Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Галоўнае — працаваць для іншых...»

Настаўнік — прафесія ад Бога, хоць сёння ў тым, можа, хто і сумняваецца, бо мяняюцца часы, норавы, і прафесія, магчыма, губляе былую святасць. А вось самі настаўнікі...

Вельмі многія з іх і праз 20, 40 гадоў педагагічнай дзейнасці не растрацілі сваёй любові да дзяцей і абранай справы, свайго аўтарытэту. Даўно не маладыя паводле пашпарта, яны амаль не зважаюць на свой узрост, бо побач па-ранейшаму вучні, якім трэба перадаць веды, падрыхтаваць да жыцця, сказаць самыя мудрыя і патрэбныя словы.

Жыццёвы шлях настаўніцы Вялічкавіцкай cярэдняй школы Галіны Уладзіміраўны Аляхновіч пачаўся ў невялічкай вёсачцы Лусцічы Докшыцкага раёна ў шматдзетнай сям'і. Бацькі Галіны Уладзіміраўны працавалі ў калгасе. Жылі сціпла, часам, як той казаў, абыходзіліся без неабходнага, але ў хаце заўсёды былі кнігі і газеты, шчырая павага да працы настаўнікаў. І таму не дзіва, што пасля школы дачка паступіла менавіта ў педінстытут.

Адтуль найцяплейшыя, найсвятлейшыя ўспаміны: незабыўныя экскурсіі ў Вязынку на радзіму Купалы, у Міхайлаўскае да Пушкіна, у Ясную Паляну да Талстога... Галіна Уладзіміраўна дагэтуль захоўвае свае студэнцкія канспекты. Ды і як іначай, калі лекцыі па беларускай літаратуры чытаў вялікі мовазнаўца Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, па антычнай — кіраўнік гуртка па мастацтвазнаўстве Лявонцій Герасімавіч Сагараў. Яму тады было каля 80, але вялікая ўлюбёнасць у справу надавала яму сіл разам са студэнтамі наведваць выставы, перадаваць веды будучым настаўнікам.

Галіна Уладзіміраўна захаплялася мастацтвам: эканоміла, збірала часам капеечкі, каб схадзіць у Мастацкі музей, прычым — гэта абавязкова — з канспектам, дзённікам ці запісной кніжкай...

А працаваць маладая настаўніца прыехала на Салігоршчыну. Шмат было ўражанняў: іншая, чым дома, прырода, крыху іншы ўклад жыцця. І пры гэтым — тая ж людская шчырасць і добразычлівасць, жаданне тутэйшых дапамагчы маладой настаўніцы і ў школьных справах, і ў бытавых.

Дагэтуль у памяці, як хвалявалася перад першымі ўрокамі. У інстытуце ў яе было жаданне як мага больш пазнаць, тут, на працы — як мага больш аддаць дзецям.

...З гадамі да іх, ну вядома ж, не чужых, дадаваліся свае — клопатаў стала непамерна больш. Часам да ўрокаў рыхтавалася да дзвюх гадзін ночы і ўсё часцей не проста пісала планы ды правярала сшыткі, але і чытала, разважала, запісвала нешта сваё, перажытае.

...Сын вучыўся на першым курсе ўніверсітэта, дочкі хадзілі ў школу, калі ў сям'ю прыйшло вялікае гора: пасля цяжкай хваробы не стала гаспадара.

Цёплая атмасфера ў школе, падтрымка сяброў, калег і вучняў дапамаглі жанчыне выстаяць — і тады, і значна пазней. Вялікай падтрымкай ці нават паратункам стала тое, што дзеці, усе трое, вучыліся і атрымлівалі вышэйшую адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў, што яны не мелі нейкіх завышаных матэрыяльных патрабаванняў. Сын Валерый скончыў фізічны факультэт і аспірантуру пры Белдзяржуніверсітэце, працуе ў Акадэміі навук, дочкі Наталля і Таццяна абралі прафесію педагогаў, выйшлі замуж. Галіна Уладзіміраўна ўжо тройчы бабуля.

