Вы тут

Майстар выцінанкі лічыць, што кожны здолее зрабіць падарунак з дапамогай паперы і нажніц


Асабіста мая цікавасць да гэтага мастацтва прачнулася падчас наведвання аднаго з беларуска-кітайскіх форумаў, які праходзіў у Гродне. Майстар з Паднябеснай выразаў на вачах удзельнікаў мудрагелістыя ўзоры, прычым з такімі тонкімі і дробнымі дэталямі, што нельга было не здзівіцца.


Арганізатар імпрэзы, якая бачыла маё захапленне, папрасіла майстра падарыць адзін такі папяровы цуд. Яна патлумачыла і яго сэнс: дзве качкі, якія плывуць па вадзе пад кветкай лотаса, сімвалізуюць згоду і дабрабыт у доме. З тае пары заўсёды звяртаю ўвагу на работы майстроў па выцінанцы. Нядаўна зацікавілі творы гродзенкі Таццяны Нікіцік, якія ўвайшлі ў экспазіцыю выстаўкі «Крыніцы народных талентаў».

Дарэчы, пра Кітай. Аказваецца, выцінанка прыйшла менавіта адтуль, і звязана гэта са з'яўленнем паперы. Таму невыпадкова кітайскія майстры такія здольныя ў гэтай справе. Яны ўдасканальваюць сваё майстэрства на працягу многіх стагоддзяў. Дарэчы, і само слова «выцінанка» азначае «старанна выводзіць узор, займацца нечым карпатлівым».

А вось беларуская выцінанка значна маладзейшая. Як расказала вядучы метадыст па народных промыслах Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч, росквіт айчыннага майстэрства прыйшоўся на канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў. Існуе меркаванне, што сёлета беларускай выцінанцы роўна сто гадоў. А яшчэ лічыцца, што гэта самы просты і даступны від творчасці. Магчыма, так было раней. Бо папярэднікамі сучасных высокамастацкіх твораў былі простыя папяровыя сурвэткі, фіранкі, гірлянды, якія ўпрыгожвалі жытло. У першую чаргу такія ўзоры былі абрамленнем абразоў на покуці. Па словах Яніны Барысевіч, выцінанка стала масавай з'явай у пасляваенныя гады. А ў 1960—1970-х на змену папяровым вырабам прыйшлі больш даўгавечныя матэрыялы. Старыя выцінанкі ніхто не захоўваў, іх, як правіла, спальвалі. Пазней этнографы і музейныя работнікі літаральна па крупінках сталі збіраць такія вырабы і пасля экспедыцый рабілі выстаўкі.

Але выцінанка не сышла ў нябыт, а вярнулася ў новай якасці. У 70—80-я гады мінулага стагоддзя творчасць адраджаецца як цікавасць да традыцыйнай спадчыны і становіцца раўнапраўным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Хоць і нельга сказаць, што масавым. Напрыклад, мне не даводзілася бачыць такія работы на гарадскіх кірмашах. Як правіла, іх часцей можна сустрэць на выстаўках. На адной з іх і адбылося знаёмства з маладым майстрам Таццянай Нікіцік. Яна па адукацыі мастак-дызайнер, працуе ў сферы культуры, не так даўно захапілася выцінанкай. Можна сказаць, што адна з першых у Гродзенскім раёне ўзялася запоўніць свабодную нішу.

На выставе майстроў народнай творчасці прадстаўлена нямала яе работ. Напрыклад, серыя з двух дзясяткаў мініяцюр пад назвай «Дакрануцца да гісторыі» прысвечана славутасцям Гродзенскага раёна. Гэта аб'екты, якія занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Яны ёсць у многіх населеных пунктах: гэта храмы, палацы, сядзібы. Таццяна рабіла эскізы па фотаздымках, а потым вырэзвала. Яшчэ адна серыя работ прысвечана старажытным народным сімвалам.

