Вы тут

Дзяўчынка-аўсянік, або Няма ліха без дабра


Дзесяцігадовая Уля не хацела разбірацца ў календары. Ён здаваўся ёй чымсьці бессэнсоўным. І сапраўды, навошта ведаць, калі твой дзень нараджэння? Дастаткова ведаць, што ты нарадзілася зімой! І тады, у адну цудоўную марозную раніцу, маці падхоплівае цябе з ложка, цалуе і віншуе з днём нараджэння, а потым — падарункі, свята, госці: усё гэта расцягваецца на некалькі дзён, таму і дату ведаць неабавязкова.


Уля запамінала прыкметы важных для яе дзён. Ну, напрыклад, бацькі дазваляюць не класціся спаць, а ў гасцінай стаіць упрыгожаная ёлка — значыць, наступае Новы год і Дзед Мароз прынясе падарункі.

Трэба сказаць, мяне як маці бянтэжыла яе нежаданне запамінаць назвы месяцаў і дзён тыдня. Гэта ж як даведацца, будны ці выхадны, калі не разумееш, які сёння дзень тыдня? У Ульяны ўсё было проста: маці разбудзіць, калі трэба, ў школу. А якія ўрокі рыхтаваць на заўтра? Які дзень тыдня пісаць у сшытку на ўроках? Уля не падзяляла маёй трывогі, таму што дамашняе заданне яна рыхтавала з дзецьмі ў «прадлёнцы», настаўніца дыктавала чысло і назву месяца на ўроку, а заплечнік яна ўвогуле не разбірала — насіла з сабой усе кнігі адразу.

Гэтую «нелюбоў» да календара я заўважыла, яшчэ калі малая была ў дзіцячым садку. Выхавальніцы супакойвалі: завядзе ў школе дзённік, і ўсё ў яе складзецца ў галаве. Але дзённік не дапамагаў ні ў першым, ні ў другім класе. Я прасіла педагогаў пазаймацца з ёй. Уля завучвала на памяць парадак дзён у тыдні, але праз дзень усё зноў забывала. Я падумала б, што гэта нейкае адхіленне, але справа ў тым, што малая вучыцца наогул добра. Толькі вось «каляндарная навука» — ну ніяк.

Ну, думаю, расце чалавек-аўсянік. Ніякіх табе турбот, планаў, тайм-менеджменту. Дзень пражыла — і добра.

Змянілася ўсё гэтай зімой. Ульяне спатрэбілася легчы на абследаванне ў бальніцу амаль на месяц. Саму дзяўчынку гэта ніяк не хвалявала. Яна і раней з дому з'язджала — у санаторый на месяц, і ўсё было добра. Яна так захаплялася санаторным жыццём, што магла нават забыцца мне патэлефанаваць і шчыра дзівілася, калі яе суседкі па пакоі выпрошвалі ў выхавальнікаў тэлефоны, каб пачуць галасы бацькоў.

— Мам, а ў бальніцы мне будуць рабіць балюча?

— Не, — адказвала я. — У прынцыпе гэта абследаванне не прадугледжвае нейкіх балючых маніпуляцый.

— А дзеці там будуць?

— Будуць.

— А як жа ўрокі?

— Вучыцца таксама будзеш.

Пасля апытання Улю больш не хвалявала яе будучае перамяшчэнне.

Затое хвалявала мяне, таму што падчас пандэміі наведваць дзіця ў аддзяленні нельга. Можна толькі перадаваць што-небудзь і тэлефанаваць у пэўны час.

У бальніцы Ульяне не спадабалася ўжо ў першы дзень. Яна вырашыла, што трэба вяртацца дадому.

— Мама, мне тут сумна. Пагуляць ніяк не атрымліваецца. Тэлевізар надакучыў. Калі ты за мной прыедзеш?

— Улька, прайшло толькі два дні. Табе там яшчэ каля месяца ляжаць.

— Гэта доўга?

— Гэта прыкладна 4 тыдні, або амаль 30 дзён.

— А гэта доўга?

Тыдзень мы абмяркоўвалі назвы месяцаў і дзён, гаварылі пра чыслы і пра тое, колькі яна там ужо ляжыць і колькі засталося... Уля блыталася, а калі ўрачы сталі мяняць дату выпіскі, то і ўвогуле прыйшла ў адчай. Але дапамагла санітарка, якая ўбачыла, як дачка прыстае з «каляндарнымі» пытаннямі да ўрачоў. Жанчына прапанавала ёй намаляваць каляндар самой і закрэсліваць даты да запаветнага выпісвання. Спачатку гэта былі проста квадраты з лічбамі. Потым Уля стала падпісваць дні тыдня, каб дакладна ведаць, калі я перадам ёй гасцінец. Зрэшты, абмеркаванне яе самаробнага каляндарыка стала асноўнай тэмай нашых размоў па тэлефоне. К таму часу як я забрала дачку з бальніцы, яна выразна разумела: ёй вельмі пашанцавала, што абследаванне не доўжыцца 12 месяцаў, што ў чацвер у бальніцы «лазневы дзень», а 10-га чысла кожнага месяца ў мамы зарплата.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».