Вы тут

Лукашэнка і Аліеў правялі сустрэчу ў прэзідэнцкім палацы «Загульба»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў правялі сустрэчу ў палацы «Загульба», перадае БЕЛТА.


Перагаворам кіраўнікоў дзяржаў папярэднічала цырымонія фатаграфавання. Пасля пратакольных мерапрыемстваў прэзідэнты спусціліся ў залу перагавораў. Дарэчы, Прэзідэнт Беларусі — першы замежны лідар, якога ў гэтым годзе прымае Азербайджан.

Сустрэча двух лідараў адбываецца ў вузкім складзе (на яе таксама запрошаны міністры замежных спраў), затым да прэзідэнтаў далучацца астатнія члены дэлегацый.

«Перашкодзіць супрацоўніцтву Беларусі і Азербайджана не можа ні адна пандэмія»

«Напэўна, наша сустрэча ў нейкай ступені прагучыць рэфрэнам на фоне гэтых усіх падзей: пандэміі і іншага. Але сапраўдныя сябры не адкладваюць на доўгі час тыя мерапрыемствы, якія трэба правесці своечасова. Перашкодзіць гэтаму не можа ні адна пандэмія», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што краіны дыверсіфікавалі свае адносіны ў палітыцы і эканоміцы і «яны абсалютна нічым не абцяжараны». «Мы нікому не перашкаджаем і нам ніхто стараецца не перашкаджаць. Таму што калі ты хочаш нешта зрабіць, то цяжка гэтаму перашкодзіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам наблізіўся да паўмільярда долараў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта добры вынік з пункту гледжання дынамікі.

«Што датычыцца нашых палітычных адносін, цяжка сказаць, чаго нам не хапае. У нас бліскучыя адносіны. І я гэтым заўсёды ганаруся. Мы аднавілі самыя цёплыя адносіны з часоў Савецкага Саюза па ўсіх напрамках», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Вельмі тонкае пытанне» — Лукашэнка прапанаваў Аліеву паглыбіць супрацоўніцтва ў нафтавай галіне

У час сустрэчы кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць свайму азербайджанскаму калегу за падтрымку Беларусі ў сферы паставак вуглевадароднай сыравіны.

«Нам, можа, трэба недзе разгледзець пытанне паглыблення адносін менавіта ў гэтай сферы. Вельмі, зразумела, тонкае і далікатнае па прычыне таго, што Беларусь размешчана ў эпіцэнтры эканамічных і палітычных падзей. Але тым не менш няма невырашальных пытанняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Адносіны Беларусі і Азербайджана цалкам свабодныя ад усякіх праблем»

Азербайджанскі лідар адзначыў, што супрацоўніцтва паміж краінамі паспяхова развіваецца як у палітычнай сферы, так і ў эканоміцы. Паводле яго слоў, беларуска-азербайджанскім сувязям была нададзена такая дынаміка, што развіццё ідзе па ўсіх напрамках.

«Нашы ўзаемныя візіты маюць рэгулярны характар. Гэта ўсё сведчыць аб цесным палітычным узаемадзеянні, высокім узроўні даверу паміж краінамі і нацэленасці на вынік, — заявіў Ільхам Аліеў. — У нас адносіны цалкам свабодныя ад усякіх праблем. Нашы рэгулярныя кантакты дазваляюць проста падводзіць вынікі зробленага, намячаць наступныя крокі і рухацца наперад як два сябры, партнёры».


Як паведамлялася, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў правялі працяглую нефармальную сустрэчу. Адной з тэм перагавораў стаў міжнародны парадак дня.

Палац Прэзідэнта Азербайджана «Загульба» з’яўляецца часткай рэзідэнцыі азербайджанскага лідара, пабудаванай у 2008 годзе. Яна знаходзіцца ў пасёлку Загульба за 40 км ад Баку. У савецкія гады тут размяшчаліся ўрадавыя дачы.

Прэзідэнцкі палац размешчаны на беразе Каспійскага мора і прызначаны для правядзення афіцыйных сустрэч і перагавораў. У яго архітэктуры аб’яднаны элементы сучаснай сусветнай архітэктуры з азербайджанскім нацыянальным стылем.


«Нашы ацэнкі абстаноўкі ў свеце цалкам супадаюць»

Беларусь і Азербайджан дамовіліся перайсці на новую стадыю кааперацыі ў эканамічным супрацоўніцтве, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі пасля перамоў з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, падчас перамоў 13 і 14 красавіка бакі правялі грунтоўную рэвізію адносін. Быў пацверджаны стратэгічны характар адносін паміж Беларуссю і Азербайджанам і канстатавана адсутнасць праблем або разыходжанняў у меркаваннях па міжнародным парадку дня.

«Нашы ацэнкі абстаноўкі ў свеце цалкам супадаюць. Ёсць яснасць адносна далейшых сумесных дзеянняў ва ўмовах крызісу сусветнай эканомікі, пандэміі і, самае галоўнае, неадназначных прагнозаў на перспектыву», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў апошні час краіны прыкметна прасунуліся ў адносінах.

Падчас перамоў шмат увагі было нададзена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву і пераходу на новую стадыю кааперацыі. Гаворка ідзе аб трансферы тэхналогій і адкрыцці ў Азербайджане новых сумесных прадпрыемстваў: для стварэння неабходных вытворчасцяў і новых працоўных месцаў. «Мы гатовыя падставіць сваё плячо і зрабіць гэта адказна», — заявіў Прэзідэнт.

Вялікі патэнцыял для кааперацыйных сувязяў беларускі бок бачыць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, інфармацыйных тэхналогіях, ахове здароўя, турызме, адукацыі. Добрыя перспектывы бачацца для паглыблення ўзаемадзеяння ў навукова-тэхнічнай і ваенна-прамысловай сферах.

Бакі таксама прааналізавалі, як развіваецца пандэмічны сітуацыя ў свеце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі пачынаецца масавая вакцынацыя насельніцтва, для гэтых мэтаў будуць выкарыстоўвацца створаныя ў краіне па расійскіх тэхналогіях прэпараты. Аднак увесь аб'ём вырабленых вакцын Беларусь спажыць не зможа, таму іх гатовыя экспартаваць, у тым ліку і ў Азербайджан. «Гэта было ўспрынята не толькі станоўча, але і з пэўнай надзеяй», — распавёў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Ільхама Аліева ў Беларусь, дадаўшы, што некаторыя пункты праграмы яго візіту ўжо былі намечаныя. «Мы заўсёды былі і застанемся надзейнымі сябрамі вашай краіны», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Па выніках перамоў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева бакі падпісалі некалькі дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі заключыла мемарандум аб узаемаразуменні з агенцтвам харчовай бяспекі Азербайджана аб супрацоўніцтве ў галіне ветэрынарыі.

Мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы падпісалі кіраўнікі міністэрстваў энергетыкі.

Яшчэ адзін мемарандум заключаны паміж беларускім Нацыянальным агенцтвам па турызме і дзяржаўным агенцтвам па турызме Азербайджана.

Акрамя таго, дыстанцыйна падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж канцэрнам «Белнафтахім» і кампаніяй SOCAR.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».