Вы тут

Бурленне ў зале, або Як пазбегнуць катаклізму


Доўгачаканыя канікулы, што ўвенчваюць сабой марудна-працяглую трэцюю чвэрць, напаткалі школьнікаў на мінулым тыдні. Пакуль дарослыя ледзь валаклі свае засмучаныя руцінай будні (так-так, звярніце ўжо на сябе ўвагу!), дзеці правялі сем — а з улікам апошніх выхадных дзевяць — дзён бесперапыннага рэлаксу і нястрымнага шчасця. Ніякіх дамашніх работ, ніякіх урокаў — час безадказнасці і законнай ляноты!

Некаторыя вучні засталіся праводзіць гэтыя шчаслівыя дзянькі ў сценах школы: у лагеры, пад апекай сваіх настаўнікаў і настаўніц. Але і тут заўсёды знойдзецца, як бавіць час, тым больш што арганізацыя культурнага адпачынку уваходзіць у абавязкі выхавальнікаў. Адной з такіх распаўсюджаных уцех з’яўляецца ўжо традыцыйны калектыўны паход у кіно.


Калі вы жывяце ў вялікім горадзе і хаця б часам выходзіце на вуліцу, то дакладна павінны былі сустракаць чародкі дзяцей, якія, нібыта адзін арганізм, кудысьці нясуцца. Хвалямі набягаючы на салоны аўтобусаў і струменямі разліваючыся па тратуарах, гэтыя групкі часам замілоўваюць мінакоў, а часам, наадварот, наганяюць на іх жаху (залежыць ад сярэдняга ўзросту кампаніі).

Французскі постар фільма рэжысёра  Нікаля Ванье «Распрастай крылы», 2019 год.

Калі вы сапраўды станавіліся сведкам апісаных з’яў, то, хутчэй за ўсё, назіралі школьнікаў, якіх вялі ў кінатэатр на чарговае забаўляльна-асветніцкае мерапрыемства. Раніцамі на працягу ўсяго канікулярнага тыдня навучэнцы розных гарадскіх сярэднеадукацыйных устаноў разам з суправаджальнікамі прыходзяць у кіно, каб атрымаць сваю порцыю льготнага кінаэкспірыенсу. Да жыхароў жа малых паселішчаў кінатэатры ў выглядзе перасовачных відэаўстановак прыязджаюць самі.

Працягваем гастранамічную аналогію: якое меню прапануецца вучням і вучаніцам на падобных мерапрыемствах? Зразумела, кінарэпертуар складаюць пераважна мультфільмы (як замежныя, так і беларускія; як новыя, так і старыя), але дэманструюцца таксама і некаторыя ігравыя ды нават дакументальныя стужкі. Напрыклад, мінскі «Кінавідэапракат» адзначыў гэтыя канікулы вялікай акцыяй «Вясенні капеж».

Калі браць анімацыю, у спецыяльную праграму ўвайшлі і апошнія навінкі («Айнбо. Сэрца Амазоніі», «Ганзэль, Грэтэль і Агенцтва Магіі», «100% воўк»), і першаразрадныя хіты мінулага месяца («Душа» студыі Pixar, «Рая і Апошні дракон» вытворчай студыі Disney), і некаторыя рэлізы папярэдніх гадоў (нарвежскі «Курыны забег», паўднёвакарэйскі «Чырвоныя туфлікі і сем гномаў», нямецкі «Пушыстыя махляры», кітайска-новазеландскі «Тайна Мослі»), і многае іншае.

Сярод ігравых фільмаў, прадстаўленых у праграме, выдзяляюцца карціны папулярнага дзіцячага рэжысёра Нікаля Ванье (нядаўняя «Полі» і асабліва ўпадабаная гледачамі «Распрастай крылы» пазамінулага года). Акрамя таго, у пракаце ішлі іншыя замежныя стужкі адразу некалькіх апошніх сезонаў (нямецкая «Маленькая міс Дулітл», брытанская «Сэм: пясочны эльф», расійская «Пальма»).

