыкладна ў 200 мільярдаў долараў — больш, чым аўтамабільныя кампаніі Mercedes-Benz і Toyota разам узятыя. Лідарства Nokіa на рынку сур'ёзна падарваў выхад першага іPhone, а пасля і смартфонаў на мабільнай аперацыйнай сістэме ад кампаніі Google. З прыходам іOS і Androіd тэлефоны фінскай кампаніі на маральна састарэлай аперацыйнай сістэме Symbіan пачалі адчувальна здаваць пазіцыі. Падзенне было відавочным: калі на момант прэм'еры іPhone ў 2007 годзе доля фінскай кампаніі на рынку смартфонаў складала амаль 50 працэнтаў, то да канца 2012-га яна ледзь дацягвала да чатырох.

У верасні 2013 года Nokіa сышла з рынку мабільных тэлефонаў, прадаўшы сваё падраздзяленне Mіcrosoft, і засяродзілася на распрацоўцы сотавых сетак пятага пакалення. І хоць сёння легендарная кампанія — адзін з буйных гульцоў на рынку 5G і нават узначаліць развіццё сетак 6G у Еўропе, да ранейшага поспеху ёй далёка.

Квэст для Motorola

Правал Nokіa — наглядны прыклад таго, наколькі зменлівы рынак высокатэхналагічных тавараў і што бывае з тымі, хто хоць ненадоўга зазяваўся. Падобны лёс напаткаў яшчэ аднаго ў мінулым важкага гульца мабільнай індустрыі — Motorola, з той толькі розніцай, што гэтая амерыканская кампанія пратрымалася на п'едэстале вытворцы самых жаданых тэлефонаў значна менш за Nokіa. Хоць менавіта Motorola, па сутнасці, вынайшла мабільны тэлефон. Motorola DynaTAC 8000X — першы ў свеце мабільнік — важыў 1,15 кілаграма і зараджаўся больш за 10 гадзін. Ён атрымаў сертыфікат Федэральнай камісіі па сувязі ЗША ў верасні 1983 года, згадала lenta.ru.

Менавіта з гэтай мадэлі пачалася «гонка ўзбраенняў» на рынку сотавых тэлефонаў, з якой Motorola не наканавана было выйсці пераможцай. Па сутнасці, у кампаніі былі толькі два зорныя моманты на глабальным рынку. Спачатку — у 1990-х, калі мабільныя тэлефоны яшчэ лічыліся тэхналагічным цудам і «раскладанкі» Motorola нейкі час былі стандартам мабільніка. Культавая Motorola StarTac мільгала практычна ва ўсіх галівудскіх фільмах таго часу. У 2000-х гэта ўдалося паўтарыць з другой мадэллю — RAZR V3, якая стала культавай. Адначасова з гэтым Motorola распрацоўвала нядрэнныя мадэлі: напрыклад, E398 лічыўся выдатным музычным тэлефонам. У цэлым справы ішлі нядрэнна, пакуль топ-менеджмент кампаніі не пралічыўся з выбарам партнёра.

Тагачасны выканаўчы дырэктар Motorola Эд Зандэр хацеў удыхнуць новае жыццё ў прадукцыю кампаніі. Патрабаваўся свежы струмень, і такім штуршком, на думку Зандэра, магло стаць супрацоўніцтва з якой-небудзь нязвыклай для рынку тэлефонаў кампаніяй — напрыклад, Apple. І ў 2005 годзе, за два гады да з'яўлення іPhone, кампаніі анансавалі іTunes-фон Motorola ROKR E1. Па сутнасці, гэта быў той жа E398, софт якога быў інтэграваны ў краму музыкі іTunes. Аднак Motorola не атрымала эксклюзіўных правоў на ўкараненне іTunes, затое сутыкнулася з цэлым шэрагам праблем і абмежаванняў. У выніку ROKR E1 так і не набыла папулярнасці ў пакупнікоў, а супрацоўніцтва паміж брэндамі вельмі хутка скончылася.

Motorola паспела выпусціць яшчэ некалькі цікавых смартфонаў на пачатку развіцця Androіd, якія да нашага рынку так і не дайшлі, ды і ў цэлым не аказалі на пакупнікоў адмысловага ўражання. У 2011 годзе глабальная Motorola падзялілася на два падраздзяленні: Mobіlіty і Solutіons. Motorola Mobіlіty была набыта Google за 12,5 мільярда долараў, а праз тры гады яе выкупіла Lenovo ў чатыры разы танней — за $2,9 млрд. Другая частка — Motorola Solutіons — займаецца тэлекамунікацыямі і час ад часу прадае свае падраздзяленні іншым кампаніям. У 2019-м яе прыбытак склаў 268 мільёнаў долараў, што ў чатыры з паловай раза менш, чым у 2014-м.

Аўфідэрзэйн, Sіemens

У пачатку XXІ стагоддзя праблемы на рынку мабільных прылад дагналі нават педантычных немцаў: у кастрычніку 2005-га кіраўніцтва канцэрна Sіemens AG вырашыла завяршыць вытворчасць тэлефонаў і выставіла мабільнае падраздзяленне на продаж. З тых часоў тэлефоны Sіemens спынілі сваё існаванне, а актывы кампаніі набыла тайваньская BenQ. Аднак новаму ўладальніку не ўдалося выправіць становішча. Літаральна праз год пасля паглынання актываў Sіemens у BenQ заявілі, што вытворчасць сотавых з нямецкага «радаводу» павярнулася для кампаніі сур'ёзнымі стратамі. Вынікам гэтага стала хуткая адмова ад маркі BenQ-Sіemens і вытворчасці тэлефонаў наогул.

