Вы тут

Беларуская ўніверсальная таварная біржа адкрывае кітайскія гарызонты*


Эканамічныя і гандлёвыя адносіны паміж Кітаем і Беларуссю працягваюць дынамічна развівацца, кожны дзень набываючы новых удзельнікаў. Цяпер сярод іх і Беларуская ўніверсальная таварная біржа (БУТБ), чый цэнтральны офіс 14 красавіка наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн. Афіцыйны візіт на БУТБ прадстаўніка Паднябеснай у нашай краіне стаў новым этапам беларуска-кітайскага сяброўства.


«Біржавы тавараабарот Беларусі з Кітаем за першы квартал 2021 года дасягнуў 7,5 млн долараў. У апошнія два гады ў нас актыўна развіваецца біржавы гандаль паміж Кітаем і Беларуссю. Рост назіраем практычна па ўсіх таварных пазіцыях, якія выстаўляюцца на продаж у Кітай. БУТБ распрацавала шэраг інструментаў, якія дапамагаюць кітайскім кампаніям проста, хутка і эфектыўна выйсці на беларускі рынак. І непасрэдна біржа сваімі механізмамі спрасціла пошук партнёраў на беларускім рынку, зрабіла куплю і продаж тавараў хуткімі», — расказаў старшыня праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы» Аляксандр Асмалоўскі.

Сёння пул замежных удзельнікаў біржавых таргоў складаецца з амаль пяці тысяч кампаній з 63 краін свету. Пяцітысячная кампанія-нерэзідэнт акрэдытавалася на БУТБ зусім нядаўна, у пачатку красавіка. Сімвалічна, што гэта была менавіта кітайская кампанія — гандлёва-вытворчае прадпрыемства Wenzhou Ruіjun Steel Co. Ltd. Як паведамляла прэс-служба БУТБ, Wenzhou Ruіjun Steel плануе выкарыстоўваць біржавую пляцоўку для паставак у Беларусь металапракату і іншых вырабаў з чорных металаў, неабходных на прадпрыемствах прамысловага сектара.

Усяго на БУТБ акрэдытавана 36 кітайскіх кампаній. Кітайскі рынак — адзін з лідараў па тэмпах росту аб'ёмаў біржавых здзелак сярод усіх рынкаў, з якімі Беларусь вядзе біржавы гандаль.

«Кітайскія кампаніі ўсё больш і больш прыходзяць да нас, і мы назіраем рост як па колькасці ўдзельнікаў, так і па аб'ёмах гандлю. Калі ў 2019 годзе ў нас на біржавых таргах не было ніводнай кітайскай кампаніі, то сёння, па выніках першага квартала 2021 года, на нашай гандлёвай пляцоўцы працуюць ужо 40 кітайскіх кампаній і два брокеры. Калі казаць пра вынікі нашага гандлю з Кітаем, яны пакуль не вельмі ўражваюць, але па дынаміцы відаць, як яны развіваюцца. За ўвесь 2020 год наш біржавы тавараабарот з Кітаем складаў $13,5 млн, а за першы квартал 2021 года дасягнуў ужо 7,5 млн долараў. Таму я магу прагназаваць, што па выніках 2021 года мы перасягнём паказчык мінулага года», — расказаў Аляксандр Асмалоўскі.

Старшыня праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Аляксандр Асмалоўскі знаёміць Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Се Сяаюна з дзейнасцю біржы.

Лепш адзін раз убачыць

З удзелам Беларускай універсальнай таварнай біржы беларускія тавары прадаюцца ў Кітаі, а кітайская прадукцыя пастаўляецца ў Беларусь. Кітайскі бок зацікаўлены ў беларускіх піламатэрыялах, рапсавым масле, сухім малацэ і цукры, а айчынныя кампаніі актыўна набываюць кітайскую металапрадукцыю.