— Выцінанка, на мой погляд, — такое мастацтва, дзе важна захаваць традыцыі. Гэта сімвалы, якія прыйшлі з даўніх часоў. Напрыклад, «дрэва жыцця» — сімвал роду. Карані — нашы продкі, ствол — бацькі, а галінкі — дзеці. Вядома, могуць быць розныя інтэрпрэтацыі гэтага сімвала, але агульны пасыл менавіта такі, — тлумачыць субяседніца.

На яе думку, такая сакральнасць, далучэнне да народных традыцый дае адчуванне радасці і нейкай магічнай моцы. І гэты аспект варта захаваць у сённяшняй хвалі цікавасці да гэтай твочасці, лічыць Таццяна Нікіцік. Таму ў выцінанках імкнецца адлюстраваць менавіта народныя сімвалы. Сімволіка выцінанкі вельмі блізкая да сімволікі арнаментаў.

Тут абавязкова прысутнічаюць птушкі. Калі яны павернуты дзюбкамі адна да адной, гэта азначае шчасце і дабрабыт. Зоркі, анёлы, буслы, валошкі, велікодныя яйкі, раслінны арнамент — усё гэта характэрна для выцінанкі Гродзеншчыны.

— Каб вырэзваць, трэба намаляваць, але многія вопытныя майстры могуць рабіць без схемы, — дзеліцца сакрэтамі творчасці Таццяна. — Штосьці я таксама магу сама вырэзваць без схемы, напрыклад, дрэва жыцця. Тут выкарыстоўваецца адзін ліст паперы, цэльны. Складваюць паперу рознымі спосабамі для сіметрыі. Па згібах вырэзваюцца ўзоры. Можна вырэзваць цэнтрычны — гэта як сняжынка, толькі больш складана, квадратнай ці іншай формы. Ёсць яшчэ такое складванне, як рапортнае. Гэта калі з палоскі складваецца гармонік і вырэзваецца.

У работах Таццяны пераважаюць тыя колеры, якія выкарыстоўвалі раней. Звычайна гэта манахромная гама: чорны, белы, чырвоны, барвовы, цёмна-сіні. Яркія фарбы, па словах майстра, для беларускай выцінанкі не характэрны. У асноўным тоны больш прыглушаныя. У рабоце карыстаецца маленькімі нажніцамі, якія могуць прарэзваць усе малыя дэталі. Ад гэтага залежыць дэкаратыўнасць вырабу. Гатовую работу Таццяна наклейвае на паперу, потым прасуе. Цікаўлюся, ці можна авалодаць такім майстэрствам.

— Гэта не так складана, як падаецца на першы погляд, — лічыць рукадзельніца. — Пры жаданні такую тэхніку можна засвоіць. Магчыма, не ва ўсіх атрымаецца нейкі мудрагелісты і складаны ўзор. Між тым зрабіць віншавальную паштоўку з элементам выцінанкі па сілах многім.

Галоўнае — быць максімальна акуратным, настойлівым і цярплівым. Тады вынікам можа стаць твор, які парадуе не толькі выканаўцу, але і таго, каму паштоўка адрасавана. Дарэчы, нямала майстар-класаў па выцінанцы можна знайсці ў інтэрнэце. Напрыклад, паспрабаваць выразаць у спрошчаным варыянце тое ж дрэва жыцця і такім чынам далучыцца да сапраўднай народнай творчасці з мінімальным наборам матэрыялу. Па словах Таццяны, папяровы арт прынясе задавальненне кожнаму, а можа, і дасць новы імпульс для далейшай творчасці. А яшчэ даказана, што вырэзванне з паперы з'яўляецца добрым аўтатрэнінгам для нервовай сістэмы, дае душэўную раўнавагу і здымае стрэс. І ўвогуле, гэта прыгожа. Нездарма выцінанка набірае шмат прыхільнікаў. Апошнім часам дэкаратыўна-прыкладное мастацтва папулярнае і ў гарадской культуры: упрыгожванне вітрын, вокнаў, інтэр'ераў. Выцінанка з прымітыўнага рамяства выйшла на прафесійны ўзровень.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Паштоўкі ў стылі «папяровы арт»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.