Вы тут

На якія праявы варта звярнуць увагу і з чым абавязкова неабходна звяртацца да медыкаў пасля каранавіруса


Каля чвэрці пацыентаў пасля перанесенага COVІD-19 працягвае адчуваць розныя непаладкі ў арганізме — скачкі пульсу і ціску, слабасць і задышку, кашаль, адсутнасць нюху і перапады настрою — праз некалькі тыдняў ды нават месяцаў пасля пастаноўкі дыягназу. Вірус можа нанесці шкоду лёгкім, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэме, а аднаўленне арганізма займае шмат часу. На якія праявы варта звярнуць увагу і з чым абавязкова неабходна звяртацца да медыкаў, расказала ўрач першай катэгорыі, тэрапеўт медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Юлія КАЖЭЎНІКАВА.


— Юлія Уладзіміраўна, якія асноўныя наступствы каранавіруса? На якія органы і сістэмы ён дае ўскладненні?

— «Постковідны сіндром» — ужо ўстойлівы і агульнапрызнаны тэрмін, які абазначае наступствы інфекцыі COVІD-19, што могуць захоўвацца некалькі тыдняў ці месяцаў пасля хваробы, а ў асобных выпадках — і больш працяглы час. Праявы сіндрому шматлікія: гэта можа быць галаўны боль, незвычайная слабасць, нязвыкла яркія сны, дэзарыентацыя ў часе і прасторы, цяжкая дэпрэсія, перапады настрою, парушэнні тэрмарэгуляцыі, рэгулявання артэрыяльнага ціску, сардэчнага рытму, зроку, слыху, дыхання, менструальнага цыклу, праходжання ежы па страўнікава-кішачным тракце.

Замежныя даследаванні паказваюць, што пацыенты, якія пабылі ў рэанімацыі ў сувязі з вострай дыхальнай недастатковасцю падчас ковіду, даўжэй адчуваюць наступствы хваробы. Напрыклад, такія сімптомы як трывога, расстройства памяці і дэпрэсія, могуць захоўвацца вельмі доўга.

Каранавірусная інфекцыя небяспечная сваёй заразлівасцю і ўскладненнямі, якія ўключаюць вострую дыхальную недастатковасць і паражэнне многіх органаў. Гэта захворванне, якое можа закранаць адразу некалькі з іх: лёгкія, кішэчнік, сэрца, печань, ныркі, а таксама скурныя покрывы, перыферычныя нервы і галаўны мозг.

Разам з тым у кожным асобным выпадку хвароба працякае па-рознаму — у залежнасці ад узросту, стану імунітэту, спадарожных захворванняў. Хтосьці перахварэе і не заўважыць ніякіх змен. У аднаго чалавека ў выніку хваробы можа пацярпець печань, у іншага — ныркі, трэці сутыкнецца з паражэннем мышачнай сістэмы.

— Ці цалкам аднаўляюцца пасля ковіду лёгкія і як хутка гэта адбываецца? Што трэба рабіць, каб яны аднавіліся?

— Эфектыўнасць рэабілітацыі пасля COVІD-19 залежыць ад шматлікіх фактараў. У прыватнасці, ад ступені пашкоджання тканак, стану імуннай сістэмы, індывідуальных асаблівасцяў арганізма, узросту, наяўнасці спадарожных ускладненняў, якія змянілі работу лёгкіх пасля COVІD-19.

У большасці выпадкаў аднаўленчая тэрапія дазваляе атрымаць станоўчую дынаміку за некалькі тыдняў. Але калі пацыент не выконвае рэкамендацыі ўрача і спрабуе замяніць прыём аптэчных прэпаратаў народнымі рэцэптамі, на станоўчы вынік разлічваць не выпадае.

На шчасце, пры няцяжкім цячэнні, часцей за ўсё пасля выздараўлення рэнтгеналагічная карціна вяртаецца да нормы, а функцыя лёгкіх аднаўляецца цалкам.

Аднак можа быць і іншы варыянт: у чалавека ўжо няма інфекцыі, ён адчувае сябе добра, але на кантрольным рэнтгеналагічным даследаванні ёсць, напрыклад, рэшткавыя міжтканкавыя змены або ўчасткі фіброзу. Міжтканкавыя змены — гэта «рэшткі» запалення, якія патрабуюць больш доўгага часу для аднаўлення менавіта таму, што гэтая пнеўманія асаблівая. Запаленне закранае не толькі ўнутрыальвеалярную прастору, гэта значыць, саму дыхальную паверхню лёгкіх, але і пранікае глыбей, у злучальнатканкавы каркас лёгкіх, і менавіта таму аднаўленне праходзіць больш павольна.

