Вы тут

«Крытычны эпізод» і пошук раскаяння


Час ад часу сустракаюцца творы, якія могуць уразіць толькі аднойчы. Гэтае ўражанне бывае рознае: шчырае ці дзяжурнае, натуральнае ці перабольшанае… Але калі гаварыць пра непадробныя эмоцыі, то іх ужо не замяніць ні знаёмствам з героямі, ні распазнаваннем сябе, падзей і часу, ні глыбокім аналізам.

Для многіх усё гэта тычыцца аповесці «Крэйцарава саната» Льва Талстога — сенсацыйнага твора, які неаднаразова забаранялі. Ён выклікаў вострую палеміку ўжо ў момант выхаду ў свет нават ва ўласнай сям’і пісьменніка, і спрэчкі вакол яго да гэтага часу не сціхаюць. Да Сусветнага дня тэатра ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага прайшла прэм’ера аднайменнай пастаноўкі па творы рускага класіка.


Некаторыя катэгорыі першакрыніцы

Змест твора Льва Талстога — апавяданне пра шлях героя ад закаханасці да забойства, «крытычнага эпізоду», як кажа галоўны герой Васіль Познышаў у размове з адвакатам. Пераказваючы вынікі таго, што было асэнсавана ім у турме, і выбудоўваючы з іх сваю гісторыю, ён усведамляе, што выбарам жонкі кіравала не толькі жаданне ўлады над беднай і некранутай дзяўчынай (выбранніца — дачка «збяднелага памешчыка»), але і цялесная цяга, выкліканая яе знешняй прыгажосцю

і адзеннем. Згодна са сцвярджэннем персанажа, жанчыны, выстаўляючы фігуру ў самым прывабным святле, дзейнічаюць несвядома — «як жывёлы». На дадзеным этапе асэнсавання ён бачыць прычыну іх шлюбнай варожасці ў той агульнай з’яве, што жонка ўсё робіць і будзе рабіць, як усе жанчыны ў сям’і. Сціраецца розніца паміж чалавекам і жывёлай.

Уласныя распусныя паводзіны ў маладосці выклікаюць у героя агіду, але ён вінаваціць у гэтым у першую чаргу жанчын: апранаючы прывабныя  сукенкі, яны імкнуцца быць «аб’ектамі страсці». Ён абвінавачвае тых маці, якія жадаюць выгадна выдаць сваіх дачок замуж і для гэтага выбіраюць для іх адпаведныя строі. Герой кажа пра тое, што жанчыны выдатна ўсведамляюць сваю ўладу над мужчынамі і карыстаюцца ёй, ведаючы, што цялесныя жаданні пераважаюць над усімі іншымі, нават самымі высокімі намерамі моцнага полу. Фактычна герой называе прастытуцыяй паводзіны дам вышэйшага свету і сцвярджае, што жанчыны заўсёды будуць у прыніжаным становішчы, пакуль не навучацца сціпласці і цнатлівасці.

Так, корань праблемы, на яго думку, ляжыць не ў адсутнасці бачнага, паказнога прагрэсу (права на адукацыю, галасаванне і г. д.), а ва ўнутраных, нябачных прычынах. Жанчыны сталі прадметам пачуццёвасці, і прывабнасцю яны «адплачваюць за свой прыгнёт». Пакуль, як вынікае, у грамадстве не зменіцца гэты спосаб камунікацыі, мужчына застанецца ўсё тым жа разбэшчаным рабаўладальнікам. У яго тлумачэнні «натуральнае» ёсць быццё, асноўная характарыстыка якога — нявіннасць. Герой Талстога разумее шлюб як «падман», «бракаванасць». Ён ужывае гэтае слова, калі распавядае пра тое, як выбіраў сабе жонку: «Шмат каго я забракаваў менавіта таму, што яны былі недастаткова чыстыя для мяне».

Крытыка ў адрас Льва Талстога на першы погляд шмат у чым справядлівая (калі казаць пра катэгарычныя высновы, абагульненне праблем з рознымі прычынамі, жорсткую ідэалогію, а таксама пра фактычную беспакаранасць галоўнага героя). Так, суцэльнае абагульненне, да якога звярнуўся аўтар у гэтым творы, супярэчыць ледзь не самаму знакамітаму яго выказванню: «Усе шчаслівыя сем’і падобныя адна на адну, кожная нешчаслівая сям’я нешчаслівая па-свойму».