«На жаль, кітайскі рынак пачаў засвойвацца зусім нядаўна. Традыцыйна першыя месцы па экспартных пазіцыях займаюць еўрапейскія краіны. У цяперашні час 82 % экспарту праз біржавыя таргі прыпадае на краіны ЕС. Сённяшні візіт пасла Кітая знакавы, гэта паказчык таго, што біржавыя таргі занялі пэўнае месца ў нашым узаемным гандлёвым абароце. Кітай зацікаўлены біржавымі таргамі, таму што біржа дазваляе суб'ектам гаспадарання Кітая хутка знайсці партнёраў у Беларусі і эфектыўна заключыць здзелкі», — падкрэсліў кіраўнік БУТБ.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн адзначыў, што спецыяльна вырашыў наведаць Беларускую ўніверсальную таварную біржу. Па яго словах, дзелавое супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю развіваецца вельмі плённа, нягледзячы на цяжкую эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце. «Як у вас кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму я прыехаў асабіста ўбачыць знакамітую беларускую біржу. У мяне вельмі добрыя ўражанні. Таварная біржа адыгрывае важную, актыўную ролю ў наладжванні адносін падчас пандэміі, паколькі здзелка анлайн праводзіцца незалежна ад сітуацыі ў свеце. Ваша біржа ўносіць значны ўклад у дыверсіфікацыю гандлю паміж Кітаем і Беларуссю», — адзначыў Се Сяаюн.

У памяшканні біржы.

Падчас афіцыйнага візіту ён паглядзеў, як у рэжыме рэальнага часу ў «біржавой яме» праходзіць спецыялізаваная сесія таргоў лесапрадукцыяй для кітайскіх кампаній. Як ужо адзначалася, лесапрадукцыя — адна з асноўных таварных пазіцый, па якіх заключаюцца здзелкі. Піламатэрыялы, фанера, паліўныя брыкеты і гранулы карыстаюцца попытам у многіх замежных кампаній, у тым ліку і кітайскіх. Дарэчы, Кітай і Вялікабрытанія ў першым квартале 2021 года сталі самымі актыўнымі рынкамі збыту піламатэрыялаў праз БУТБ. На брытанскі рынак было рэалізавана 8,5 тысячы метраў кубічных пілапрадукцыі на суму больш за $2 млн. За студзень-сакавік праз біржавую пляцоўку ў кітайскім напрамку адправілася 24,8 тысячы метраў кубічных беларускіх піламатэрыялаў на суму $5,4 млн, што ў два разы пераўзыходзіць мінулагоднія паказчыкі. У сакавіку быў устаноўлены своеасаблівы рэкорд. Па выніках спецыяльнай гандлёвай сесіі, праз БУТБ у Кітай былі прададзены піламатэрыялы на агульную суму $2,6 млн долараў. Як расказвалі прадстаўнікі БУТБ, у грашовым эквіваленце гэта самая вялікая партыя піламатэрыялаў, прададзеная на біржы з дастаўкай да пункта назначэння на тэрыторыі Кітая. Яшчэ адной асаблівасцю тых знакавых таргоў стаў высокі ўзровень канкурэнцыі паміж пакупнікамі, што дазволіла беларускім экспарцёрам дадаткова зарабіць $220 тысяч дзякуючы росту цэн. Такія спецыяльныя сесіі па продажы піламатэрыялаў з дастаўкай у кантэйнерах да пункта назначэння праводзяцца на БУТБ са снежня 2020 года. За студзень-люты 2021 года аб'ёмы паставак айчыннай пілапрадуцыі ў Кітай у грашовым выражэнні складаюць каля $5 млн, што сведчыць аб іх актыўным росце. Перспектывы павелічэння аб'ёмаў паставак беларускіх лесаматэрыялаў у Кітай сталі асобным пунктам перамоў паміж старшынёй праўлення БУТБ Аляксандрам Асмалоўскім і кітайскім паслом Се Сяаюнам.

У межах візіту на БУТБ пасол КНР таксама азнаёміўся з работай кітайскай кампаніі Taomu (Suzhou) Іnformatіon Technology, якая з'яўляецца буйным імпарцёрам піламатэрыялаў і са снежня 2020 года актыўна ўдзельнічае ў таргах на беларускай біржавой пляцоўцы.

