Вы тут

Хутка на АНТ: «Раніца мудрэйшая за вечар»— новае шоў для ўсёй сям’і


17 красавіка ў 10:25 на тэлеканале АНТ чакаем прэм’еру — новую сямейную праграму для дзяцей і дарослых «Раніца мудрэйшая за вечар» («Утро вечера мудренее»). І пакуль каманда прафесіяналаў рыхтуецца да выхаду ў эфір, карэспандэнт сеткавага выдання ZVIAZDA.BY высвятляла падрабязнасці новага праекта і пагутарыла з яго рэжысёрам і вядучымі.


Існуе меркаванне, што Беларусь — маленькая краіна, пра якую ўсё даўно вядома. Творчая каманда дырэкцыі спецпраектаў АНТ з такім меркаваннем не згодна і вырашыла гэта даказаць на справе.

«У нашай краіне заўсёды можна знайсці неардынарных людзей, незвычайныя прыродныя з’явы або цікавыя падзеі, — распавядае рэжысёр праекта Ілля БАРАНАЎ. — У эфіры АНТ мы прапануем пляцоўку, дзе гледачы змогуць падзяліцца сваімі навінамі, задаць нестандартныя пытанні ці расказаць пра цікавых людзей, якія жывуць побач. А мы, у сваю чаргу, пастараемся паказаць гэта ў нашай праграме».

Дарэчы, пакінуць свае пытанні можна на сайце тэлеканала ont.by, дзе ўжо ёсць адпаведная старонка. «Наша мэта, — працягвае Ілля, — стварыць сямейную праграму, якую можна было б паглядзець людзям розных пакаленняў. Вельмі хацелася б, каб усё атрымалася і суботняй раніцай гледачы заставаліся разам з намі на тэлеканале АНТ».

Асобая ўвага ў канцэпцыі праграмы надаецца вядучым. Два абсалютна розных пакалення — дзед і яго ўнучка. Сімбіёз энцыклапедычных ведаў, якімі валодае сталае пакаленне, і карыстання новымі тэхналогіямі, за якое адказвае пакаленне малодшае. У кадры дзед і ўнучка абменьваюцца ведамі, спрабуюць штосьці новае і вучаць адно аднаго.

У ролі дзядулі вядомы беларускі акцёр Уладзімір Варанкоў. За яго плячыма каласальны вопыт работы на сцэне, тэлебачанні і ў кінематографе: мішка Топа з «Калыханкі», тэатр «Хрыстафор», 54 ролі ў кіно. Зараз акцёр, які афіцыйна ўжо год як на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць у Маладзёжным тэатры эстрады.

«Фактычна з выхадам на пенсію ў мяне пачалося новае жыццё, — кажа ён, — 35 гадоў на тэлебачанні я важу ляльку ў „Калыханцы“. І зараз хачу вылезці з-пад стала, каб гледачы не толькі чулі мой голас, але і ў канцы канцоў пабачылі мой твар, — жартуе акцёр. — Для мяне праект АНТ — гэта штосьці новае. Ёсць адчуванне, што я нібы зноў пайшоў у школу. Столькі цікавага даведваешся пра Беларусь падчас здымак. Акрамя гэтага, падабаецца фармат і поўная ўцягнутасць у творчы працэс». Агульную мову з сувядучай першакласніцай Міланай знайшлі вельмі хутка. Справа ў тым, што Уладзімір мае любімую ўнучку, зносіны з якой дапамагаюць не іграць дзеда, а проста быць ім. «Вельмі цікава працаваць разам з сучаснымі дзецьмі. Яны кардынальна адрозніваюцца ад нас, але менавіта яны дапамагаюць нам — дарослым — не стаяць на месцы і пастаянна развівацца», — адзначае ён.

Тэлевізійная ўнучка Уладзіміра — Мілана — нягледзячы на свой дастаткова юны ўзрост (7 гадоў), мае даволі значны вопыт выступленняў на сцэне. У 2019 годзе дзяўчынка стала пераможцай конкурса «Талент краіны». Вершы, якія бясстрашна дэкламавала Мілана са сцэны, сваёй выразнасцю і эмацыянальнасцю кранулі да глыбіні душы не толькі членаў журы, але і тэлегледачоў. І вось зараз новы праект і новы тэлевізійны вопыт.

«Мне вельмі спадабалася здымацца. Гэта вельмі цікава. Я нават паспрабавала здымаць на тэлекамеру, а мой „дзядуля“ Уладзімір вясёлы і можа цудоўна паказваць чалавека-павука», — расказвае Мілана. Пакуль дзяўчынка набіраецца вопыту работы ў кадры, вучыцца ў першым класе і марыць стаць швачкай. Але хто ведае, можа ў недалёкім будучым тэлеканал АНТ запаліць яшчэ адну зорачку на тэлевізійным небасхіле.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.