Вы тут

У Мінску праходзіць міжнародны фестываль музыкі «Мінская вясна»


Міжнародны фестываль музыкі «Мінская вясна» — адна з самых значных падзей у культурным жыцці нашай краіны. Сваё натхненне дораць прызнаныя майстры сусветнага і айчыннага выканальніцкага мастацтва, творчасць якіх адлюстроўвае найлепшыя дасягненні беларускай і замежных кампазітарскіх школ, перадавыя імкненні сучаснай мастацкай творчасці. Гэтымі днямі (з 3 да 27 красавіка) ужо 36-ы раз праходзіць на пляцоўках Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сёлета запланавана з 11 канцэртаў.


Падарожжа ў часе

«Мінская вясна» пачалася 3 красавіка з папулярнага канцэрта «Музыкатэрапія. Рэнесанс і барока». Аўтар і выканаўца фартэпіянных партый саліст Белдзяржфілармоніі Арцём Шаплыка і музыканты, якія ігралі на незвычайных старажытных інструментах (флейта-траверса, клавесін, лютня...), перанеслі слухачоў у часы, калі чароўную музыку стваралі Г. Ф. Гендэль, І. С. Бах, Д. Скарлаці, С. Вайс, Дж. Качыні ды іншыя. Мелодыі рэлакс-праграмы суправаджаліся прыглушаным святлом, на сцэне гарэлі свечкі, на вялікім экране дэманстраваліся карціны мастакоў эпохі Рэнесансу, прыгожыя краявіды.

4 красавіка народны артыст Беларусі прафесар Ігар Алоўнікаў прадставіў праект «Тэатральныя старонкі ў гуках раяля». На сцэне Малой залы імя Р. Шырмы ажылі папулярныя эпізоды трагедыі І. Гётэ «Эгмонт», драмы Г. Ібсена «Пер Гюнт», балетаў «Маленькі прынц» і «Спартак» і інш. Музыка Л. В.  Бетховена, Э. Грыга, Я.  Глебава, А. Багатырова, П. Чайкоўскага, А. Хачатурана, Ж. Бізэ прагучала ў канцэртных апрацоўках для аднаго і двух фартэпіяна ў тым ліку самога маэстра Алоўнікава.

Тэмы эпох Рэнесансу і Барока прасочваюцца таксама яшчэ ў трох канцэртах, якія адбудуцца ў малой зале. Гэта ўнікальныя музычныя з’явы і зацікавяць не толькі прафесіяналаў, але і аматараў.

9 красавіка, Вольга Янум, галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, разам з салістамі хору і выканаўцамі Паўлам Кухтам (гітара), Кацярынай Петрыкавай (клавесін), Мікітам Краўцом (віяланчэль) запрасілі на канцэрт «З глыбіні стагоддзяў. Музыка старых майстроў», дзе можна пачуць творы Дж. Карысімі, Г. Пёрсала, Дж. Даўленда, Дж. Габрыелі, К. Мантэвердзі, У. Бёрда, К. Ле Жона.

16 красавіка Людміла Каліноўская, дырыжор, педагог, аўтар аркестравых перастварэнняў, прапанавала гледачам праект «У люстэрку часоў. Іконы стылю: Бах, Гендэль». Шэдэўры двух знакамітых майстроў нямецкага барока прагучаць у выкананні маладых музыкантаў Максіма Шкулепы, Андрэя Іванова, Юрыя Каліноўскага, Караліны Носкі. Сумесна з камерным аркестрам «Прэлюдыя» і ансамблем салістаў «Класік-Авангард» яны прадставяць публіцы новае асэнсаванне добра вядомых твораў.

23 красавіка ўвазе слухачоў — музычныя творы майстроў канца Галантнага стагоддзя: Карла Філіпа Эмануэля Баха, Людзвіга ван Бетховена, Франца Ёзэфа Гайдна. Выканае праграму ансамбль «Камерныя салісты Мінска» (Галіна Мацюкова — флейта-траверса, Алена Мальцава і Аляксей Загорскі — скрыпка, Аляксандра Іванова — альт, Мікіта Кра-
вец — віяланчэль, Дзмітрый Зубаў, мастацкі кіраўнік і дырыжор, — клавесін). Ансамбль — унікальны ў Беларусі калектыў, які спецыялізуецца на выкананні музыкі даўніны ў гістарычна арыентаванай манеры.

Нараджэнне зорак

9 сакавіка, у Вялікай канцэртнай зале навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прапанавалі далучыцца да святкавання 85-годдзя сваёй альма-матар. Сярод выпускнікоў гэтай установы — салісты айчыннай і расійскай філармоній, вядучыя майстры Вялікага тэатра оперы і балета, салісты і кіраўнікі аркестраў і творчых калектываў сусветнага ўзроўню, прафесары, дацэнты, выкладчыкі, вядучыя супрацоўнікі Міністэрства культуры, музычныя крытыкі... Цяперашнія юныя навучэнцы каледжа — творчыя калектывы, салісты — лаўрэаты міжнародных конкурсаў — імкнуцца да гэткіх жа вышынь і прадэманстравалі свае дасягненні ў канцэрце.