Яна ж амаль дваццаць гадоў кіруе літаратурным гуртком «Залатыя зярняты», разам з дзецьмі наведвае тэатры, падарожнічае па родным краі, даглядае магілы загінулых падчас апошняй вайны. Пра свае ўражанні ад асобных паездак і экскурсій гурткоўцы змаглі расказаць (і ў вершах таксама) на старонках «Настаўніцкай газеты», мясцовага «Шахцёра».

Галіну Уладзіміраўну не можа не хваляваць тэма памяці. Кузьма Чорны пісаў, што памрэ чалавек — памрэ цэлы свет, яго свет. А таму, на думку настаўніцы, трэба спяшацца — запісваць успаміны ветэранаў, сведак вайны, вязняў канцлагераў, старых і мудрых людзей...

Якраз гэта і робяць гурткоўцы пад кіраўніцтвам Галіны Уладзіміраўны.

Яшчэ адно імкненне настаўніцы — дапамагчы вучням адшукаць сваю сцежку, адчуць, у чым прызначэнне. Для таго каб не спасавалі ў жыцці, не збіліся з тропу, Галіна Уладзіміраўна перадае маладым свае жыццёвыя правілы. Па-першае, не быць прыстасаванцамі, не шукаць лёгкіх шляхоў, па-другое, многа чытаць, выбіраючы патрэбнае, што дасць магчымасць у многіх драбніцах убачыць праявы вечных законаў жыцця, дасць сілы пераадолець цяжкасці... Па-трэцяе, шукаць на сваім шляху людзей неабыякавых, творчых. Неабавязкова мастакоў ці музыкаў. Душа паэта можа быць і ў селяніна, які бачыць прыгожае вакол і не ўсё вымярае ў рублях і цэнтнерах.

Вельмі важна яшчэ адчуваць сябе чалавекам, грамадзянінам сваёй краіны, ведаць яе гісторыю, імёны герояў.

А галоўнае — працаваць для людзей, быць міласэрным і чулым, паважаць старэйшых. Усё, здавалася б, проста.

Святлана Радзько, аг. Вялічкавічы, Салігорскі раён


«Часу няма старэць»

Вёску, дзе жыве васьмідзесяцігадовая Софія Мацвееўна Джыгера, відаць, нездарма назвалі Ягадкай. Тутэйшыя лясы і сапраўды прыцягваюць людзей то суніцамі, то чарніцамі, то малінамі, то буякамі... Незвычайнае месца! Як і адна з пяці яго жыхарак.

У бацькоў Софіі Мацвееўны дзяцей было сямёра. Хто-ніхто з вяскоўцаў у твар пытаўся: «І навошта вам столькі? Цяжка ж гадаваць...». Сціплы Мацвей Вяргейчык тады казаў: «Колькі Бог дае, столькі няхай і будзе. Неяк пражывём?!»

І яны жылі. У калгасе за працадні грошай не плацілі. Малая Соня (трэцяя ў сям'і) у школу бегала ў лапціках і даматканым адзенні, змалку шмат працавала і ведала, што разлічваць на дапамогу бацькоў ёй не даводзіцца — трэба прабівацца самой.

А тым часам яе сяброўкі ў пошуку нейкіх лягчэйшых шляхоў пачыналі раз'язджацца — хто ў Беразіно, хто ў Магілёў, хто ў Мінск. Соні добра было і ў вёсцы. Працавала ў краме, калі тая закрылася, пайшла ў калгас, бегала ў клуб, каб злавіць на сабе закаханы позірк мясцовага шафёра. Ён, Мікалай Джыгера, быў кемлівы ў розных рамёствах і вельмі далікатны ў паводзінах: тры гады чакаў яе згоды на збліжэнне. А значыць, не выпадала ёй некуды ехаць, тут, у Ягадцы, трэ было заставацца. Да таго ж у вёсцы тады ва ўсю віравала жыццё: была і свая пачатковая школа, і клуб, і пякарня, і лесазавод, і шмат маладых сем'яў.

Яны з мужам таксама пабудавалі новы дыхтоўны дом, абзавяліся гаспадаркай, нарадзілі траіх дзяцей. Хапала клопату ў гаспадыні, але ж яна заўсёды знаходзіла час для творчасці, для рукадзелля. Найбольш любіла вышываць і вязаць...