Найбольшую ж цікавасць уяўляе прызначаная для дзяцей кінематаграфічная прадукцыя айчыннай вытворчасці. Так, у «Вясенні капеж» у тым ліку ўвайшлі праекты Нацыянальнай кінастудыі Беларусьфільм, сярод якіх былі як поўнаметражныя ігравыя фільмы («Тум-Пабі-Дум» Вячаслава Нікіфарава, «Правілы геймера» Ігара Чацверыкова, «Неверагоднае перамяшчэнне» Аляксандра Анісімава), так і зборнікі кароткаметражных анімацыйных твораў, выпушчаных на студыі за апошні час.

Постар фільма Нацыянальнай студыі  «Беларусьфільм» рэжысёра Вячаслава Нікіфарава «Тум-Пабі-Дум», 2017 год.

Тым не менш, пераймаючы вядомае выслоўе, не адным «Беларусьфільмам» жывы чалавек. Вось і гэтым разам побач з дасягненнямі нацыянальнай кінафабрыкі «экспанаваліся» таксама іншыя беларускія стужкі. Напрыклад, у кінатэатры «Піянер» для школьнікаў круцілі адразу некалькі дакументалак з цыкла «100 імёнаў Беларусі». Праект, які ствараецца студыяй гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна», па завяршэнні зможа прапанаваць сотню гісторый вядомых асоб, чые лёсы цесна звязаны з беларускай зямлёй.

Фільмы «Якуб Наркевіч-Ёдка. Утаймавальнік маланак, ці Электрычны чалавек», «Ігар Лучанок. Аб песнях, радзіме, аб сябрах», «Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі» і астатнія даюць шмат цікавай і сапраўды ўнікальнай інфармацыі. Зробленыя ў папулярнай тэлевізійнай манеры і разбаўленыя ігравымі ўстаўкамі, яны здольны ўтрымліваць рассеяную ўвагу дзіцячай аўдыторыі… Здольны, але з адной агаворкай: такія фільмы прыдатныя хутчэй для падлеткаў, чым для вучняў малодшых класаў. Арганізатары паказаў, дамаўляючыся з упраўленнямі адукацыі, гэтую акалічнасць чамусьці не ўлічваюць.

Як бачыце, мінскім школьнікам вельмі пашанцавала: перад імі раскінуўся па-сапраўднаму шырокі выбар — гэта мякка кажучы. У іншых жа рэгіёнах (з улікам вялікіх населеных пунктаў) кінаафіша была не такой разнастайнай, а выбар відовішчаў — нашмат вузейшы. Тым не менш і фільмы з акцёрамі, і мультыплікацыю — усё гэта глядзелі і там.

Трэба зазначыць, што слова «выбар» у папярэднім абзацы ўжываецца ўмоўна, бо, відавочна, дзеці не мелі ніякай магчымасці ўплываць на рэпертуар кінатэатра, куды іх прыводзілі. Думаецца, з боку непаўналетніх наведвальнікаў гэта выглядае наступным чынам: што даюць, тое і ядзім. Хаця… Ніхто ж не забараняе не есці! Напрыклад, пакуль ідзе кіно, можна займацца сваімі справамі. Вядома, Тамара Іванаўна ці, скажам, Сяргей Віктаравіч будуць супраць, але, як вядома, зусім неабавязкова ў іх пытацца. Лёгка ўявіць, ува што ў выніку можа ператварыцца… — ды што казаць! — абавязкова ператвараецца сеанс якога-небудзь «нежаданага» фільма. Змадэліруем такую сітуацыю…

Некалькі з тых адушаўлёных струменяў, якія за час свайго падарожжа, трэба думаць, павялічыліся да ручаёў, сутыкаюцца перад дзвярыма кінатэатра. І ўтвараюць вялікую бурлівую плынь. Цяпер ужо непадуладная ніводнай жывой істоце, яна з пачаткам сеанса ўліваецца ў кіназалу, абрушваючы на яе ўсю моц сваёй ураганнай прыроды. Колькі хвілін расплысціся па прасторы і рассесціся, і першае небяспечнае хваляванне, натуральна, прыціхае. На кароткі час настае зацішша, але зацішша бывае вы самі ведаеце, перад чым.