Лёгкія — орган парны, з высокай кампенсаторнай здольнасцю, таму калі нават фарміруюцца нешырокія, лакальныя ўчасткі фіброзу, функцыя можа не пацярпець. А значыць, адновяцца і эластычнасць, і газаабмен.

І можа быць трэцяя, самая цяжкая сітуацыя, калі застаюцца і істотныя рэнтгеналагічныя змены, і значныя функцыянальныя, захоўваецца зніжэнне насычэння крыві кіслародам, што праяўляецца задышкай, слабасцю, зніжэннем пераноснасці фізічных нагрузак. Як правіла, гэта бывае ў тых выпадках, калі ўсё ж такі фарміруюцца шырокія ўчасткі пнеўмафіброзу, якія закранаюць да 50 % лёгкіх і больш. У такіх выпадках спатрэбіцца доўгае і пільнае дынамічнае назіранне, магчыма, паглыбленае абследаванне і, што вельмі важна, паступовая, настойлівая, метадычная рэабілітацыя — фізічныя трэніроўкі, асаблівая дыхальная гімнастыка, паўнавартаснае харчаванне, абавязковая карэкцыя лячэння спадарожных хранічных захворванняў, пры неабходнасці дадатковая медыкаментозная і немедыкаментозная тэрапіі.

Пры гэтым вельмі важна абмеркаваць з урачом праграмы рэабілітацыі і дыхальнай гімнастыкі. Тут нельга рабіць такія практыкаванні, якія павялічваюць унутрыгрудны ціск. Напрыклад, надзіманне шарыкаў (якое ўсе прывыклі лічыць добрай трэніроўкай для лёгкіх) катэгарычна не падыходзіць для рэабілітацыі пасля COVІD-пнеўманіі, таму што менш эластычная тканка лёгкіх, у якой запаленне яшчэ не цалкам прайшло, можа дадаткова траўміравацца.

— Сэрца — адна з галоўных «мішэняў» для COVІD-19. Раскажыце пра магчымыя наступствы і ў якіх выпадках трэба звяртацца да ўрача?

— Пры COVІD-19 узнікае паражэнне ўнутранай сценкі сасуда — эндатэлію. Гэта правакуе парушэнне такіх уласцівасцяў крыві, як цякучасць, вязкасць, пасля чаго развіваюцца трамбозы.

Практыка паказвае, што ў выніку сасудзістых парушэнняў у адных пацыентаў пасля хваробы падымаецца ціск, у іншых — наадварот, ён становіцца нізкі, у трэціх — адбываюцца парушэнні сардэчнага рытму. Віды сардэчна-сасудзістых ускладненняў шырока вар'іруюцца: арытміі, інфаркт міякарда, сардэчная недастатковасць, востры каранарны сіндром і іншыя.

Сярод шпіталізаваных пацыентаў частата арытмій, што сустракаюцца, складае каля 17 %, а ў хворых, якія знаходзяцца на ШВЛ, яна ўзрастае да 44 %. Калі чалавек выпісваецца з бальніцы пасля ковіднай інфекцыі з аналізамі, у якіх ёсць значныя адхіленні ад нормы, урач звычайна рэкамендуе паўторна зрабіць гэтыя аналізы праз адзін-тры месяцы. У тых выпадках, калі вынікі застаюцца дрэннымі, трэба звяртацца да медыкаў па дапамогу.

— Якія наступствы бываюць для нервовай сістэмы?

— Каля 37 % пацыентаў пасля ковіду сутыкаецца з неўралагічнымі парушэннямі — агульнымі і цяжкімі. Агульныя — гэта галаўныя болі, галавакружэнне, слабасць, млоснасць, астэнічныя расстройствы (перапады настрою, зніжаная працаздольнасць, стомленасць, парушэнні сну). Да цяжкіх неўралагічных ускладненняў адносяцца ішэмічныя інфаркты галаўнога мозга, кровазліянні, міеліты (паражэнні спіннога мозгу), полінейрапатыі (паражэнні перыферычнай нервовай сістэмы).