Зрэшты, казаць пра гэта ў мінулым часе тут зусім не дарэчы. «Пойдзем у хату, — запрашае Соф'я Мацвееўна. — Я пакажу, чым займаюся».

Паглядзець і сапраўды ёсць на што, бо ўражанне — быццам заходзіш не ў пакоі звычайнага вясковага дома, а ў музей. На кожным ложку па горцы пуховых падушак пад яркімі вышыванымі накідкамі, падлога ўслана самаробнымі дыванкамі, мэбля — сурвэткамі...

Усю доўгую зімку Соф'я Мацвееўна ў гэтай чысціні ды прыгажосці жыве адна: мужа Мікалая, з якім душа ў душу пражылі 33 гады, даўно не стала, дзеці — і свае, і суседскія — з вёскі паз'язджалі. Вяртаюцца хіба што летам... У Соф'і Мацвееўны пяцёра ўнукаў, чатыры праўнукі. Хапае гасцей. І гаспадыня, вядома ж, з радасцю іх прымае, любіць гатаваць розную смакату (асабліва ў печы). Што цікава, у свае 80 яна выглядае гадоў на 20 маладзей. Кажа, што не мае часу старэць... І сапраўды: усе дні ў яе запоўнены працай — для дома, для сям'і, для душы.

Пісьменнік Данііл Гранін гаварыў, што самае складанае ў жыцці чалавека — знайсці сябе, сваё прызванне, магчымасць сябе рэалізаваць. Соф'і Мацвееўне з вёскі Ягадка гэта, здаецца, удалося, прычым — на выдатна.

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён.


Каб свет стаў лепшы...

Нядзеля. Сонца. Вясна!.. Я іду на кірмаш па яблыкі. Унукі «пагражалі» прыехаць — жонка абяцала пірог. Так што можна ўсміхацца на ўвесь пакуль што не вельмі шчарбаты рот, хоць і пад маскай.

Каля рыначных варот сядзіць гарманіст, жвавы дзядок на нізенькім самаробным зэдлічку. Побач — бляшаная конаўка са жменькай жоўтых манет.

—- А «Яблочко», — пытаюся, — можаш забацаць?

— А як жа!

Кідаю рубель і далей іду ўжо з музыкай.

Наўкол — цісканіна і гамана. Я прыцэньваюся да яблыкаў. Гандлююць імі ў асноўным жанчыны. Маскі толькі ў чатырох (з дзесяці). Цэны розныя. Тавар — таксама.

— Куплю вашых, — абнадзейваю шэравокую маладзіцу, — тры кілаграмы. Па рубель шэсцьдзясят за адзін...

— Але яны па два, — пярэчыць жанчына.

— Ну, тады як хочаце, — кажу я і збіраюся сыходзіць.

— П-п-ачакайце, — загараюцца вочы ў маладзіцы. Мы пачынаем таргавацца, і ўрэшце я бяру ў яе яблыкі па цане рубель семдзесят за кілаграм. На развітанне яшчэ пытаюся:

— Вы да якога часу будзеце працаваць?

— А што? — какетліва ўсміхаецца жанчына.

— Ды мы з вамі так добра паладзілі, што я адпускаю вас на тры хвіліны раней. А калі з кожным пакупніком будзеце вось такая ж ласкавая, заўтра на пяць раней адпушчу.

— Не, — уздыхае жанчына, — у мяне гаспадар ёсць... Ён тут галоўны...

— А вось тут, каханенькая-родненькая, ты памыляешся, — крытыкую на правах старэйшага. — Самы важны чалавек на базары — зусім не начальнік, а па-куп-нік. Не прывабіш яго, не зацікавіш сваім таварам, не прадасі, дык і зарплата будзе малая, і прэміі не чакай...

Жанчына згодна ўсміхаецца. І не толькі мне... Гэта значыць, што некаму яшчэ стане хоць трохі цяплей і святлей.

Дадому іду ўсцешаны і пад марш «Развітанне славянкі». Нехта, відаць, папрасіў — гарманіст іграе, нясе ў народ сваю музыку. Зрэшты, як кожны з нас... Пажадана — для таго каб свет стаў хоць трохі лепшы.

Міхась Конан, г. Віцебск.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.