Падчас перамоў Аляксандр Асмалоўскі і Се Сяаюн абмеркавалі мэтазгоднасць правядзення спецыялізаваных гандлёвых сесій для кітайскіх кампаній па сельскагаспадарчай і металапрадукцыі. Акрамя таго, плануецца правядзенне практычнага семінара з выездам у рэгіёны Беларусі для кітайскіх кампаній і супрацоўнікаў Пасольства КНР, а таксама іншых мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне партнёрства БУТБ з прадстаўнікамі кітайскага бізнесу. Са свайго боку кітайскае пасольства паабяцала садзейнічаць падключэнню новых кампаній да арганізацыі кантэйнерных чыгуначных паставак беларускіх тавараў у Кітай і назад у межах ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях».

«Няхай Беларуская ўніверсальная таварная біржа стане паскаральнікам развіцця гандлю паміж Кітаем і Беларуссю, садзейнічае высакаякаснаму развіццю гандлёвых адносін Кітая і Беларусі, дасць новы пункт росту ўзаемнага гандлю нашых краін», — пажадаў Се Сяаюн у Кнізе ганаровых гасцей БУТБ.

Гасцям з Кітая была паказана прэзентацыя пра дзейнасць біржы.

Гандаль без перапынку

На БУТБ дзейнічае чатыры гандлёвыя секцыі: лесапрадукцыі, металапрадукцыі, сельскагаспадарчай прадукцыі і прамысловых і спажывецкіх тавараў. Пакуль што секцыя лесапрадукцыі самая запатрабаваная ў кітайскіх партнёраў. У секцыі прамысловых спажывецкіх тавараў прадаецца ўвесь спектр тавараў, якія вырабляюцца ў Беларусі. Як расказаў Аляксандр Асмалоўскі, гэта секцыя працуе ў кругласутачным рэжыме як электронная гандлёвая пляцоўка. Яна вельмі дынамічная, і на ёй можна прадаваць амаль усё.

Раней прэс-служба БУТБ паведамляла, што пастаўкі на рынак Кітая сталі драйверам росту экспарту рапсавага алею. У студзені-лютым экспарт гэтага прадукту вырас у чатыры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў коштавым і натуральным выражэнні. У першыя два месяцы 2021 года экспарт рапсавага алею праз БУТБ дасягнуў $15,5 млн. Праз рост цэн на біржавых таргах беларускія экспарцёры атрымалі дадатковы прыбытак каля $204 тысяч. Спецыялісты БУТБ адзначаюць, што ёмістасці кітайскага рынку дастаткова для таго, каб рэалізаваць увесь экспартны патэнцыял беларускай алейнатлушчавай галіны. Па аб'ёмах закупак рапсавага алею гэта краіна ўжо ўвайшла ў тройку лідараў разам з Літвой і Швейцарыяй. Цалкам магчыма, што да канца 2021 года кітайскі напрамак стане прыярытэтным для беларускіх вытворцаў.

Садзейнічаюць плённаму развіццю партнёрскіх адносін і сучасныя тэхналогіі. Работа БУТБ не спыняецца нават падчас цяжкага эпідэміялагічнага становішча ў свеце — усе здзелкі ажыццяўляюцца анлайн. Як падкрэсліў кіраўнік біржы Аляксандр Асмалоўскі, гэта эфектыўны і хуткі спосаб, які дапамагае кожны дзень у рэжыме рэальнага часу ажыццяўляць па 2000 здзелак.

Адна з асноўных мэт БУТБ на 2021 год — павелічэнне долі кітайскіх кампаній у біржавым тавараабароце. Для дасягнення гэтага будзе пашырана не толькі кола ўдзельнікаў таргоў з Кітая, але і асартымент тавараў, якія пастаўляюцца праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу на кітайскі рынак.

Даведка. Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» было створана ў 2004 годзе. А ўжо праз год — у 2005-м — былі праведзены першыя таргі. Беларуская ўніверсальная таварная біржа — адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. Праз біржу рэалізоўваецца металапрадукцыя, леса- і сельскагаспадарчая прадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

*Рэклама на партале

*УНП 190542056

Загаловак у газеце: Шчыра, адкрыта і па-дзелавому

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?