Нярэдкія парушэнні функцыі раўнавагі — вертыкальнага становішча цела ў прасторы — пасля таго як пацыент доўгі час правёў лежачы. Знікненне пахаў таксама з'яўляецца неўралагічным ускладненнем, якое звязана з паражэннем нюхальных нерваў. Такім чынам, страта нюху — адна з прыкмет пранікнення віруса ў нервовую сістэму. Дарэчы, пацыенты з парушэннем успрымання пахаў схільныя да развіцця неўралагічных ускладненняў часцей за іншых.

— Як доўга нюх можа адсутнічаць і ці варта турбавацца з-за гэтага?

— Трэба сказаць, што анасмія — вельмі распаўсюджаны сімптом пры каранавіруснай інфекцыі. Пацыент можа не пакутаваць з-за закладзенасці носа ці высокай тэмпературы, у яго можа не быць сухога задушлівага кашлю. Але ён ужо хворы, проста пра гэта не здагадваецца. І ў такой сітуацыі дыягнастычнай прыкметай часта выступаюць пагаршэнне і адсутнасць нюху.

Праўда, сімптом характэрны не для ўсіх пацыентаў. Але калі ён выявіўся, трэба неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу і зрабіць тэст на каранавірус. Што цікава, пры COVІD-19 анасмія часта развіваецца паступова. Гэта значыць, у першы дзень нюх трохі прытупляецца, а ўжо праз некалькі сутак праблема становіцца моцна выяўленай. Да поўнай страты здольнасці адрозніваць пахі даходзіць далёка не заўсёды.

Пры анасміі, выкліканай паражэннем «цыбулін» поласці носа, якія адказваюць за ўспрыманне пахаў, нюх вяртаецца параўнальна хутка. Ужо праз два-пяць тыдняў пацыенты пачынаюць успрымаць моцна выяўленыя пахі, а затым і больш слабыя. Як толькі інфекцыю ўдаецца перамагчы, усе адчуванні вяртаюцца. Праўда, некаторыя пацыенты адзначаюць, што доўгі час водары здаюцца скажонымі або з'яўляецца какасмія (парушэнне ўспрымання), прычым на асобныя віды ежы — самае крыўднае, што раней менавіта яна была любімай. Скардзяцца на агіду да мяса, кавы, некаторай садавіны.

Пры паражэнні аддзела галаўнога мозга, які адказвае за ідэнтыфікацыю пахаў, аднаўленне нюху расцягваецца на доўгі час. За гэты перыяд арганізм павінен рэгенераваць асобныя элементы ЦНС у поўным аб'ёме, толькі тады імпульсная праводнасць нармалізуецца. Ужо з'явіліся звесткі, што некаторыя пацыенты, якія перанеслі інфекцыю шэсць-сем месяцаў таму, толькі цяпер пачалі адчуваць пахі, няхай і не ў поўнай меры. Але таксама навукоўцы выказваюць апасенне, што ў некаторых людзей, якія перахварэлі, асабліва ў пажылых, анасмія незваротная.

— Ці могуць у выніку перанесенага ковіду пацярпець ныркі? Як гэта своечасова заўважыць? На якія сімптомы звярнуць увагу?

— Праблема захворванняў нырак пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі ў тым, што пачынаюцца змены, якія, як правіла, не суправаджаюцца пэўнымі праявамі і ніяк чалавека не турбуюць. Рэдка магчымы болевы сіндром у паяснічнай вобласці, таксама можа быць змена колеру мачы (яна становіцца чырвоная, колеру «мясных памыяў»), пацыент можа скардзіцца на яе адсутнасць (п'е столькі ж вадкасці, як і раней, а мачы няма). Часам у чалавека, які раней не адзначаў у сябе павышэння ціску, ён можа назірацца.

Гэта тыя змены, на якія пацыент можа звярнуць увагу. Аднак адсутнасць падобных сімптомаў яшчэ не сведчыць пра тое, што хвароба нырак не працякае схавана.

Заўважыць яе дапамагае агульны аналіз мачы, які вельмі важна здаць пасля хваробы. Лабараторныя паказчыкі, на якія ў першую чаргу звяртае ўвагу ўрач — наяўнасць эрытрацытаў і бялку. Пацыент з такімі зменамі ў аналізе мае патрэбу ў кансультацыі ўрача і даабследаванні. Таму вельмі важна пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі здаць агульны аналіз мачы і біяхімічны аналіз крыві, пажадана ў першы месяц пасля хваробы. Калі ўсё будзе добра, можна паўтарыць аналіз праз тры месяцы.