Разважаючы пра заганы грамадства і выхавання, у тым ліку звязанага з рэлігіяй, ён амаль не закранае ролю мужчыны і не абвінавачвае яго. Станаўленне мужчыны Талстой у выніку разумее як «падзенне», то-бок «апаганенне» як сябе, так і жанчыны. Усё ж аўтар не выступае ні на чыім баку, яго высновы — яшчэ адзін складнік, які шакіраваў чытача. Гэта папулярызацыя новых форм паводзін, якія адмаўляюць усе раней прынятыя грамадскія нормы.

Што хацелі сказаць аўтары?

Для тых, каму засталася незразумелай асноўная ідэя аповесці «Крэйцарава саната», Леў Мікалаевіч напісаў пасляслоўе, у якім прагучала гарачае публіцыстычнае ўсхваленне нявіннасці і духоўнай чысціні. Сапраўды, калі твор яшчэ пакідаў шмат месца для роздумаў, то своеасаблівы пастскрыптум тлумачыць усё тое, «што хацеў сказаць аўтар».

Многія пастаноўшчыкі, у тым ліку аднайменных кінастужак 1914 і 1987 гадоў, паспрабавалі не звяртаць увагі на шматлікія натацыі аўтара. Гэта ж зрабіла і Марыя Матох, рэжысёр «Крэйцаравай санаты» ў НАДТ імя М. Горкага, для якой работа — першая самастойная спроба (рэжысёрскі дэбют на вялікай сцэне — пастаноўка спектакля «Обломоff» у НАДТ імя М. Горкага ў 2018 годзе пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Барыса Луцэнкі). У яе прачытанні твор становіцца сапраўды глыбокапсіхалагічным.

Марыя Матох стварыла спектакль пра адну памылку, гісторыю нешчаслівых людзей, якія шукаюць шчырасці і разумення. Складана назваць яе аўтарскай інтэрпрэтацыяй, бо, па-першае, усе дыялогі вельмі блізкія да арыгінальных, па-другое, у асобы герояў і падзеі, здаецца, не прыўнесена новых характарыстык і дэталяў. Але істотныя адрозненні з тэкстам аповесці ўсё ж знаходзяцца. Так ці інакш, цікава разгадваць і прычыны, і наступствы гэтых змен.

На працягу ўсяго дзеяння на сцэне глядач бачыць героя з жонкай Лізай, музыканта Трухачэўскага і Яго. Тут трэба адзначыць, што калі іншыя персанажы становяцца заўважнымі толькі час ад часу, то галоўны герой (яго ў розных саставах іграюць Аляксандр Палазкоў і Аляксандр Вергуноў) паўтары гадзіны адкрывае сваю душу загадкаваму персанажу без імя, што няпроста з пункту гледжання акцёрскай прафесіі — гэта пэўны выклік. З любоўным трохвугольнікам усё зразумела. Загадкавы ж «Ён» падобны да следчага, якога, папраўдзе, да пэўнага часу не цікавіць раскрыццё душы, яму найбольш важна, у што быў апрануты злачынца ў момант трагедыі.

У сувязі з гэтым далей увага гледача канцэнтруецца на саманазіранні Познышава, які ясна разумее становішча і мінулае, і цяперашняе. Фармальна гэта допыт, на якім герой усё ж набліжаецца да пакаяння, у тым ліку ў хрысціянскім разуменні, чаго не назіраюць чытачы твора Талстога, дзе ёсць відавочная споведзь, але адсутнічае пакаянне. Верагодна, таму стваральнікі пастаноўкі арганізавалі адмысловае галасаванне: ці можна апраўдаць Познышава? За вынікамі трэба сачыць у сацыяльных сетках: пакуль 60 працэнтаў на 40. Магчыма, на карысць такіх высноў «суда прысяжных» уплывае форма допыту.

У тэксце аповесці герою ў цягніку ў большай ступені ўласціва самалюбаванне. 

