Вы тут

Грамадскія арганізацыі Беларусі і духавенства пачалі аднаўленне таполевай алеі ў «Трасцянцы»


Па благаславенні протаіерэя Фёдара Поўнага грамадскія арганізацыі Беларусі і духавенства пачалі аднаўленне таполевай алеі ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец». Першы крок у гэтым кірунку быў зроблены падчас рэспубліканскага суботніка.


Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны, Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі выйшлі з ініцыятывай пачаць аднаўленне гісторыка-культурнай каштоўнасці — таполевай алеі ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец». У рамках мемарандума аб супрацоўніцтве ў час рэспубліканскага суботніка прадстаўнікі грамадскіх арганізацый патрыятычнай накіраванасці і асноўных канфесій Беларусі дзеля памяці аб расстраляных і спаленых людзях высадзілі побач з легендарнымі таполямі дваццаць маладых саджанцаў.

Дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння Аляксандр Госцеў упэўнены, што рашэнне аб аднаўленні гістарычнай алеі было прынята вельмі своечасова. Ён расказаў, што ў 1944 годзе па загадзе кіраўніцтва канцлагера з двух бакоў уздоўж нешырокай дарогі, якая вядзе ад Магілёўскай шашы да Трасцянецкага лагера, вязні высадзілі маладыя таполі. Па гэтай дарозе смерці на расстрэлы і спаленне прайшлі сотні тысяч людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў: мірныя жыхары Беларусі, у тым ліку вязні Мінскага гета, савецкія ваеннапалонныя, удзельнікі антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва Заходняй Еўропы, дэпартаваныя ў Мінск для знішчэння. Час няўмольны і да жывых сведкаў тых трагічных падзей — таполяў, якія перажылі гэтую страшную гісторыю і маўкліва захоўваюць памяць пра ахвяр Трасцянца. Сёння шматлікія дрэвы ўжо загінулі ад старасці. Таму прынятае рашэнне аб аднаўленні таполевай алеі вельмі своечасовае, лічыць Аляксандр Госцеў. «А ў перспектыве мы плануем пасадзіць таполі на ўсе часткі алеі, якія захаваліся».

Па колькасці ахвяр фашызму Трасцянец стаў чацвёртым месцам пасля Асвенціма, Майданака і Трэблінкі. 22 чэрвеня 2015 года на месцы канцлагера адкрыты мемарыяльны комплекс «Трасцянец» з дзесяціметровым цэнтральным манументам «Брама памяці».

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота БРСМ

Загаловак у газеце: Саджанцы ў гонар загінулых...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?