Вы тут

Жадалі завесці вялікую хатнюю жывёлу — і завялі


Калі гаворка заходзіць пра хатніх жывёл, большасць з нас найчасцей уяўляе гадаванцаў малых або сярэдніх памераў. Многія вельмі пазітыўна рэагуюць на вялікіх сабак на вуліцы, хоць самі не могуць адважыцца завесці ўлюбёнца такіх габарытаў. Вырашальнае месца ў пытанні адыгрывае жылплошча: лічыцца, што для вялікага сабакі патрэбны дом. Але некаторых гэта акалічнасць абсалютна не палохае, і яны выдатна жывуць з такімі гадаванцамі ў кватэры.


Мы знайшлі дзвюх гераінь, у якіх было моцнае жаданне завесці менавіта вялікую хатнюю жывёлу, і яны гэта зрабілі.

Ірына Штафурак больш за дзесяць гадоў рыхтавалася да набыцця сабакі, таму што хацела пэўную пароду — сенбернара. Гэта вельмі добрая і крыху гультаяватая жывёла, якая не любіць шмат гуляць, таму добра будзе адчуваць сябе як у доме, так і ў кватэры. Сямідзесяцікілаграмовага ўлюбёнца нашай гераіні клічуць Каспер, яго любімыя заняткі — паесці і паляжаць, прытым пажадана, каб падчас адпачынку яму чухалі жывот. Ірына і сама не асабліва актыўная, таму іх стылі жыцця вельмі супадаюць.

Каспер лагодна ставіцца да ўсіх людзей, асабліва любіць дзяцей. На вуліцы малыя заўсёды яго заўважаюць і просяць пагладзіць — ад такога задавальнення ён ніколі не адмаўляецца. Адзінае, што выклікае складанасці ў такіх выпадках, — яго габарыты: сенбернары не адчуваюць сваёй вагі і памераў, таму могуць зусім не спецыяльна зваліць дзіця з ног.

Нягледзячы на бязмежную любоў да людзей, Каспер праяўляе агрэсію да іншых сабак. На жаль, калі ён быў маленькі, яго пакусаў пітбуль. Заняткі з кінолагам не дапамаглі, таму гаспадыні даводзіцца гуляць з сенбернарам толькі ноччу, у месцах, дзе няма жывёл, абавязкова мець ланцужок і на ўсялякі выпадак электрашокер для сенбернара.

Другая гераіня без асаблівых роздумаў узяла ў кватэру лабрадора, бо ў яе ўжо быў вопыт утрымання вялікіх сабак. У дзяцінстве ў Ірыны Дутко была аўчарка, потым — мопс, а цяпер — лабрадор Лакі. Гэта сямейная, рухомая і гуллівая парода.

Як кажа сама гаспадыня, самым цяжкім быў першы год, калі сабака грыз усё, што траплялася яму пад лапы. У ежы Лакі настолькі непераборлівы, што часам мог «перакусіць» забытымі шкарпэткамі. Лабрадоры не толькі гуллівыя, але і вельмі разумныя, таму з часам сабака навучыўся адкрываць халадзільнік і выцягваць ежу. Цяпер кухня ад Лакі надзейна зачынена.

Іра з сабакам ходзіць у лес, які знаходзіцца побач з іх домам, гуляюць звычайна тры разы на дзень па гадзіне. З лабрадорам абавязкова трэба гуляць на свежым паветры, у такіх парод шмат энергіі, якую трэба выпускаць.

Ірына ўсё ж трохі пашкадавала аб тым, што завяла такую вялікую сабаку ў кватэры, бо жыве яна на другім паверсе. І бывае вельмі чуваць для суседзяў знізу, калі Лакі злазіць з канапы. Але на любоў да Лакі гэта ніяк не паўплывала.

Ірына СІНЬКЕВІЧ, студэнтка V курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Сабакі многа не бывае!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?