Вы тут

Унікальны мост стане візітоўкай Рагачова


Незвычайны па архітэктуры пуцеправод ужо ахрысцілі самым прыгожым у Беларусі. Транспартны трафік па новым мосце, магчыма, адкрыецца ўжо сёлета.


Эпіцэнтр мостабудоўлі

Мост на Рагачоўшчыне злучае дзве часткі вялікага раёна (прыкладна 200 вёсак), што падзяліў Дняпро. Пуцеправод на гэтым кірунку аб'ядноўвае рэспубліканскія трасы М5 і М8, якія з'яўляюцца часткамі еўрапейскага аўтамабільнага маршруту.

Стан старога моста, пабудаванага ў 1959 годзе, выклікаў заклапочанасць спецыялістаў. Яго вонкава масіўныя бетонныя апоры разбураліся, арматуру «паела» карозія, у канструкцыі пралётаў пачаліся крытычныя прагіны. Было прынята рашэнне аварыйны мост закрыць, пачаць яго дэмантаж. Летась у сярэдзіне сакавіка ў Рагачове наладзілі аб'язную дарогу па часовай жалезнай пераправе. Паралельна маставікі прыступілі да рэканструкцыі галоўных варотаў горада, якія больш за паўстагоддзя звязвалі берагі Дняпра.

Адкрыццё часовай пераправы ў кароткі тэрмін забяспечылі вайскоўцы 36-й дарожна-маставой брыгады. Устанавілі вялікі аўтадарожны разборны мост грузападымальнасцю 60 тон. Калі ж асноўны мост будзе пабудаваны, «дублёра» разбяруць і змогуць выкарыстоўваць на іншых падобных аб'ектах.

Брутальная вытанчанасць

Падчас узвядзення пуцеправода рабіць маніпуляцыі з рэчышчам ракі, як гэта было пры будаўніцтве мастоў праз Прыпяць і Сож, патрэбы не ўзнікла. Пэўныя цяжкасці для аб'екта склала суседства са старажытным гарадзішчам — Замкавай гарой. Тут, на беразе Дняпра, у XVІ стагоддзі пабудавалі замак. Калісьці берагі злучаў драўляны мост. Між тым, работы па ўзвядзенні сучаснага моста праводзіліся пад строгім кантролем спецыялістаў. Каб не пашкодзіць помнік археалогіі, зямлю вакол вырашылі накрыць спецыяльным матэрыялам.

Сёння на пад'ездзе да Рагачова ў воднай роўнядзі Дняпра адлюстроўваецца арка (амаль на сто метраў) з французскімі вантамі. Гэта абсалютна новае архітэктурнае рашэнне моста, пабудаванага на месцы старога аварыйнага. Над устаноўкай гэтага самага прывабнага элемента працавала каля паўсотні спецыялістаў ААТ «Мостабуд»: работнікі Гомельскага мостабудаўнічага ўпраўлення № 4 і Баранавіцкага мостабудаўнічага ўпраўлення № 3. Амаль месяц спецыялісты, быццам мазаіку, складалі з 12 элементаў будучую канструкцыю аркі. Дарэчы, новы мост — паўкіламетра ў даўжыню і амаль дваццаць метраў у шырыню. Кошт новай транспартнай артэрыі — каля 50 мільёнаў рублёў.

— У канцы лютага мы завяршылі мантаж 84-метровай аркі, якая складаецца з 12 металічных элементаў. Арыгінальны выгляд гэтай канструкцыі нададуць тыя самыя французскія ванты: яны ўяўляюць сабой сабраныя ў пучок тросы, якія нацягваюцца адмысловымі прыстасаваннямі і патрэбныя для таго, каб падтрымліваць ніжнюю праезную частку і далучаць яе да аркі, — адзначыў старшы прараб мостабудаўнічага ўпраўлення № 4 ААТ «Мостабуд» Аляксей Жыліцкі.

Тым часам на маштабным і самым складаным на сёння на Гомельшчыне аб'екце працягваецца будоўля. Работы вядуцца ў кругласутачным рэжыме. Будаўнікі аддаюць павышаную ўвагу дарожнаму адзенню праезнай часткі пуцеправода. Маставыя пралёты, якія ляжаць на шматтонных апорах, заліваюць бетонам, потым два пласты ізаляцыі, і толькі пасля можна прыступіць да ўкладкі асфальту. Працягваюцца работы па ўкладцы тратуараў, усталяванні бар'ерных агароджаў. Застаецца скончыць дызайнерскае аздабленне аркі. Хутка выходзім на фінішную прамую, адзначаюць будаўнікі.

Дарэчы, тэрмін здачы ўнікальнага для Беларусі аўтамабільнага вантавага моста — 2022 год. Але маставікі значна апярэджваюць графік.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Раісы БАРАВОЙ

Загаловак у газеце: Французскія ванты ў люстры Дняпра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».