Глядзіце далей… Калі ўсе асобныя часцінкі гэтай нестабільнай масы, якая зараз, здаецца, утрымлівае ў сабе сам першапачатковы хаос, зразумеюць, што памяшканне тупіковае, фільм нецікавы і гэтак будзе яшчэ цэлыя дзве гадзіны, тут пачынаецца самае захапляльнае. Спярша мутнее паверхня: пакрысе падымаецца глей нецярпення. Потым падземныя штуршкі ўчашчаюцца, спакойнае журчанне змяняецца інтэнсіўным бурленнем, і, у рэшце рэшт, стыхія выбухае якім-небудзь катаклізмам.

Мабыць, «катаклізм» — гэта і моцна сказана, але бесперапынная мітусня і нават воклічы гарантавана будуць суправаджаць прагляд. Само сабой, сітуацыя бясконца паўтараецца на кожных канікулах, пакуль дзецям не трапляецца такое кіно, якое прыходзіцца ім даспадобы. Тут вы рэзонна заўважыце: дык не ўгадаеш жа!

А няхай бы перад паходам у кінатэатр класныя кіраўнікі або іншыя асобы, якія выконваюць абавязкі выхавальнікаў, або супрацоўнікі тых жа кінатэатраў сядалі побач са сваімі падапечнымі, абмяркоўвалі фільмы і глядзелі трэйлеры. Іншымі словамі, хай бы дарослыя тлумачылі малодшым, што да чаго, і разам з імі выбіралі стужкі. Напрыклад, калі карціна на сур’ёзную тэму, не было б лішнім падрыхтаваць дзяцей да прагляду.

Кадр з мультфільма Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»  «Якія сны сніць мядзведзь», 2015 год.

Замест гэтага школьнікаў упарта працягваюць вадзіць на фільмы, якіх яны, так бы мовіць, не заказвалі і, можа, папросту не разумеюць. А калі дзеці не разумеюць фільм, вы хутка аб гэтым даведаецеся. Юныя гледачы — самая шчырая і разам з тым самая бескампрамісная, нават жорсткая публіка. Падлеткі, калі ім стала сумна, ніколі не пасаромеюцца размаўляць ці дастаць тэлефон падчас паказу. Яны не стануць хаваць сваё незадавальненне.

Якім метадам аддаюць перавагу ў вырашэнні такіх далікатных пытанняў? На жаль, вертыкальным. Напярэдадні вакацый сталічны і абласныя кінавідэапракаты ў агульных рысах накідваюць план-рэпертуар будучых сеансаў. Важна, каб праграма стасавалася з рэкамендаваным спісам тэм, які існуе для падобных мерапрыемстваў. Далей яна рассылаецца па кінатэатрах, чыё кіраўніцтва праз мясцовыя аддзелы і ўпраўленні адукацыі звязваецца з канкрэтнымі школамі. Паміж кіраўніцтвамі двух устаноў заключаецца пагадненне. Вось і ўсё.

Карацей, практыка правядзення такіх мерапрыемстваў, як відаць, усё яшчэ далёкая ад дасканаласці і часта не мае ніякай аддачы. Як бы там ні было, арганізацыя падобных культпаходаў — справа дакладна неблагая. З малога ўзросту прывучаць людзей да культуры вялікага экрана, цьмянай залы і ўсіх гэтых рэчаў, знаёміць іх з добрым кіно — гэта цудоўная ідэя, якую можна толькі падтрымаць.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».