Вы тут

Пошукавы клуб «Віккру» прэзентаваў 13-ы зборнік «Магілёўскі пошукавы веснік»


Штогод байцы Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» падводзяць вынікі не толькі сваіх палявых, але і даследчых работ. Найлепшыя з іх уваходзяць у адзіны ў краіне ваенна-гістарычны зборнік — «Магілёўскі пошукавы веснік», адзінае ў краіне падобнае выданне. Іх аўтары — пошукавікі, журналісты, гісторыкі або проста аматары гісторыі. Летась прэзентаваць зборнік перашкодзіла пандэмія. Гэтым разам традыцыю было вырашана не парушаць. Прэзентацыя адбылася ў сценах абласной бібліятэцы. Тут паклапаціліся падрыхтаваць выстаўку і музычна-літаратурную кампазіцыю на ваенную тэматыку.


— Мы заўсёды рады бачыць у сябе ў гасцях людзей, якія займаюцца такой важнай справай, — адзначыла намеснік дырэктара Магілёўскай абласной бібліятэкі Вольга Чумакова. — Гэта наша памяць, наша мінулае, якое нельга забываць. Усе зборнікі «Магілёўскага пошукавага весніка» ёсць у нашых фондах, яны карыстаюцца вялікім попытам у чытачоў.

У 13-м па ліку зборніку размешчана ўсё самае новае і цікавае, што датычыцца ваенных дзеянняў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, а таксама вынікі работы пошукавікаў, успаміны жыхароў. Матэрыялы падмацаваныя копіямі арыгінальных баявых дакументаў з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расіі. Успаміны відавочцаў, нямецкія аэрафотаздымкі, пошукавыя экспедыцыі, работа з электроннымі базамі даных і ў архівах — усё робіцца для таго, каб вярнуць з небыцця імя яшчэ хоць бы аднаго абаронцы і вызваліцеля.

— Найбольш цікавыя ў зборніку матэрыялы кандыдата гістарычных навук Барыса Сідарэнкі, якія датычацца рэформаў арміі ў другой палове ХІХ стагоддзя, — адзначае кіраўнік гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Згаданыя рэформы дагэтуль уплываюць на наша жыццё, а па некаторых з іх мы жывём і дагэтуль. Ужо не першы раз размяшчаем матэрыялы расійскага публіцыста Сяргея Мачынскага, які вельмі ўважліва ставіцца да пошукавай дзейнасці і піша кранальныя артыкулы на гэтую тэму. Не менш цікавыя матэрыялы расіяніна Рыгора Плахатнюка па 1941 годзе. Зборнік, дарэчы, цалкам прысвечаны 75-годдзю Перамогі. Хоць калі ёсць новыя, нязбітыя матэрыялы па Першай сусветнай вайне, 1812 года, Паўночнай вайне, мы іх таксама публікуем. Але тут зрабілі выключэнне.

Значнае месца ў чарговым выпуску «Магілёўскага пошукавага весніка» займаюць работы навучэнцаў, якія датычацца даследчай і пошукавай дзейнасці па тэме вайны. Прычым найлепшыя з іх, з вельмі цікавай фактурай. Усе яны — пераможцы розных конкурсаў.

— Як кіраўнік установы дадатковай адукацыі ганаруся, што ў зборніку ёсць работы юных пошукавікаў і краязнаўцаў, — адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога Цэнтра творчасці Сяргей Іваноў. — Каштоўна не тое, што яны ўзялі гэтыя звесткі з нейкіх там інфармацыйных крыніц, а тое, што яны самі былі на месцы раскопак або прысутнічалі пры перапахаванні. Калі дзеці такое бачаць і прапускаюць праз сябе, гэта зусім іншае. Гэта і ёсць той самы сапраўдны патрыятызм, які мы жадаем выхаваць у нашых нашчадкаў.

Адна з малавядомых старонак Вялікай Айчыннай вайны — штрафнікі. І не вельмі шмат у Беларусі гісторыкаў, якія працуюць над гэтай тэмай. У зборніку ёй прысвечаны артыкул члена савета гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Сяргея Бяспанскага.

— Гэта менавіта тыя штрафныя падраздзяленні, якія бралі ўдзел у вызваленні Магілёўшчыны, — адзначыў ён. — У маім дакладзе размова ідзе пра 11-ы штрафны батальён 10-й арміі, які ваяваў з восені 1943-га да красавіка 1944-га. Ён быў расфарміраваны, але памяць афіцэраў, якія загінулі, была ўвекавечана ў Чавускім раёне памятным знакам. Хацелася б яшчэ зрабіць помнік падраздзяленням Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў 1943—1944 гадах у вызваленні Магілёва.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Дзеля захавання памяці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.