Вы тут

Сёлета першы віцебскі вулічны кірмаш атрымаўся вельмі шматлюдны


Пачаў рэпартаж на вуліцы Леніна, што ў цэнтры: насупраць будынка ратушы — сімвала горада. Час работы пунктаў вулічнага гандлю быў заяўлены з дзевяці раніцы да дзвюх гадзін дня. Калі прыйшоў а адзінаццатай гадзіне, народу было шмат. Надвор'е ў той дзень было сонечнае, цёплае, а вецер прыемна асвяжаў. Таму, напэўна, і пацягнуліся гараджане па пакупкі. Каля некаторых гандлёвых пунктаў выстройваліся вялікія чэргі.


Традыцыйна такое можна ўбачыць блізу месца продажу жывой рыбы. Але... У той дзень чамусьці яе не прадавалі. І юшкі таксама не было. А памятаецца, заўсёды на кірмашах менавіта гэтыя опцыі — адны з самых запатрабаваных.

Кінулася ў вочы, што было вельмі шмат тых гандляроў, якія прапаноўвалі набыць саджанцы, насенне, угнаенні. Наконт сярэдніх цэн на маладыя расліны: парэчкі — 7,5 рубля, дурніцы — 12 рублёў, туя залацістая і ядловец — па 15 рублёў. За бульбу для пасадкі, а яе можна было чамусьці купіць толькі ў адным месцы, прасілі 77 капеек за кілаграм.

Нядрэнны быў выбар агуркоў ды памідораў. Па «зялёныя» за 3,5-3,7 рубля за кіло айчыннай вытворчасці стаялі падоўгу. Пры гэтым таматы і за 4,5 рубля (віцебскай вытворчасці) купілі на маіх вачах некалькі чалавек. Кілаграм самых танных памідораў (турэцкіх) прадавалі за 3 рублі 99 капеек. Побач — за чатыры, а трохі далей — за 4 рублі 30 капеек, 4,5 і 4,8 рубля. Адна гандлярка актыўна раіла мінакам купіць айчынныя памідоры за 6,6 рубля.

Яблыкі прадавалі за 1,65-1,8 рубля. Яйкі курыныя прывабнага памеру — 2,8 рубля. Перац іспанскі, як «жоўты», так і «аранжавы» (як было напісана на цэнніку), — за 4,99 рубля.

Экзотыкай «вулічнага супермаркета» сталі... пёры паўлінаў, якія ў залежнасці ад вышыні прадавалі за 1-3,5 рубля. Як растлумачыў гаспадар гэтага багацця (а яшчэ ён рэалізоўваў садовую флору), у яго ажно пяць гэтых прыгожых птушак. Жывуць яны ў Горках Магілёўскай вобласці. Аздабленне для жылля куплялі ахвотна. Да таго, як я падышоў, адпаведную пакупку зрабіла жанчына. А вось мёд (непадалёку) па цане 15 рублёў за літр набыць не спяшаліся.

Да Смаленскага рынку ад кірмашу спакойнай хадой — хвілін сем напрасткі. Адразу здзівіла, што цана насеннай бульбы — 60 капеек за кіло — танней, чым на кірмашы. І прадаюць у некалькіх месцах. Самыя прывабныя па цане агуркі знайшоў па цане 4,3–4,5 рубля. Пры гэтым за самымі таннымі чаргі не было. Мо таму, што на рынку больш пунктаў, і цяжка адразу знайсці ў «лабірынтах» самы кароткі шлях да раўнавагі цэн і кашалькоў.

Перац іспанскі — 7-9 рублёў за кіло: ну ў параўнанні з кірмашовымі расцэнкамі гэта, пагадзіцеся, задорага. Багаты выбар яблыкаў быў у гэты дзень. І нярэдка па цане 2,5 рубля (салодкая грушоўка).

У адрозненне ад кірмашу на рынку прадаецца і зяленіва (зялёная цыбуля, пятрушка, кроп) за 1,2 рубля кіло. Пры гэтым прыкладна ўсяго за метраў каля дваццаці ёсць і даражэйшае — 1,5 рубля (і гэта за знешне тое ж самае). Таму не трэба спяшацца рабіць пакупку на рынках, а варта трохі «пакруціцца».

Яйкі, аказалася, каштуюць столькі ж, колькі і з «колаў» — 2,8 рубля. Мне спадабаліся аршанскай вытворчасці, тым больш што гандлярка была з гумарам. Для параўнання бабулі па-за прылаўкамі прадавалі дзясятак яек за 4,5 рубля. Зразумела, без сертыфіката на прадукцыю.

На рынку (у параўнанні з кірмашом) даражэй каштуе рыбная прадукцыя ў пластыкавай тары. Таму раю дачакацца чарговай «сесіі» вулічнага гандлю.

Як паведамілі ў Віцебскім гарвыканкаме, такія кірмашы будуць арганізоўваць кожную суботу ўключна да 8 мая. Насамрэч яны карыстаюцца попытам. Але вось чаго не хапае: каля кірмашоў або на іх не заўважыў выязных кавярняў. Ну на самай справе, няўжо цяжка арганізаваць пару пунктаў? З той жа юшкай.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Агуркі, саджанцы І... пёры паўлінаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.