Вы тут

У Гомелі навучаюць патэнцыяльных кіраўнікоў прадпрыемстваў


Так рэалізуецца ідэя стварэння на Гомельшчыне клуба маладых прамыслоўцаў.

Яна была агучана на адной з дыялогавых пляцовак і падтрымана Гомельскім абласным Саюзам наймальнікаў. У школе маладых прамыслоўцаў — 13 прадстаўнікоў васьмі прадпрыемстваў рэгіёна. Сярод іх — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, ААТ «Кірмаш», Гомельскі хімічны завод і свабодная эканамічная зона «Ратон». Усе ўдзельнікі клуба ўваходзяць у кадравы рэзерв, на сваіх прадпрыемствах займаюць пасады спецыяліста, начальніка цэха, намесніка дырэктара. Асноўная задача клуба — падрыхтоўка таленавітага кадравага рэзерву, пошук, развіццё і падтрымка перспектыўных кіраўнікоў, якія валодаюць высокім узроўнем лідарскіх якасцяў.

На працягу года сябры клуба будуць навучацца прафесійнаму кіраванню камандай, фінансаваму менеджменту, асновам вядзення бухгалтарскага і падатковага ўліку, ахове працы і працоўнаму заканадаўству. Прычым адначасова з тэарэтычнымі ведамі маладыя прамыслоўцы атрымаюць яшчэ і практычны вопыт.

— Заняткі праводзяць прафесіянальныя бізнес-трэнеры па адмысловай праграме, якая прадугледжвае разнастайныя кірункі навучання. Прычым цікава, у якім фармаце праходзяць заняткі: у выглядзе тэстаў, дзелавых гульняў, наглядных прыкладаў. Гэта праграмы, якія апрабаваныя ў свеце, — адзначыў старшыня Гомельскага абласнога Саюза наймальнікаў, дырэктар ААТ «Гомельскі хімічны завод» Дзмітрый Чарнякоў.

Заняткі ў клубе маладых прамыслоўцаў пачаліся ў лютым. За гэты час трэнеры працавалі ў тым ліку над выяўленнем моцных бакоў характараў і асабістых якасцяў рэзервістаў. Адны больш схільныя да работы ў крытычных сітуацыях, ёсць выдатныя аналітыкі, якія імкнуцца пазітыўна выкарыстаць любыя негатыўныя з'явы. Між тым для кожнага ўдзельніка клуба распрацоўваецца індывідуальны план развіцця, што дазволіць зрабіць падрыхтоўку больш эфектыўнай. Дарэчы, праграма заняткаў прадугледжвае шэраг сустрэч з кіраўнікамі прадпрыемстваў вобласці для абмену працоўным вопытам. Наладжана і зваротная сувязь — так, большасць членаў клуба ведаюць «вузкія месцы» сваіх прадпрыемстваў, яны могуць прадставіць уласнае бачанне вырашэння пытанняў і давесці гэтую інфармацыю да сваіх кіраўнікоў.

Асаблівую актуальнасць работы на Гомельшчыне клуба маладых прамыслоўцаў як асновы для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, з высокім узроўнем самаадукацыі, самадысцыпліны і адказнасці адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Ён паназіраў за чарговымі заняткамі рэзервістаў. Кіраўнік рэгіёна падзякаваў Гомельскаму абласному Саюзу наймальнікаў за важную форму работы і выказаў пажаданне далучыць да ўдзелу ў клубе прадстаўнікоў усіх асноўных прамысловых прадпрыемстваў вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Прапампаваць кіраўніцкую жылку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?