Вы тут

Аляксандр Лукашэнка анансаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Маскве


Па словах кіраўніка краіны, хутчэй за ўсё візіт адбудзецца 22 красавіка. Пра гэта ён заявіў падчас перагавораў з прэм’ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным


Чарговы візіт расійскай урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ерам Міхаілам Мішусціным у Мінск — яшчэ адно сведчанне гатоўнасці бакоў да канструктыўнага збліжэння пазіцый і пошуку сумесных шляхоў развіцця. Падзеі мінулых часоў падкрэсліваюць, што Расія з’яўляецца надзейным саюзнікам нашай краіны, а блізкасць народаў не можа парушыць ні пандэмія, ні іншыя знешнія выклікі. Падцвярджаюць гэта і лічбы: тавараабмен сёлета за два месяцы вырас да 5 мільярдаў долараў, што на 15 % вышэй за мінулагодні паказчык, калі пандэмія толькі пачыналася. Статыстыка дае надзеі на рост, але і сведчыць пра неабходнасць большай сбалансаванасці гандлю — беларускі імпарт на 20 % перавышае экспарт. Але парадак дня сустрэчы Прэзідэнта Беларусі і расійскага прэм’ера быў яшчэ шырэйшы. Лакаматывам сувязяў даўно сябе зарэкамендавалі кантакты рэгіёнаў, таму ідзе змястоўная падрыхтоўка да традыцыйнага Форуму рэгіёнаў у ліпені. Адказам на знешні ціск можа стаць павелічэнне колькасці саюзных праграм. Шмат разоў адкладваўся разгляд пытанняў з коштам на энерганосьбіты і доступ на рынкі. У цэнтры ўвагі і вырашэнне праблем, навязаных ковідам, — аднаўленне транспартных зносін, вытворчасць у Беларусі вакцыны «Спадарожнік V».  

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сустрэча з Міхаілам Мішусціным і перагаворы з расійскай дэлегацыяй у беларускім урадзе абумоўлены прапановай Уладзіміра Пуціна, зробленай у Сочы, калі лідары краін сустракаліся і абмяркоўвалі шэраг праблем. Ён запэўніў: Беларусь гатова шчыра і сумленна вырашаць і абмяркоўваць існуючыя праблемы. Беларускі лідар адзначыў, што ведае, як напружана расійскі бок напярэдадні візіту працаваў над саюзнымі праблемамі (узгадненнем падатковай «дарожнай карты» — «Зв.»), як «пераварушылі» ўсе пытанні беларуска-расійскіх адносін.

«Гэта першае такое мерапрыемства. Мы ўчора з Пуціным (у тэлефоннай размове — «Зв.») дамовіліся пра наш графік працы па многіх пытаннях. Дзесьці ў канцы красавіка, хутчэй за ўсё 22-га мы сустрэнемся ў Маскве. Гэта будзе сур’ёзная сустрэча па абмеркаванню тых ці іншых праблем. Потым мы правядзём Форум рэгіёнаў. Вы ведаеце, што ён будзе ў Падмаскоўі. Потым — саюзны Саўмін, а потым верасень-кастрычнік дамовімся бліжэй па абстаноўцы — Вышэйшы дзяржаўны савет (Саюзнай дзяржавы — «Зв.»). І нам трэба гэты Вышэйшы дзяржсавет адзначыць добрым рухам у рамках Саюзнай дзяржавы», — расказаў Аляксандр Лукашэнка пра дамоўленасці з Прэзідэнтам Расіі за апошнія дні.

Міхаіл Мішусцін у адказ запэўніў, што заўсёды рады быць у Мінску і падкрэсліў гасцінны прыём, аказаны дэлегацыі. Ён дадаў, што напярэдадні абмяркоўваў у дэталях узаемадзеянне з Беларуссю з Прэзідэнтам Расіі. Па словах расійскага прэм’ера, ён заўсёды знаходзіцца ў цесным кантакце з беларускім калегам і членамі ўрада.

«Усе нашы і міністры, і віцэ-прэм’еры, і старшыні ведамстваў пастаянна працуюць над удасканаленнем нашых адносін і над бягучымі праблемамі. Мы пакрысе аднаўляем наш тавараабарот, расце лічба. Мы зафіксавалі, што падзенне пасля каранавіруса было значным. Зараз усё гэта аднаўляецца», — канстатаваў Міхаіл Мішусцін.

Ён нагадаў пра паступовае аднаўленне транспартных зносін у авія- і чыгуначным руху.

«Дзякуй Богу, каранавірусная інфекцыя адходзіць. Ёсць яшчэ шмат пытанняў: нашы медыкі папярэджваюць аб рызыках, якія могуць змяшчацца ў розных варыяцыях штамаў. Сумесныя меры, я спадзяюся, прывядуць нас да таго, што мы абаронімся ад гэтага віруса», — запэўніў прэм’ер-міністр Расіі і дадаў: ведае, як працуе беларуская вытворчасць «Спадарожніка V».

Міхаіл Мішусцін звярнуў увагу, што будуць інтэнсіфіцыраваны сёлета і культурныя сувязі з Беларуссю.

«І сёння, як вы сказалі, мы паглядзім, як магчыма інтэгрыраваць нашы сістэмы. Я даўно ведаю калег беларускіх з мытнай, падаткавай службаў. Гэта высокія прафесіяналы. Але нашы сістэмы, паколькі яны ўзаемадзейнічаюць у пастаянным рэжыме, калі ёсць тавараабарот, павінны быць інтэгрыраваны. Але што такое інтэграцыя? Гэта на карысць нашай Саюзнай дзяржавы выгада, а не нейкія паглынанні. Мы так гэта і бачым», — падкрэсліў прэм’ер.

Міхаіл Мішусцін прапанаваў паглядзець на магчымасці інтэграцыі на аснове найлепшых тэхналогій, якія прапануе і расійскі, і беларускі бок.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».