На працягу самой хваробы чалавек павінен падтрымліваць адэкватны водны баланс, асабліва калі ў яго высокая тэмпература, павышанае потааддзяленне. Гэта сапраўды можа дапамагчы ныркам. Бо ўсе лекавыя сродкі пры лячэнні COVІD-19 і яго ўскладненняў (супрацьвірусныя, магчыма, антыбіётыкі), таксама праходзяць праз нырку. Пры недахопе вадкасці ў арганізме канцэнтрацыя прэпаратаў у ёй будзе павышацца і могуць праявіцца пабочныя эфекты гэтых прэпаратаў.

— Слабасць і задышка могуць мучыць тыдні і нават месяцы пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Задышка заўсёды сведчыць аб паражэнні лёгкіх?

— Неабавязкова. Моцная задышка можа быць звязана таксама з паражэннем плеўры (плеўрытам), з уздзеяннем віруса на сардэчна-сасудзістую сістэму (міякардыты, перыкардыты), на цэнтральную і перыферычную нервовыя сістэмы. Задышкай можа праяўляць сябе любы паталагічны стан, які суправаджаецца недастатковай колькасцю кіслароду ў крыві, а таксама стрэс (напрыклад, праява трывожна-дэпрэсіўнага расстройства).

Калі пасля стацыянарнага ці амбулаторнага этапу лячэння COVІD-19 праз два тыдні засталася толькі задышка — гэта не самы дрэнны зыход, асабліва калі яна з кожным днём становіцца ўсё менш выяўленай. Важна ацэньваць дадзены сімптом у дынаміцы: калі задышка не пагаршаецца, становіцца меншая (пры гэтым выключаны фактары паражэння сэрца), то гэта добры знак.

Варта адзначыць, што каранавірус, як і шэраг іншых узбуджальнікаў рэспіраторных інфекцый, здольны правакаваць у схільных да гэтага пацыентаў фарміраванне бранхіяльнай гіперрэактыўнасці. І гэта таксама неабходна ўлічваць пры захаванні задышкі, асабліва пры яе прыступападобным характары. У такой сітуацыі трэба праводзіць дыферэнцыяльную дыягностыку з бранхіяльнай астмай, для чаго рэкамендуецца выкананне спіраграфіі з функцыянальнымі пробамі і алергалагічнае абследаванне.

Калі задышка не праходзіць ці стан пацыента пагаршаецца, нягледзячы на выкананне медыцынскіх рэкамендацый, то мэтазгоднае выкананне пульсаксіметрыі — вымярэння сатурацыі (задышка можа быць праявай недастатковага ўзроўню кіслароду ў крыві). Тут патрэбны паўторны зварот да доктара і яшчэ адно абследаванне на прадмет выяўлення позніх ускладненняў захворвання.

Здаровым пацыентам варта мець на ўвазе, што задышка можа праявіцца нават праз некалькі месяцаў пасля перанесенай хваробы. Сярод магчымых яе прычын як паўторнае інфікаванне каранавірусам, так і мноства іншых захворванняў, якія не маюць нічога агульнага з COVІD-19.

— Ці небяспечная тахікардыя пасля дадзенага захворвання?

— Падчас і пасля COVІD-19 многіх непакояць скачкі пульсу і ціску, таму што вірус «садзіцца» на рэцэптары ў сэрцы і сасудах. Гэта не небяспечна (калі не суправаджаецца уздымам тэмпературы і выяўленымі арытміямі) і потым праходзіць само. Калі часты пульс перашкаджае жыць, можна часова прызначыць таблеткі, якія зніжаюць частату сардэчных скарачэнняў. А калі не перашкаджае, то прымаць нічога не трэба.

Пасля перанесенага COVID-19, асаблiва ў выпадку, калi захоўваюцца скаргi i ёсць трывожныя сiмптомы, мэтазгодна прайсцi комплекснае абследаванне: руцiнныя лабараторныя аналiзы i iнструментальную дыягностыку, атрымаць кансультацыю тэрапеўта, каб мець аб'ектыўную iнфармацыю аб стане арганiзма, магчымых наступствах iнфекцыi i пры неабходнасцi — iндывiдуальныя рэкамендацыi па рэабiлiтацыi.

Загаловак у газеце: Гэты каварны вірус...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».