Вы тут

Памёр «пясняр» Леанід Барткевіч


Знакаміты беларускі музыка, у мінулым саліст групы «Песняры» Леанід Барткевіч памёр сёння, 13 красавіка 2021 года. Яму быў 71 год. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў групе «Песняроў» у фэйсбуку.


Леанід Барткевіч нарадзіўся 25 мая 1949 г. у Мінску. Музыкай пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве. Падчас вучобы ў архітэктурным тэхнікуме быў салістам мясцовага аркестра, а пасля — вакалістам ансамбля «Залатыя яблыкі».

У 1970 годзе Уладзімір Мулявін паклікаў таленавітага юнака выступаць у свой ансамбль «Песняры». Леанід Барткевіч стаў голасам папулярнай групы. У яго выкананні слухачы запомнілі такія хіты, як «Александрына», «Беларусь», «Алеся», «Бярозавы сок», «Белавежская пушча», «Вераніка», «Купалінка» і многія іншыя.

У 1980 годзе Барткевіч паступіў у Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГІТІС). У тым жа годзе з-за немагчымасці сумяшчаць гастролі і вучобу пакінуў ансамбль «Песняры». З 1983 года быў салістам Беларускага тэлебачання і радыё. У 1989 годзе з жонкай, алімпійскай чэмпіёнкай па спартыўнай гімнастыцы Вольгай Корбут і сынам Рычардам пераехаў у ЗША, дзе пражыў каля дзесяці гадоў.

Са жнiўня 2003 па лістапад 2008 года і з лютага 2009 года — кіраўнік уласнага ансамбля «Песняры».

Леанід Барткевіч — заслужаны артыст Беларусі (1979), лаўрэат I прэміі Усесаюзнага конкурсу савецкай песні (1973), а таксама лаўрэат міжнародных фестываляў і конкурсаў.

Артыст выпусціў аўтабіяграфічную кнігу «Песняры» і «Вольга», у якой падзяліўся з чытачамі сваім творчым і асабістым жыццём, распавёў пра ўнікальнасць ансамбля «Песняры». Асобную главу прысвяціў свайму сябру і настаўніку Уладзіміру Мулявіну. На аснове дыпломнага праекта Барткевіча быў пабудаваны мінскі кінатэатр «Кастрычнік».

Прэв'ю: youtube.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.