Вы тут

Беларускія «Эміраты». Як у Рэчыцкім раёне б'е «чорнае золата»?


На нафтавай карце Беларусі з'явілася новае радовішча, трэцяе з пачатку года. Яно атрымала назву Гур'янаўскае. Ужо гэтым летам тут з'явіцца першая свідравіна. Чакаецца атрымаць фантанны прыток нафты.


Новы аб'ект — Гур'янаўскае нафтавае радовішча — размясціўся ў Цэнтральнай зоне Прыпяцкага прагіну ў Рэчыцкім раёне. Адкрыццё новага радовішча супала з 55-гадовым юбілеем «Беларуснафты». Да таго ж першы прыток нафты на аб'екце супрацоўнікі атрымалі ў сваё прафесійнае свята — Дзень геолага.

Размешчана новае радовішча каля «Гарцаўскага», якое было адкрыта ў 2018 годзе. Гур'янаўскае знаходзіцца на глыбіні 4500 метраў. Нягледзячы на такую глыбіню залягання, нафта тут лёгказдабывальная, кажуць спецыялісты. Лабараторныя даследаванні паказалі высокія тэхналагічныя характарыстыкі сыравіны.

— Нафта, атрыманая на Гур'янаўскім радовішчы, лёгкая, з нашага традыцыйнага, карбанатнага калектара. Мы значна прасцей будзем яе здабываць, менш затрачваць рэсурсаў і тэхналогій. У апошнія гады мы істотна нарасцілі аб'ём камеральных работ і пошукава-разведачнага свідравання і за кошт гэтага адкрываем новыя радовішчы. Сёлета мы таксама актыўна працягнем гэтым займацца і да канца года разлічваем атрымаць новыя запасы нафты, — расказаў намеснік дырэктара інстытута «БелНДПІнафта» па геолагаразведачных работах Аляксандр Грудзінін.

Паводле папярэдняй ацэнкі, геалагічныя запасы Гур'янаўскага радовішча могуць скласці 600 тысяч тон. Больш дакладны падлік запасаў вуглевадародаў і іх пастаноўку на дзяржбаланс спецыялісты выканаюць пасля будаўніцтва і асваення свідравіны, а таксама вызначэння геалагічнай будовы радовішча.

Намеснік начальніка па геалогіі нафтагазаздабыўнога ўпраўлення «Рэчыцанафта» Сяргей Шавяленка расказаў, што, па даволі асцярожных ацэнках, на новым радовішчы чакаецца фантанны прыток на ўзроўні 20-30 кубічных метраў за суткі, што для Беларусі вельмі нядрэнна.

— У перспектыве з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій можам чакаць і да 50 кубаметраў у суткі. Гэта прыкладна на ўзроўні Расійскай Федэрацыі, на якую мы раўняемся, — растлумачыў Сяргей Шавяленка. — Сёння мы выкарыстоўваем самыя перадавыя тэхналогіі, якія практыкуюць вядучыя сусветныя карпарацыі, — гідраразрыў пласта, кластарныя перфарацыі.

Між тым Гур'янаўскае радовішча — ужо трэцяе адкрыццё 2021 года. Да гэтага спецыялістамі «Беларуснафты» былі Нова-Даманавіцкае і Усходне-Ізбыньскае радовішчы. У бягучым годзе прырост запасаў вуглевадародаў ужо цалкам кампенсаваў гадавую здабычу нафты.

У сваю чаргу нафтавікі ўпэўнены, што цэнтральная структурная зона Прыпяцкага прагіну — вельмі перспектыўная тэрыторыя і яе рэсурсны патэнцыял яшчэ не поўнасцю раскрыты.

— Нафтаносны Прыпяцкі прагін не перастае радаваць геолагаў, — звяртае ўвагу наsмеснік генеральнага дырэктара ДВА «Беларуснафта» Пётр Поўжык. — За апошнія пяць гадоў тут было адкрыта восем новых радовішчаў.

Варта адзначыць, у найбліжэйшыя два гады ў цэнтральнай частцы прагіну плануюць прасвідраваць 13 пошукава-разведачных свідравін. Якія з іх потым прынясуць практычную аддачу, пакажа час.

— У сярэднім сусветная статыстыка вагаецца ў межах 30 працэнтаў. Гэта значыць, з дзясятка пошукава-разведачных свідравін 3-4 становяцца прадукцыйнымі. Наш рэгіён па тэхналогіях пастаянна рухаецца наперад, таму ў нас лічба вышэйшая — прыкладна 60 працэнтаў удач, — дадае Пётр Поўжык. — Вядома, аб'ёмаў нафты, якая здабывалася ў Беларусі ў 1960-х гадах, дасягнуць складана. Многія тэрыторыі ўжо падрабязна вывучаны, таму кожнае адкрыццё становіцца сур'ёзным дасягненнем. Паспяховая геолагаразведка ў рэгіёне дазваляе кампаніі «Беларуснафта» прытрымлівацца самага важнага стратэгічнага кірунку — павелічэння гадавых аб'ёмаў здабычы нафты. Прырост вымаемых запасаў склаў 7,5 мільёна тон. З 2018 года за кошт з'яўлення новых запасаў мы стабільна выйшлі на 100-працэнтную кампенсацыю нафты, якая здабываецца. То-бок колькі здабываем — столькі ж знаходзім новых выкапняў. І такую дынаміку плануем захаваць на найбліжэйшую перспектыву.

Сумарна сёлета прадпрыемства разлічвае здабыць 1 мільён 730 тысяч тон нафты.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.