Вы тут

Пазнаёміліся з дзяўчынай, якая любіць родную мову і размаўляе толькі на ёй


Адна з праблем сучаснай нацыянальнай культуры — недастаткова актыўнае ўжыванне беларускай мовы. Пра гэта гаворыць і Міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА, якая ўнесла беларускую ў атлас пад назвай «Мовы свету ў небяспецы». І калі старэйшае пакаленне хоць бы паміж сабой гаворыць па-беларуску або на трасянцы, то моладзь выкарыстоўвае ў штодзённым жыцці пераважна рускую.


Ірына Галавач з аўтарам.

Аднак ёсць і іншыя прыклады. Мы пазнаёміліся з дзяўчынай, якая любіць родную мову і размаўляе толькі на ёй. Ірына Галавач — вучаніца 11 класа Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Дзяўчына «ідзе» на залаты медаль, бярэ ўдзел і перамагае ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, дзякуючы чаму ўжо мае стабальны сертыфікат па цэнтралізаваным тэсціраванні.

— У мяне ёсць мара — паступіць у медыцынскі ўніверсітэт. Мяне заўсёды цікавілі людзі, хочацца ім дапамагаць і рабіць усё дзеля таго, каб яны былі здаровыя і шчаслівыя. Я вельмі люблю сваю малую радзіму. Нават зараз, калі на пяць дзён еду са сваёй вёскі Крукавічы з Калінкавіцкага раёна ў Мазыр на вучобу, сэрца поўніцца пачуццямі страты нечага свайго, самага роднага! Я веру ў лёс: калі ты тут нарадзіўся, табе наканавана штосьці зрабіць для сваёй Радзімы, унесці ўклад у развіццё краіны. Кожны мае права на выбар і сам выбірае, на якой мове гаварыць. Любоў да роднага краю, да роднага слова прыходзіць з часам. Я шчаслівая, што жыву ў Беларусі.

— Адкуль у цябе такая прыхільнасць да роднай мовы?

— Справа ў тым, што ў пятым класе ў мяне з'явілася новая настаўніца — Святлана Лявонаўна Рак. Я яшчэ не бачыла чалавека, больш чыстага душою, які так моцна любіць сваю справу, якога па-сапраўднаму можна назваць Настаўнікам. Калі яна гаворыць, адчуваеш усю магутнасць беларускага слова. Мы з ёй займаліся, рыхтаваліся да алімпіяд, і з кожным днём станавілася ўсё цікавей вывучаць родную мову. Любоў да беларускага слова расла. Вельмі сумна было пакідаць сваю любімую настаўніцу. Але жаданне развівацца і мара паступіць у прэстыжны ўніверсітэт узялі сваё. У ліцэі мне таксама сустрэліся добрыя настаўнікі. Валянціна Аляксандраўна Шэцка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дала многа ведаў, яе аптымістычны настрой заўсёды натхняў на новыя здзяйсненні, а мудрыя парады дапамагалі ў жыцці.

А вось што кажа сама Валянціна Аляксандраўна Шэцка пра сваю вучаніцу: «Мову любіць па-сапраўднаму, таму і такія вынікі. Яна сапраўдная ва ўсім. Працавітасць проста велізарная — усюды Ірына на вышыні».

— Ці не ўзнікаюць цяжкасці ў камунікацыі з аднагодкамі?

— Мне падабаецца размаўляць на беларускай мове, я яе не цураюся. У нас дзве сястры — руская мова і беларуская. Мае сябры размаўляюць на рускай, але гэта не перашкаджае нашым стасункам. Аднакласнікі заўсёды мяне падтрымліваюць. І наогул, мне на жыццёвым шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі, ні адзін дрэнны чалавек яшчэ не трапляўся.

— Ці чытаеш ты беларускіх аўтараў звыш школьнай праграмы?

— Канешне! Без гэтага не было б вынікаў. Маім любімым паэтам з'яўляецца Максім Багдановіч, яго творчасць своеасаблівая. А любімы празаік — Васіль Быкаў, вельмі падабаецца, як ён адлюстроўвае падзеі вайны, праймае да слёз. Ведаеце, калі літаратурны твор выклікае моцнае ўражанне, калі я плачу, то такі верш ці раман мяне захапляюць і доўга помняцца.

— Якая будучыня ў нашай мовы?

— Безумоўна, яна будзе жыць! Зараз яна як ніколі актыўна развіваецца ў банкаўскай сістэме, у галіне спорту і ІT-сферы, створаны і паспяхова дзейнічаюць розныя інавацыйныя праекты. Беларуская мова жыве, на ёй гаворыць моладзь і ў Гродне, і ў Мінску, і ў іншых гарадах. Як пісаў Уладзімір Дубоўка, гэта «Матчын дарунак ад самай калыскі». Колькі езджу на алімпіяды, назіраю імпэт юнакоў і дзяўчат у вывучэнні роднай мовы — значыць, ёсць цікавасць! Алімпіяды і конкурсы ўзмацняюць жаданне паглыбляцца ў беларускую мову. Калі вывучаеш яе, адчуваеш сувязь і адзінства з нашым добрым і працавітым народам!

Сустрэча з сапраўднай беларускай натхніла нас на правядзенне невялікага анлайн-апытання сярод мазырскіх падлеткаў, удзел у якім узялі каля 50 навучэнцаў 11-й школы горада. Па атрыманых даных, у побыце руская мова пераважае ў 94,9 працэнта апытаных, з іх 20,5 працэнта рэгулярна выкарыстоўваюць англійскую і іншыя замежныя мовы. Беларуская мова карыстаецца меншым попытам: усяго 10,3 працэнта рэспандэнтаў выкарыстоўваюць яе. У той жа час 69,2 працэнта апытаных лічаць патрэбным вывучэнне мовы ў школах. Астатнія 30,8 працэнта рэспандэнтаў, якія адказалі «не», аргументуюць сваю пазіцыю «старамоднасцю мовы». Аднак 64,1 працэнта падлеткаў лічаць, што беларускую мову неабходна больш актыўна прапагандаваць на тэлебачанні, радыё, інтэрнэт-СМІ і іншых інфармацыйных пляцоўках.

Далейшы лёс нашай мовы, упэўнены, залежыць толькі ад нас, маладых.

Аляксандр ВЕСЯЛОЎ, вучань 9 класа СШ № 11 г. Мазыра, член клуба «Юны журналіст» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Загаловак у газеце: Адданая роднаму слову, ці Шчасце быць беларускай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?