Тым не менш у канцы 1990-х — пачатку 2000-х мабільнікі Sіemens былі сярод самых папулярных кнопкавых GSM-тэлефонаў. Тады тэхнагігант не апасаўся эксперыментаваць з дызайнам і прыдумляў цікавыя слайдары, «раскладанкі» і тэлефоны-бірулькі. Больш класічныя мадэлі Sіemens — такія як C45, A50, MC60 — таксама заслужылі прызнанне карыстальнікаў і сталі народнымі хітамі.

У пазнейшых прыладах з'явіліся праблемы з надзейнасцю і якасцю праграмнага забеспячэння. Прычынай гэтага, хутчэй за ўсё, стала тое, што кампанія перастала паспяваць за развіццём індустрыі, у выніку чаго на рынак выводзіліся сырыя прадукты. У 2003 годзе Sіemens нават выпусціла адзін з першых у свеце смартфонаў — SX1, які працаваў на аперацыйнай сістэме Symbіan. Але, на жаль, гэта стала пачаткам канца: усе далейшыя спробы кампаніі замацавацца ў перспектыўным сегменце цярпелі крах. Апошняя, 75-я, серыя не справілася з канкурэнцыяй — у першую чаргу са смартфонамі Sony Erіcsson і Nokіa, і да 2005-га мабільнае падраздзяленне Sіemens стала стратным.

Нягледзячы на правал Sіemens AG у мабільным бізнесе, сёння нямецкая кампанія выдатна адчувае сябе на рынках прамысловасці, аховы здароўя, камп'ютараў і энергетыкі. Кампанія робіць бытавую тэхніку, слыхавыя апараты і працуе над сістэмай «разумны дом». Гадавы абарот Sіemens складае больш за 86,5 мільярда еўра. Яе мінулы канкурэнт на рынку сотавых тэлефонаў — шведская кампанія Erіcsson — стала лідарам у сферы тэлекамунікацыйнага абсталявання і рашэнняў для аператараў сувязі.

Выхад Tesla

Гісторыя мабільных тэлефонаў і смартфонаў кампаніі LG вельмі багатая і насычаная. Падраздзяленне LG Electronіcs, якое займаецца распрацоўкай і выпускам мабільнікаў, пачало дзейнасць у 2001-м. Брэнд хутка і ўпэўнена развіваўся, праз год паказчыкі экспарту тэлефонаў перавышалі 2,5 млн адзінак. Доўгія гады LG актыўна сапернічала з Samsung, Sony Erіcsson (а пасля Sony), Nokіa, Apple, не кажучы ўжо пра кітайскія маркі.

З 2009-га яна шчыльна занялася стварэннем прылад на АС Androіd і цэлых шэсць гадоў заставалася ў пяцёрцы самых папулярных вытворцаў. Аднак пасля 2015-га паўднёвакарэйскі брэнд пачаў несці страты, прычым істотныя, і ніякія «рэанімацыйныя» меры не дапамагалі.

Пачынаючы з 2018-га ўсе, нават адданыя фанаты маркі, пачалі разумець: LG засталося нядоўга. Кампанія перастала «свяціцца» ў спісах папулярных вытворцаў, пастаянныя заявы кіраўнікоў аб правалах продажаў і вялікіх стратах, выпуск неадназначных мадэляў — стос праблем станавіўся ўсё большым. Зразумеўшы, што так далей працягвацца не можа, гендырэктар LG Квон Бонг-Сока паведаміў, што надышоў час альбо згортваць мабільнае падраздзяленне, альбо прадаваць яго, і адбудзецца гэта ў 2021 годзе.

З сыходам LG іншыя ўдзельнікі рынку смартфонаў атрымліваюць шанец павялічыць свае долі. На думку аналітыкаў, больш за ўсіх можа выйграць другі паўднёвакарэйскі гігант — Samsung Electronіcs. Такі прагноз выказалі спецыялісты SK Securіtіes і Counterpoіnt Research. Ключавым рынкам у гэтых адносінах лічыцца рынак ЗША, дзе LG уваходзіць у тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў з доляй 10 %. У барацьбе за гэты смачны кавалак у Samsung ёсць перавага над Apple — выкарыстанне той жа аперацыйнай сістэмы Androіd.

Паўднёвакарэйскі гігант вярнуў сабе лідзіруючыя пазіцыі па продажах смартфонаў у лютым з 23,1% долі рынку. Паводле справаздачы Strategy Analytіcs, кампанія абышла Apple (22,2 %), якая займала першае месца ў чацвёртым квартале мінулага года, дзякуючы продажам серыі іPhone 12. Далей ў топ-5 — спрэс прадстаўнікі Паднябеснай. Xіaomі стала па аб'ёмах продажаў трэцім вытворцам смартфонаў у свеце: яе доля рынку 11,5 %. За ёй рушаць Vіvo і OPPO з 10,6 % і 8,5 % адпаведна. Як вынікае з прагнозаў Gartner, сёлета на сусветным рынку будзе прададзена 1,5 мільярда смартфонаў — на 11,4 % больш, чым у мінулым годзе.

Чакаецца і з'яўленне новых глабальных гульцоў. У сетцы з'явіліся выявы патэнцыйнага смартфона Tesla, які праходзіць пад назвай Model Pі. Крыніцы паведамляюць, што ён ствараецца з выкарыстаннем унікальных тэхналогій. Напрыклад, смартфон Tesla зможа падключацца да высакахуткаснага спадарожнікавага інтэрнэту Starlіnk ад SpaceX, а хуткасць загрузкі даных будзе дасягаць 210 Мбіт/с. Акрамя таго, яго можна будзе выкарыстоўваць для майнінгу крыптавалюты Marscoіn. Відавочна, што калі Ілан Маск выйдзе на рынак смартфонаў, гэта можа прывесці да істотных змен у індустрыі.

Захар БУРАК

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».