У пастаноўцы толькі ў агульных рысах апісваюцца адносіны з дзецьмі, але гэтыя дэталі маюць істотнае значэнне для разумення твора. Невыпадкова літаратурны Познышаў згадвае толькі дваіх сваіх дзяцей і іх паводзіны падчас трагедыі, бо яны найбольш ярка адлюстроўваюць адносіны мужа і жонкі. Бацькі абіраюць сабе ўлюбёнцаў: ён судзіць жонку па сваёй копіі — сыне, імя якога супадае з бацькавым — Вася, а маці судзіць мужа па дачцэ, Лізе. Познышаў здольны прыняць абодвух толькі ў канцы іх агульнай сямейнай гісторыі. Дарэчы, дзеці жывуць на поўначы з сястрой жонкі, а ён, пазбаўлены правоў на іх, перасяліўся на поўдзень. Аддаленыя месцы пражывання сімвалізуюць поўнае адмаўленне героя ад ранейшага жыцця. Апавядальнік Познышаў шкадуе аб тым, што яго дзеці растуць такімі ж «жывёламі», якімі яны былі з жонкай. У гэтым — песімістычны прагноз Льва Талстога, які аб’ектыўна спраўдзіўся, аб чым кажа хаця б статыстыка разводаў.

Відаць, што Марыя Матох імкнецца паказаць гісторыю не як банальны сюжэт пра рэўнасць, у якім герой жадае пакараць жонку і даць сабе волю. Гэтаму спрыяе яркае адлюстраванне пекла ў паказе сямейнага жыцця (сцэна за абедзенным сталом, чаргаванне прыступаў пяшчоты і гневу і г. д.). Пекла транслюецца ў самой структуры пастаноўкі — пачатак закальцоўваецца з фіналам, калі галасы (можна паставіць знак роўнасці з успамінамі) у галаве адзінокага героя гавораць адны і тыя ж фразы аб пралюбадзействе, жанчыне-нявольніцы, каханні з першага погляду, свечцы, якая не можа гарэць усё жыццё.

Пытанні і адказы

Спектакль Марыі Матох не дае адказаў на тыя пытанні, што хвалююць чытача аповесці. Ніхто не ведае дакладна, ці быў у Васіля і Лізы хаця б зародак сапраўднага ўзаемнага кахання, ці магла знаёмая многім страсць, якая пераходзіць у рэўнасць і нянавісць, давесці да забойства, ці мела ўвогуле месца здрада? Тое, што мы глядзім на падзеі вачыма Познышава, толькі павялічвае няўпэўненасць у тым, што бачым. Няма нават інфармацыі пра сям’ю і дзяцінства героя. Глядач знаходзіцца ў тумане ўнутранага свету персанажа. Гэтаму спрыяе і скупое асвятленне, і мэбля, што ў залежнасці ад падзей набывае неабходныя характарыстыкі без знешніх змен, а таксама музыка, якой, што незвычайна, нададзена не так шмат увагі, але пры гэтым дастаткова.

Варта засяродзіцца і на дыскусіі пра назву твора. Існуе гіпотэза, згодна з якой прычына забойства не рэўнасць, а тое, што жонка ўтаіла, хто яна ёсць на самой справе: не істота, не жывёла, якой яе лічыў муж, а жанчына з пэўным густам, ведамі і ўменнямі і, вядома, тымі ці іншымі музычнымі здольнасцямі. Гэтую незразумелую для яго душу сапсаваны Познышаў вынесці не змог. Версій можа быць колькі заўгодна, хоць дакладная названа самім аўтарам: сувязь мужчыны і жанчыны нязменна прыводзіць да забойства. У гэтым рэчышчы погляд Лізы ўяўляе не меншую цікавасць. Так ці інакш, жаночы голас можна пачуць у такіх творах, як «Чыя віна» Соф’і Талстой і «Наконт Крэйцаравай санаты» Мікалая Ляскова.

Зварот да такога неадназначнага твора сёння сведчыць пра нязменную цікавасць да тэм, якія ўзняў пісьменнік, напрыклад, рэўнасці. Гэты матыў нават не ўсведамляецца Познышавым як паталагічны. Крытыкі сваіх пачуццяў і перакананняў у героя няма, што нязвыкла для псіхалагічнага твора.

Дарэчы, нельга не заўважыць «гаворачыя» прозвішчы, як і падабенства прозвішчаў Познышаў, Карандышаў і Камышаў (двух з іх у свой час увасобіў на экране Алег Янкоўскі — акцёр, які валодаў так званай адмоўнай прывабнасцю). Хутчэй за ўсё трэба абапірацца на слова «позна»: меркаванне, якое герой лічыць непахісным, прыходзіць не ў час. Прозвішча Трухачэўскі, верагодна, пайшло ад рускага слова «труха». Такім чынам аўтар дае адказ на пытанне, што здарыцца з грамадствам, калі яно абярэ адзін з бакоў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».