Вы тут

У паліклініках набірае тэмпы вакцынацыя ад COVІD-19


У многія паліклінікі ўжо паступіла вакцына ад COVІD-19, і на прышчэпкі запрашаюць усіх, хто раней выказаў жаданне. Нагадаем, запісацца на ўкол можна ў паліклініцы па месцы жыхарства — па тэлефоне, на сайце, пры асабістым наведванні. Калі падыдзе чарга і ў дастатковай колькасці з'явіцца вакцына, людзям будуць тэлефанаваць і запрашаць.


На самыя распаўсюджаныя пытанні па вакцынацыі мы папрасілі адказаць урача агульнай практыкі 11-й гарадской паліклінікі Андрэя Макарэвіча.

Хто мае права на прышчэпку?

У Беларусі, як і ў іншых краінах, прышчапляюць у парадку чаргі. Прышчэпачная кампанія ў краіне ідзе ў чатыры этапы.

  • 1-ы этап. Вакцынацыя медработнікаў, спецыялістаў сферы адукацыі, сацыяльнай сферы, людзей сталага ўзросту, якія жывуць у інтэрнатах.
  • 2-і этап. Вакцынацыя людзей ва ўзросце 60+, асоб з хранічнымі захворваннямі, якія могуць пагаршаць стан арганізма падчас хваробы.
  • 3-і этап. Людзі, у якіх з-за работы ёсць высокая рызыка заражэння: са сферы гандлю, сацабслугоўвання, кіроўцы грамадскага транспарту, супрацоўнікі камунальных службаў.
  • 4-ы этап. Усе ахвотныя.

Прышчэпка для ўсіх катэгорый беларусаў бясплатная.

Якой вакцынай прышчапляюць у Беларусі?

Зараз прышчапляюць дзвюма вакцынамі — расійскай «Гам-Кавід-Вак» («Спадарожнік V») і кітайскай Vero Cell. Пры гэтым ужо пачаўся разліў першых прамысловых серый вакцыны «Спадарожнік V» з паўпрадукту на айчынным прадпрыемстве «Белмедпрэпараты».

Ці ёсць супрацьпаказанні для вакцынацыі?

Прышчэпка прызначана для прафілактыкі новай каранавіруснай інфекцыі (COVІD-19) у дарослых, старэйшых за 18 гадоў.

Супрацьпаказанні:

  • гіперадчувальнасць да якога-небудзь кампанента вакцыны або вакцыны, якая змяшчае аналагічныя кампаненты;
  • цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнезе;
  • вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні, абвастрэнне хранічных захворванняў (у такім выпадку вакцынацыю праводзяць праз 2—4 тыдні пасля выздараўлення або рэмісіі. Пры няцяжкіх ВРВІ, вострых інфекцыйных захворваннях страўнікава-кішачнага тракту вакцынацыю праводзяць пасля нармалізацыі тэмпературы);
  • цяжарнасць і перыяд груднога кармлення;
  • узрост да 18 гадоў (у сувязі з адсутнасцю даных аб эфектыўнасці і бяспецы).

Ці ёсць узроставыя абмежаванні для пажылых людзей?

Людзі пасля 60 гадоў могуць прышчапляцца, але, калі ў іх маюцца хранічныя захворванні, варта перад вакцынацыяй прайсці дыспансерызацыю.

Якія пабочныя рэакцыі бываюць пасля прышчэпкі?

Часцей за іншыя могуць развіцца кароткачасовыя агульныя рэакцыі: непрацяглы грыпападобны сіндром, які характарызуецца дрыжыкамі, павышэннем тэмпературы цела, артралгіяй, міялгіяй, астэніяй, агульным недамаганнем, галаўным болем, а таксама мясцовыя (хваравітасць у месцы ін'екцыі, гіперэмія, ацёчнасць). Радзей адзначаюцца млоснасць, дыспепсія, зніжэнне апетыту, часам — павелічэнне рэгіянальных лімфавузлоў. У некаторых пацыентаў магчыма развіццё алергічных рэакцый.

У выпадку пабочных рэакцый рэкамендуецца прызначэнне нестэроідных супрацьзапаленчых сродкаў (пры павышэнні тэмпературы пасля вакцынацыі) і антыгістамінных сродкаў (пры выяўленай мясцовай рэакцыі).

Ці можна захварэць пасля вакцынацыі?

Адзначаюцца выпадкі захворвання ў перыяд вакцынацыі, не звязаныя з увядзеннем першай дозы вакцыны.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Іншай альтэрнатывы няма

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.