Вы тут

Чаму важна наладжваць сістэму збору электрычных адходаў?


Адходы электраабсталявання лічацца небяспечнымі, паколькі ўтрымліваюць цяжкія металы і азонаразбуральныя рэчывы, якія забруджваюць наваколле. Пры гэтым колькасць такога смецця штогод павялічваецца, чаму спрыяюць даступнасць электраабсталявання і тэхнічны прагрэс. У 2019-м, прынамсі, было сабрана і перапрацавана 22 тысячы тон, а летась — ужо каля 30 тысяч. Чаму важна наладжваць сістэму збору электрычных адходаў, расказалі эксперты.


Ядзернае смецце.

Збор электраабсталявання і яго выкарыстанне ў якасці другаснай сыравіны або абясшкоджванне ртуцьзмяшчальных адходаў (якія адносяцца да адходаў першага класу небяспекі) на спецыялізаваных прадпрыемствах падтрымліваецца ў Беларусі на дзяржузроўні, акрэсліў Максім ТАРАСАЎ, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Пры гэтым такія адходы маюць значны патэнцыял па выманні з іх каштоўных кампанентаў, што робіць прывабнай перапрацоўку. Небяспечнае смецце можна прынесці ў стацыянарныя пункты збору ці спецыялізаваныя кантэйнеры. Збор такіх адходаў дазваляе іх абясшкодзіць і быць упэўненымі, што шкодныя рэчывы з гэтых элементаў не трапяць у прыроднае асяроддзе.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» фінансуецца Еўрапейскім саюзам і мае на мэце стварыць эфектыўную сістэму раздзельнага збору электроннага і электрычнага абсталявання, у тым ліку батарэек і лямпачак.

Паколькі першапачаткова ініцыятыва была невялікая, а бюджэт абмежаваны, то для яе рэалізацыі быў выбраны адзін раён краіны, каб зрабіць праект паказальным і пасля распаўсюдзіць яго вынікі на ўсю Беларусь. Салігорскі раён — адзін з тых, дзе добра развіта прамысловасць і добра наладжаны збор іншых відаў адходаў, таму яго выбралі як доследную пляцоўку, патлумачыла Святлана ШОЦКАЯ, кіраўнік экалагічнай ініцыятывы «Стварэнне сістэмы збору адходаў электроннага і электрычнага абсталявання на тэрыторыі Салігорскага раёна Мінскай вобласці»:

— Комплексная сістэма прадстаўляе сабой некалькі элементаў: стварылі стацыянарны пункт збору, перасовачны прыёмны пункт, купілі і расставілі 40 кантэйнераў на тэрыторыі буйных гандлёвых прадпрыемстваў раёна. Дадатковыя 10 кантэйнераў для батарэек набылі нашы партнёры — кампанія БелВТІ.

Перасовачны пункт арганізавалі ў грузавым аўтамабілі, які ездзіць па заявах насельніцтва па раёне і забірае старую тэхніку і электраабсталяванне. А стацыянарны пункт адкрылі непасрэдна ў Салігорску, куды жыхары маглі прывесці электраадходы самі. Мяркуецца, што дзякуючы праекту ў раёне за год змогуць сабраць каля 160 тон «электрасмецця» (у шэсць разоў больш, чым раней).

Кампанія БелВТІ, дарэчы, мае вопыт работы з электраабсталяваннем з 70-х гадоў мінулага стагоддзя і спецыялізавалася на здабычы каштоўных металаў з гэтых адходаў.

— Сёння мы падзяляем створанае смецце на адходы ад спажывання і ад вытворчасці, — расказаў Юрый ГАЦКЕ, намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах кампаніі «БелВТІ». — На прадпрыемстве працуе лінія для перапрацоўкі шчолачных батарэек у так званую чорную масу, якую пасля плануем выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасці.

Практычна ва ўсіх электраадходах знаходзяцца нейкія каштоўныя мікраэлементы. У адной тоне звычайна ўтрымліваецца 3-5 грамаў у залатым эквіваленце каштоўных металаў: золата, срэбра, рудзій, паладзій, плаціна. Пры перапрацоўцы металы падзяляюцца асобна на чорныя, каляровыя і каштоўныя. Кілаграм адпрацаванай тэхнікі, дарэчы, каштуе ад 15 да 25 капеек.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Каштоўнасці ў батарэйцы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.