Вы тут

Прайшло выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі


На базе Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка Міхаіла Высоцкага прайшло выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі. Яго тэма — развіццё сістэмы прафесійнай адукацыі і павышэнне прэстыжу рабочых прафесій у кантэксце праекта Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.


Думка аб тым, што надышоў час, калі не радыкальна, то ва ўсякім разе рашуча мяняць падыходы ў падрыхтоўцы масавых рабочых прафесій, прагучала ва ўступным слове спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай. Адсюль і патрабаванне: гэтую работу весці інакш, чым раней, так бы мовіць, у новым і больш адкрытым фармаце. Таму і ўзнікла ідэя правесці пашыранае пасяджэнне ў адной з навучальных устаноў, дзе ёсць пэўныя здабыткі ў гэтай сферы. Каб сенатары на свае вочы ўбачылі, як на практыцы ці ў рэжыме рэальнага часу працуе прафесійна-тэхнічная адукацыя краіны.

Пляцоўкай для грунтоўнай размовы каледж стаў невыпадкова. Гэта, нагадаем, адна з вядомых навучальных устаноў сталіцы. Яна ўяўляе сабой сучасны вучэбна-навуковы і вытворчы комплекс, у якім створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў. Тут ёсць рэсурсны цэнтр, лабараторыі і аўдыторыі з сучасным абсталяваннем, бібліятэка, чытальная зала, актавая і канферэнц-залы, спартыўныя і трэнажорныя залы, аўтадром. Каледж мае станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, школу падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кіроўцаў механічных транспартных сродкаў. Навучэнцы ўстановы — неаднаразовыя пераможцы міжнародных конкурсаў, алімпіяд, спаборніцтваў.

Карацей, каледж — тое месца, дзе можна і трэба прадметна і ўсебакова абмеркаваць сітуацыю ў прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны, яшчэ раз зрабіць акцэнт на неабходнасці павышэння прэстыжу рабочых прафесій.

А пытанне гэтае важнае і актуальнае, адзначыла спікер. Бо сёння зусім іншы ўзровень працоўных рэсурсаў. І таму сёння неабходна дакладна разумець, якая будзе патрэба ў кадрах на найбліжэйшую, сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву. Ужо зараз пралічыць усе нюансы, каб эканоміка забяспечвалася кваліфікаванымі кадрамі, сказала Наталля Качанава.

У ходзе пасяджэння былі разгледжаны змены ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Нагадаем, у першым чытанні законапраект прыняты на вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Міністр адукацыі Ігар Карпенка расказаў аб стане і запланаваных зменах у прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, спыніўся на пытаннях удасканалення структуры падрыхтоўкі кадраў рабочых спецыяльнасцяў, пераходу ад тыпавых вучэбных праграм да прыкладных, развіцця рэсурсных цэнтраў, паляпшэння прафарыентацыі.

Напрыклад, для павышэння цікавасці да рабочых прафесій з 2018 года для ўсіх базавых 10 і 11 класаў выкладаецца прадмет «Працоўнае навучанне». Яго мэта — арганізаваць падрыхтоўку школьнікаў больш чым па 100 прафесіях. Зараз у міністэрстве працуюць над метадычным забеспячэннем прафесійнай падрыхтоўкі вучняў, пераабсталяваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы школ, павышэннем кваліфікацыі педагагічных работнікаў.

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, сенатары ўжо падключыліся да работы над новай рэдакцыяй кодэкса. Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на ролю сродкаў масавай інфармацыі ў павышэнні прэстыжу рабочых прафесій. Паводле яе слоў, раней амаль у кожным газетным нумары на бачным месцы быў матэрыял пра чалавека працы — слесара, цесляра і г. д. Цяпер такое ўбачыш нячаста. З гэтай прычыны яна параіла арыентаваць СМІ на

адлюстраванне працы людзей на заводзе, у полі, расказваць пра іх жыццёвы шлях, справы і дасягненні.

Думкамі і меркаваннямі аб удасканаленні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў падзяліліся практыкі. Дырэктар аўтамеханічнага каледжа Валерый Кірыленка лічыць, што сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі трэба больш шчыльна працаваць з канкрэтнымі заказчыкамі яе выпускнікоў, асабліва з тымі прадпрыемствамі, якія ўкараняюць інавацыі ў вытворчасць. Адначасова, на яго погляд, інавацыі неабходныя і ў адукацыі. Прадпрыемствы павінны не толькі быць спажыўцамі кадраў, але і ўдзельнічаць у сумесным фінансаванні іх падрыхтоўкі, а таксама ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Як рыхтуюцца рабочыя кадры на прадпрыемствах, расказалі генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч, генеральны дырэктар «Амкадора» Аляксандр

Яфімаў. А старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік паведаміў аб практыцы прафарыентацыі сярод настаўнікаў школ. Так-так, менавіта настаўнікаў. Сёлета ў рэгіёне запушчаны прафарыентацыйны праект «#Эканоміка. Асоба. Будучыня». Яго задача — матываваць не толькі вучняў старэйшых класаў, але і дырэктараў школ і настаўнікаў наведваць мясцовыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, каб потым больш прадметна арыентаваць сваіх выхаванцаў на авалоданне рабочымі прафесіямі.

Безумоўна, у краіне назапашаны вялікі і карысны досвед у падрыхтоўцы рабочых кадраў, які вывучаецца і ўкараняецца як у блізкім замежжы, так і ў Кітаі, Індыі, Нігерыі, Пакістане і іншых краінах. Але, паводле слоў Наталлі Качанавай, трэба шукаць і знаходзіць прынцыпова новыя падыходы і механізмы, якія адпавядалі б запытам эканомікі будучага дня. Дэвіз «кадры вырашаюць усё» нікуды не сыходзіў і ніколі не сыдзе, таму што гэта сапраўды так, нягледзячы на бурнае развіццё інфармацыйных тэхналогій і лічбавізацыі, падкрэсліла спікер.

Леанід ТУГАРЫН

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Выбар прафесіі: новы фармат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?