Вы тут

Паганства і інтэрнэт


Кожная рэч мае сваю гісторыю і раскрываецца ў ёй. Са шляхам, які праходзіць рэч, яна насычаецца жыццёвым досведам сваіх мінулых уладальнікаў і даносіць яго да новых.


«Пімкі» Кірыла Стаселькі — гэта гісторыя пра спадчыну. Жанр абазначаны як «раман-казка», але структура кнігі абсалютна не падобная да рамана. Сюжэтная лінія — пакручастыя карані і галіны сямейнага дрэва. Погляд апавядальніка рухаецца па іх, спыняючыся на асобных пладах. Хлопчык з дзяцінства адчувае сувязь з роднай хатай свайго дзеда ў вёсцы і ўгаворвае бацьку не прадаваць яе пасля смерці старога. Праз гады ён знаходзіць у хаце сшытак з «опісам» рэчаў, якія стары хацеў перадаць у спадчыну свайму сыну. Праз кепскія адносіны сын адмовіўся нават заглядаць у развітальны ліст бацькі, і той трапіў адразу да ўнука. Унук дзеда Сцяпана — галоўны герой — адкрывае тонкі сшытак з абазначэннем «Прадметны ўказальнік» і пачынае падарожжа па каранях, па гісторыі сваёй сям’і, настолькі глыбокай і доўгай, што адшукаць і вызначыць канкрэтныя роднасныя сувязі ў некаторых выпадках бывае немагчыма. Звычайныя рэчы — пярсцёнак, абрус, рыдлёўка, ланцужок, але кожная з іх утрымлівае вялікую сімвалічную моц, служыць напамінам пра значны эпізод у жыцці сям’і. Скарб дзеда Сцяпана —досвед, жыццёвыя ўрокі многіх пакаленняў, выяўленыя ў матэрыяльнай форме. Вельмі кранальная фабула — «прадметны ўказальнік» непасрэдна расказвае пра тое, што звязана з кожнай рэччу. Эмацыянальнай насычанасці дадае той факт, што ўсе гісторыі расказаны ад імя дзеда Сцяпана са зваротам да сына, які адмовіўся чытаць апошнія словы бацькі. Гэта рызыка разрыву ў спадчыннасці, страты пакаленнямі назапашаных скарбаў, а не звычайная сямейная сварка. Мо ў кожнай сям’і ёсць такі скарб, які робіць каштоўныя стасункі яшчэ больш значнымі. Інтрыгу назвы аўтар пакідае на самае апошняе апавяданне, і раскрыццё таямніцы падмацоўвае і набліжае да галоўнага героя і чытача сямейную канцэпцыю.

Не менш цікавай падаецца форма саміх апавяданняў. У анатацыі да кнігі пазначана: «Гэта гісторыя пра тое, як цмокі, багнікі, цудадзейныя прадметы ці неверагодныя з’явы пачынаюць існаваць побач з вамі». Фраза павінна прыцягнуць увагу шырокага чытача, абяцае адкрыцці беларускага фальклору ў форме поп-літаратуры, экзатычную сустрэчу з тым, што заўсёды было побач, літаральна ляжала ў бабулінай скрыні ў вясковым доме. Але цяжка сказаць, што гэтая частка анатацыі поўнасцю адлюстроўвае рэчаіснасць. Яна была б справядлівай у апісанні пабліка «УКантакце» ці профілю ў Instagram, дзе гісторыі з кнігі размяшчаліся ў выглядзе асобных пастоў з прыгожымі артамі або каларытнымі фотаздымкамі. Але як толькі яны аб’ядноўваюцца ў кнігу і набываюць агульную назву і лінію сюжэта, што звязвае іх у адно, пласт сямейнай гісторыі выходзіць на першы план. Ствараецца своеасаблівае адчуванне, нібыта самі казкі былі раней і паасобку, а ідэя таго, як сумясціць іх у адну цэласную кнігу, з’явілася пазней. Падмацоўваецца адчуванне тым, што гісторыі, якія павінны быць прывязанымі да рэчаў, часам не дэманструюць ніякай сувязі з прадметам, вынесеным у загаловак. Цяжка сказаць, ці зроблена гэта наўмысна, ці аўтар месцамі не даціснуў уласную задуму.

Так, насамрэч кніга «Пімкі» падаецца эксперыментам па змяшчэнні сацсеткавых пастоў пад вокладкай. Вядома, гэта не першы выпадак — дастаткова згадаць «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, якое вяшчала на ўвесь белліт. Але прыклад Кірыла Стаселькі абсалютна іншы па форме. Нягледзячы на сямейную тэму, гэта менш асабістая гісторыя. Кожнае апавяданне своеасабліва спалучае законы пабудовы казачнага і папулярнага тэксту. Мяркуючы па форме, іх першасная мэта — стварэнне не гісторыі, а атмасферы, нейкага знешняга, з пункту гледжання сюжэта, эмацыянальнага кантэксту. Для гэтага выкарыстаны шматлікія доўгія апісальныя канструкцыі, сінанімічныя рады, аформленыя цэлымі сказамі, нязвыклыя спалучэнні і параўнанні паняццяў. Аднаго чытача такая наўмысная зацягнутасць можа прывабіць і зачараваць, іншаму падасца неверагодна нуднай. Залежыць ад звычкі ўспрымання. Магчыма, цяжкасць апісанняў адчуваецца, калі чытаць усю кнігу цалкам, пры дазіраваным ужыванні атмасфера спрацоўвае.

У вобразнай структуры тэксту асаблівае значэнне маюць прыродныя з’явы. Тыповыя казачныя адухаўленні з’яў і рэчаў тут прымаюць язычніцкія, замоўныя формы. У кожнай асобнай гісторыі сапраўды з’яўляецца магія, якая падпарадкоўвае паўсядзённае жыццё людзей сваім законам, але тут яна не вызначае сваю форму ці прыроду, а як у магічным рэалізме існуе побач, не задаючы пытанняў і не даючы адказаў. Цікава, што аўтар неаднаразова — і ў апісаннях асобных персанажаў і з’яў, і ў сюжэтнай пабудове — звяртаецца да дыхатаміі дабра і зла, святла і ценю. Гэта, улічваючы агульны кірунак атмасферы, з яўным перакосам у фальклор, выглядае даволі дзіўна.

У паганскіх вераваннях паняцці добрага і злога, здаецца, даволі размытыя.

У анатацыі таксама пазначана, што дадзеная гісторыя «найперш пра тых, хто прагне бачыць, адчуваць і мысліць інакш». Кнігу можна чытаць як прыклад рамантызацыі рэчаў і рэчаіснасці, спалучэння фантазіі і сапраўднасці, пошук незвычайнага ў звыклым. Калі ўспрымаць гэта як першасную задачу апавяданняў, то форма аказваецца надзвычай удалай.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.