А 24 красавіка ў Малой зале імя Р. Шырмы выступілі юныя музыканты ўжо з Масквы — навучэнцы Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага. Лаўрэаты міжнародных конкурсаў Мішэль Бушкова (скрыпка, фартэпіяна), Даніла Уладыка (віяланчэль), Анастасія Ключарава (фартэпіяна) ужо не першы год іграюць у ансамблі. Запіс іх Трыа Ф. Мендэльсона быў уключаны ў юбілейны DVD, які выйшаў з нагоды 85-годдзя ЦМШ у 2020-м. Таксама яны ўдзельнічалі ў канцэрце школы ў Вялікай зале маскоўскай кансерваторыі. У праграме камернай музыкі «Зоркі, што ўзыходзяць…» таленавітыя музыканты выканаюць творы І. С. Баха, Г. Гендэля/Хальворсена, К. Давыдава, П. Чайкоўскага, Б. Асаф’ева, С. Пракоф’ева.

Сусветныя падзеі

13 красавіка ў межах апошняга, трэцяга, канцэрта папулярнага сярод мінскіх слухачоў абанемента № 4 «Для ўсіх!» адбыласа сусветная прэм’ера твора расійскага кампазітара Андрэя Рубцова. Дзяржаўны камерны аркестр пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора заслужанага артыста Расіі Яўгенія Бушкова і духавы квінтэт салістаў Вялікага тэатра Беларусі выканаюць «Канчэртантэ для духавога квінтэта і струнных» гэтага сучаснага сусветнавядомага аўтара (духавы квінтэт Андрэя Рубцова ўвайшоў у пастаянны рэпертуар больш як 70 ансамляў па ўсім свеце). Таксама гэтым вечарам прагучыць канцэртная сімфонія В. А. Моцарта для габоя, кларнета, валторны і фагота з аркестрам. Флейтыстка Дзіяна Гантарэнка выканае сола ў «Канцэрце для флейты і струнных» кампазітара Карла Філіпа Эмануэля Баха.

22 красавіка на сцэне Вялікай канцэртнай залы маэстра Яўгеній Бушкоў і Дзяржаўны камерны аркестр у музычным прачытанні прадставяць шэдэўр Ё. В. Гётэ «Фаўст» (у новым канцэрце з цыкла «Музыка і слова»). «…Самая вядомая “гісторыя” аб продажы душы — старажытная легенда пра доктара Фаўста — распавядае, як таленавіты вучоны заключае пагадненне з д’яблам, памяняўшы сваю душу на бязмежныя веды і свецкія ўцехі. Легенда стала асновай мноства мастацкіх твораў, якія пераасэнсоўваюць першакрыніцу на працягу стагоддзяў. Але самай прывабнай для музыкантаў стала трактоўка Гётэ: найвялікшая драма натхніла на стварэнне музычных твораў Г. Берліёза і Ш. Гуна, Ф. Шуберта і Р. Шумана, а сам Гётэ прымаў удзел ў напісанні лібрэта да меладрамы “Фаўст” беларускага кампазітара Антонія Генрыка Радзівіла», — так прадстаўляюць сваю праграму стваральнікі канцэрта.

25 красавіка да трагічнай даты — 35-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — у памяць аб ахвярах на сцэне Вялікай залы філармоніі пройдзе канцэрт-літургія. Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Аляксандра Анісімава, Мітрапаліцкі хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора і Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь выканаюць (упершыню) сімфанічна-харавую паэму «Чарнобыльская літургія», якая створана сучаснікам, перастваральнікам літургічных і духоўных текстаў, кампазітарам мітрапалітам Іанафанам (Ялецкіх). Сама назва сведчыць, што ў літургічным па форме творы, у перспектыве пасхальнай адвечнай радасці, духоўна-паэтычна ўсхаваляецца ахвярны подзвіг герояў-чарнобыльцаў, ушаноўваецца ўсенародная павага і гонар іх светлай і вечнай памяці. «Чарнобыльская літургія» — гэта яшчэ і напамін аб маральным абавязку чалавека берагчы жывую прыроду як агульны і адзіны дом для ўсіх народаў Зямлі.

27 красавіка канцэрт арганнай музыкі з цыкла «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва» завершыць фестывальную праграму «Мінскай вясны». Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Кацярына Нікалаева выканае творы Д. Букстэхудэ, І. С. Баха, Ф. Мендэльсона, С. Франка, Л. В’ерна, М. Тарывердзіева.

Фестываль «Мінская весна» — урачыстае свята класічнай музыкі. Не згубіце выдатную магчымасць далучыцца да яго і пазнаёміцца з шэдэўрамі класікі ў выкананні вядомых салістаў і музыкантаў сусветнага ўзроўню пад кіраўніцтвам заслужаных дырыжораў!

Анонс падрыхтавала Кацярына МАЛЕЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.