Вы тут

Дэпутаты абмеркавалі новаўвядзенні ў Кодэкс аб адукацыі


 

На мінулым тыдні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прыняла законапраект «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі». Абмеркаванне новага законапраекта актыўна працягваецца. Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных і член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч сустрэліся з усімі зацікаўленымі на дыскусійнай пляцоўцы ў адным з раёнаў сталіцы. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, навучальных устаноў, бацькі абмеркавалі, якой будзе беларуская адукацыя заўтра.


Фота: БелТА.

«Мы правялі шырокую кампанію ў Кастрычніцкім раёне Мінска і сабралі прапановы ад многіх навучальных устаноў. Нас цікавіла, якія яны бачаць праблемы і аб чым жадаюць пагаварыць, каб эфектыўна выкарыстоўваць Кодэкс аб адукацыі. Ён мае сапраўды прынцыповае значэнне. Сістэма адукацыі — гэта аснова любога грамадства. І ад Кодэкса аб адукацыі залежыць будучыня дзяржавы. Усе дэпутаты вельмі актыўна ўключыліся ў гэтую дзейнасць. Наша задача пры паступленні новых законапраектаў — паглядзець на баланс грамадскіх інтарэсаў, інтарэсаў розных сацыяльных груп. І зрабіць так, каб закон быў збалансаваны і адказваў агульнанацыянальным інтарэсам», — расказаў Андрэй Савіных.

Удзельнікі гэтай дыскусійнай пляцоўкі засяродзілі сваю ўвагу на пытаннях, якія датычацца школьнай адукацыі. Сярод іх — профільныя і базавыя класы, парадак прыёму ў профільныя класы, трэцяя ступень адукацыі, ахова школ. Цікавасць выклікала пытанне, звязанае з удзелам бацькоў у адукацыйным працэсе. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі падкрэслілі, што ніякіх абмежаванняў для бацькоў няма. Але, згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, парадак удзелу бацькоў у навучальным працэсе будзе ўстаноўлены кіраўніком навучальнай установы. Гарачую дыскусію выклікала тэма прыёму ў гімназіі — крытэрыі адбору, якія будуць больш жорсткія, арганізацыя вучобы гімназістаў у профільных класах, навучальныя праграмы. Прапанова зрабіць для вучняў 10-11 класаў шасцідзённы вучэбны тыдзень не знайшла падтрымкі. Субота застанецца днём працоўнага і фізічнага развіцця навучэнцаў, у гэты дзень могуць праходзіць факультатыўныя заняткі. Пандэмія каранавіруса паставіла перад навучальнымі ўстановамі пытанне аб дыстанцыйным навучанні, якому знайшлося месца ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Гэта тэма стала важнай для ўдзельнікаў дыскусійнай пляцоўкі, яны абмеркавалі плюсы і мінусы такой формы навучання, яе ўплыў на развіццё навучэнцаў і эфектыўнасць засваення ведаў такім чынам. Прыйшлі да высновы, што школа патрэбная дзецям не толькі як крыніца ведаў, але і як спосаб сацыялізацыі. Таму дыстанцыйнае навучанне стане дадатковым інструментам традыцыйнага адукацыйнага працэсу.

Як падкрэсліў Сяргей Клішэвіч, Кодэкс аб адукацыі — гэта адзін з дакументаў, які датычыцца кожнага жыхара нашай краіны. Так ці інакш ён закранае ўсё наша насельніцтва. І ў сувязі з гэтым узнікае мноства пытанняў падчас яго абмеркавання і прыняцця.

На думку дэпутатаў, адно з важных пытанняў — як абараніць настаўнікаў ад пэўных праблем, з якімі яны сутыкаюцца ў школе, даць настаўнікам ахову. «Мы бачылі выпадкі, калі да настаўніка ставяцца абуральна, і мы не павінны больш такога дапусціць. У Кодэксе аб адукацыі будуць замацаваны правы педагогаў. На парадку дня знаходзіцца выхаваўчы аспект. У Кодэксе звяртаецца ўвага на лібералізацыю адносін «вучань—настаўнік—бацькі», каб у гэтым трохвугольніку былі выкананы інтарэсы ўсіх бакоў: дзеці маглі спакойна вучыцца, настаўнік мог спакойна выконваць сваю работу», — падкрэсліў парламентарый, заўважыўшы, што да абмеркавання новай рэдакцыі Кодэкса актыўна падключыліся і настаўнікі, і бацькі.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Аснова любога грамадства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».