Вы тут

«Чырвонку» віншуюць…


Калектыву газеты «Чырвоная змена»

Паважаныя калегі, шаноўныя ветэраны журналістыкі!

Прыміце шчырыя віншаванні са знамянальнай падзеяй — 100-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты «Чырвоная змена».

100 гадоў — немалы адрэзак часу. Дзякуючы прафесійнай творчай працы зладжанага рэдакцыйнага калектыву выданне трывала замацавалася на інфармацыйным полі краіны. Газета мае не толькі багатую гісторыю, але і традыцыі, свой стыль. Стваральнікам «Чырвонкі» заўсёды былі ўласцівыя высокі прафесіяналізм, зацікаўленае стаўленне да справы, пачуццё адказнасці і самаадданасць.

На старонках выдання друкавалі свае літаратурныя творы многія вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты, сярод якіх Мікола Аўрамчык, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў, Уладзімір Караткевіч.

Прыемна адзначыць, што адзінае беларускамоўнае выданне для моладзі на працягу стагоддзя заставалася і застаецца верным свайму стылю. Асаблівае значэнне мае сацыяльная скіраванасць вашых матэрыялаў. Праблемы патрыятычнага выхавання, адукацыі, аховы здароўя, папулярызацыя сямейных каштоўнасцяў, беражлівага стаўлення да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да Беларусі.

За доўгі час існавання газета знайшла і ўтрымала сваіх чытачоў, стала для іх памочнікам у вырашэнні штодзённых праблем, сапраўдным сябрам, кампетэнтнай крыніцай інфармацыі.

Няхай любімая праца прыносіць вам толькі задавальненне, а для новых здзяйсненняў і праектаў заўсёды хапае сіл і энергіі.

Ад усяго сэрца жадаю супрацоўнікам і ўсім сябрам рэдакцыі, шаноўным ветэранам моцнага здароўя, дабрабыту, адданасці чытачоў, натхнення.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў


Рэдакцыйнаму калектыву газеты «Чырвоная змена»

Дарагія калегі і сябры!

Ад імя Цэнтральнага камітэта Грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і сябе асабіста горача і сардэчна віншую вас з векавым юбілеем найстарэйшай у Беларусі, але самай маладой душой газеты пра моладзь і для моладзі.

Аднагодка маладзёжнага руху краіны — «Чырвоная змена» — беражліва захоўвае гісторыю партызанскай друкарні на востраве Зыслаў, сяброўства з беларускім касманаўтам Пятром Клімуком, разам з якім «пабывала» ў космасе. Гэтая па-сапраўднаму творчая лабараторыя выгадавала не адно пакаленне таленавітых «чырваназменаўцаў» — журналістаў-аднадумцаў, вядомых пісьменнікаў і публіцыстаў.

«Чырвоная змена» і сёння знаходзіцца ў гушчы маладзёжных падзей, ярка і нестандартна распавядае аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы, ініцыятывах таленавітых юнакоў і дзяўчат, прапагандуе грамадзянска-патрыятычнае, працоўнае выхаванне, здаровы лад жыцця ў маладзёжным асяроддзі.

У знакавы юбілей газеты прыміце пажаданні моцнага здароўя на доўгія гады, шчасця і дабра, новых поспехаў, слаўных пачынанняў і плённай працы ў вялікай справе — выхаванні маладога пакалення!

З глыбокай павагай за вашу працу Дзмітрый Варанюк, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь


Дарагія супрацоўнікі газеты «Чырвоная змена», шаноўныя калегі!

Факультэт журналістыкі БДУ сардэчна віншуе вас са 100-годдзем! Век пражыць — не поле перайсці. І гэта праўда. Цягам часу вам удалося шмат: навучыць, выхаваць і далучыць да сваёй каманды шэраг таленавітых, здольных да журналісцкай працы спецыялістаў, назаўжды адданых рабоце сэрца і душы. Шмат практыкантаў і выпускнікоў факультэта журналістыкі звязалі свой творчы і грамадзянскі лёс менавіта з вашым выданнем, таму што «Чырвоная змена» — гэта і маладзёжная дзёрзкасць, і журналісцкі пошук, і апантанасць праблемамі часу, і аб'ектыўнасць аналізу.

Газета зрабіла свой значны ўнёсак як у нацыянальную журналістыку, так і ў нацыянальную культуру ўвогуле. У розныя гады ў штаце рэдакцыі працавалі вядомыя беларускія пісьменнікі, тут адбылося адкрыццё таленту многіх вядомых сёння беларускіх журналістаў.

Для факультэта журналістыкі «Чырвоная змена» — надзейны сябар, партнёр, дарадца. Мы ўдзячныя вашаму калектыву за падтрымку і супрацоўніцтва, дапамогу ў рэалізацыі сумесных праектаў і выхаванні маладога пакалення журналістаў.

У юбілейны год шчыра зычым вам добрага здароўя, шчасця, поспехаў, плённай працы, захапляльных інфармацыйных нагод і яскравых публікацый. Вы мудрыя і вопытныя, але разам з тым маладыя, жыццярадасныя, напоўненыя свежымі ідэямі і памкненнямі да новых вяршынь. Жадаем захоўваць ваш прафесійны падыход і любоў да справы. Будзьце заўсёды і ва ўсім на вышыні!

З самымі шчырымі віншаваннямі ад усяго калектыву журфака БДУ дэкан В. М. Самусевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».