Вы тут

Адзін характар адной эпохі


У нашай краіне было і ёсць шмат мастакоў, спадчына якіх — існая і зніклая — вартая ўвагі не толькі сучаснага гледача, але і чытача. Сярод іх — Сяргей Селіханаў, асобе і творчасці якога прысвяцілі альбом «Няскораны чалавек». Кніга, створаная на беларускай, рускай і англійскай мовах, рыхтавалася некалькі гадоў і пабачыла свет сёлета ў выдавецтве «Беларусь» тыражом 700 экзэмпляраў. Ідэя належыць унуку мастака, таксама скульптару, Канстанціну Селіханаву, які выступіў як укладальнік.


Фота: БелТА.

Выданне аб’ядноўвае творы мастака розных перыядаў і жанраў, што знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. У. Масленікава, Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, фондах калекцыі Беларускага саюза мастакоў і сям’і майстра. Па словах Канстанціна Селіханава, каля 80 % работ, прадстаўленых у кнізе, былі забыты або зніклі. Чытачу прапануецца ўбачыць каля сотні найлепшых твораў майстра, у тым ліку жывапісныя і графічныя палотны розных гадоў. Як адзначыла ва ўступным слове мастацтвазнаўца

і арт-крытык Наталля Шаранговіч, Сяргей Селіханаў — адзін з найбольш яркіх айчынных скульптараў савецкага часу. Яго работы нароўні з творамі Заіра Азгура, Андрэя Бембеля і Аляксея Глебава характарызуюць цэлую мастацкую эпоху краіны — ХХ стагоддзе. Цэнтральнае месца ў творчасці Сяргея Селіханава займаюць падзеі і героі Вялікай Айчыннай вайны, праз якую скульптар прайшоў сам. У шэрагу знакавых твораў — манумент «Няскораны чалавек» у мемарыяльным комплексе «Хатынь» (1969), гарэльеф «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» на мануменце Перамогі ў сталіцы (1954), помнік Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву ў Оршы (1955), помнік Герою Савецкага Саюза, піянеру Марату Казею ў Мінску (1958). Аўтар дабіваўся цэльнасці ўражання, імкнуўся аб’яднаць у работах асабістае і агульнае, канкрэтнае і зборнае, індывідуальнае і сімвалічнае, прытым увасобіць псіхалогію героя з народу ў час вайны. У выніку з’яўляліся вобразы, якія можна назваць тыповымі. Адметна, што ў кнізе даецца нямала звестак пра прыняцце і крытыку вышэйназванах твораў сучаснікамі скульптара.

Менавіта мужчынскі вобраз стаў асноўным у творчасці Сяргея Селіханава. Гэта падкрэсліваюць і такія знакавыя работы, як партрэт Янкі Купалы (1959), бюст Яна Фабрыцыуса (1959), выява Карла Маркса (1971)… Шмат творца не паспеў, некаторыя эцюды засталіся станковымі работамі або мадэлямі нерэалізаваных манументаў.

У гэтым шэрагу — праект помніка Якубу Коласу (1971). Як адзначае Наталля Шаранговіч, аўтар захаваў у невялікім творы рэальны, пазнавальны вобраз народнага паэта: невысокі рост, пэўную каржакаватасць фігуры, вялікія рукі, сціснутыя ў кулакі, буйныя рысы твару. Раскаванасць і абагульненасць вобраза надае яму манументальнае гучанне.

Асобны раздзел выдання прысвечаны творчай камандзіроўцы мастака ў Кітай у складзе савецкай дэлегацыі. Вынікам паездкі, якая адбылася ў 1956 годзе, стаў так званы кітайскі цыкл Сяргея Селіханава — 36 партрэтаў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і простых жыхароў Кітая. Але галоўным дасягненнем стаў скульптурны партрэт Цы Байшы, вялікага кітайскага мудраца, паэта, філосафа і каліграфа, лаўрэата Сусветнай прэміі міру ў 1956 годзе, сябра Маа Цзэдуна. Беларускі мастак стварыў бюст за тры дні, прычым кожны сеанс цягнуўся 40 хвілін, каб не стамляць старога, якому на той момант было больш за 90 гадоў. Цы Байшы час ад часу засынаў, і скульптар пасля прызнаўся, што аднойчы падышоў і прыўзняў яму павекі, каб удакладніць разрэз вачэй. Бюст спадабаўся кітайскаму мудрацу — яшчэ на сырой гліне ён напісаў сваё імя, такім чынам засведчыўшы прыняцце партрэта. Сяргей Селіханаў абяцаў даслаць у Кітай бронзавую адліўку ў падарунак, але не паспеў: праз некалькі месяцаў Цы Байшы памёр. Так, гэты твор стаў адзіным прыжыццёвым скульптурным партрэтам знакамітага кітайца.

Сяргей Селіханаў прайшоў яркі творчы шлях (хоць не дажыў да 60), але да гэтага часу яго спадчына глыбока не прааналізавана. У ліку змешчаных у альбоме работ, амаль невядомых нават аматарам айчыннага мастацтва, — выявы пісьменніка Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, артыста Генадзя Цітовіча, мастака Аляксандра Мазалёва і іншыя. Чытач таксама мае магчымасць убачыць унікальныя фотаздымкі: на адным С. Селіханаў працуе над праектам Кастуся Каліноўскага (твор страчаны); на другім атрымлівае Ленінскую прэмію; на трэцім стаіць каля праекта М. Фрунзэ для Мінска; на яшчэ адным — разам з А. Бембелем, З. Азгурам, А. Глебавым каля мадэлі помніка І. Сталіну.

«Калі атрымліваецца стварыць такую кнігу, як пра Сяргея Селіханава, мы адчуваем вялікую радасць, што ўдалося дакрануцца да выдатнага матэрыялу, папрацаваць з аўтарамі, якія ўжо сёння становяцца легендамі, — адзначаў падчас прэзентацыі дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын. — Гэта каласальны вопыт. Для дызайнера — своеасаблівы выклік, бо неабходна паказаць на плоскасці паперы аб’ёмную працу, пастарацца перадаць адпаведныя адчуванні. З кожным годам наша культурная спадчына размываецца, і вельмі важна паспець зафіксаваць творы мастацтва, сабраць іх максімальна поўна і дакладна, распавесці аб іх аўтарах у выданнях, якія, калі пашчасціць, у бібліятэках будуць жыць стагоддзямі».

Дапаўняюць альбом пра народнага мастака не толькі аналітычныя артыкулы беларускіх мастацтвазнаўцаў, але і ўспаміны калег і блізкіх сяброў, якія адыгралі вялікую ролю ў яго жыцці. На старонках выдання змешчаны фрагменты гутарак Канстанціна Селіханава з народнымі мастакамі Беларусі Іванам Місько і Леанідам Шчамялёвым ды іншыя мемуары. Усе гэтыя запісы без перабольшвання адкрываюць для шырокага чытача постаць скульптара Сяргея Селіханава — чалавека мужнага, сур’ёзнага, непадатлівага, у свой час многімі не зразуметага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?