Вы тут

Кляшчы не дрэмлюць. Пачаўся сезон іх актыўнасці


Сезон актыўнасці кляшчоў пачынаецца ў Беларусі ранняй вясной. Першыя выпадкі іх прысмоктвання сёлета зарэгістраваны ў сакавіку. А з пацяпленнем іх дзейнасць узмацняецца. Як абараніць сябе, сваіх чатырохлапых сяброў і іншую хатнюю жывёлу ад паразітаў, нагадалі спецыялісты.


— У маі-чэрвені актыўнасць кляшчоў дасягае свайго піку, а ўжо ў жніўні-верасні зніжаецца, — кажа загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч. — Сёлета першыя звароты з прычыны прысмоктвання кляшчоў былі ў сакавіку, а вось летась — у студзені.

Спецыяліст расказала, што на тэрыторыі нашай краіны распаўсюджана каля 12 відаў кляшчоў, але небяспеку тояць усяго два — лясны і лугавы. Паразіты пераносяць шэраг захворванняў, але найчасцей гэта лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт, якія даволі небяспечныя для чалавека.

Як правіла, клешч прысмоктваецца ў лясных масівах і сельскай мясцовасці, на дачных участках. Значна радзей — на тэрыторыі антрапагеннай забудовы. Меры прафілактыкі даволі простыя. Накіроўваючыся ў месцы, дзе могуць знаходзіцца кляшчы, апранацца трэба так, каб папярэдзіць іх пранікненне: адзенне павінна быць з манжэтамі, пажадана светлых колераў, на якім няпрошаных гасцей прасцей заўважыць. Таксама варта выкарыстоўваць рэпеленты і сродкі, якія іх адпужваюць. Дома трэба яшчэ раз уважліва агледзіць адзенне і цела, а таксама хатніх жывёл, калі яны былі з вамі.

Калі прысмоктвання кляшча пазбегнуць не ўдалося, трэба звяртацца ў медустанову, каб яго выдаліць. Калі гэта немагчыма, можна пастарацца ліквідаваць кляшча самастойна: з дапамогай пінцэта акуратна выкруціць павукападобнага, захапіўшы яго як мага бліжэй да скуры, або ніткай, пахістваючы яго з боку ў бок. Пасля выдалення месца ўкусу варта змазаць спіртавым растворам і звярнуцца да ўрача, які прызначыць прафілактычнае лячэнне. Не варта імкнуцца выдаліць кляшча, наносячы на яго масленыя растворы.

— Як толькі ўбачылі на целе кляшча, трэба як мага хутчэй яго зняць, а не чакаць заўтра, каб паехаць у паліклініку. Чым менш часу ён знаходзіцца на чалавеку, тым менш шанцаў, што будзе занесена інфекцыя, — тлумачыць загадчык аддзялення нейраінфекцый Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Віктар Шчэрба. — Баяцца даставаць не трэба: калі выдаліце не цалкам, а застанецца ножка, гэта ўжо «стрэмка», якая не тоіць такой небяспекі інфіцыравання, як сам клешч.

Пасля ўкусу ў якасці прафілактыкі заражэння прызначаецца аднаразовы прыём антыбіётыка — даксіцыкліну.

— Гэта безрэцэптурны прэпарат. І калі вы падоўгу знаходзіцеся на лецішчы, няхай ён заўсёды будзе ў вашай аптэчцы. Даросламу дастаткова прыняць дзве таблеткі, дзіцяці — адну. Вось і ўся прафілактыка, — тлумачыць Віктар Шчэрба.

Антыбіётык важна прыняць на працягу першых 72 гадзін пасля ўкусу. Як паказвае практыка, больш за 90 % захварэлых не праводзілі прафілактыкі ўвогуле.

Урач папярэджвае, што не трэба спяшацца і здаваць аналізы на антыцелы, каб даведацца, ці заразіліся вы, бо яны ўтвараюцца праз два-тры тыдні. Нават калі антыцелы маюцца, то імунітэт мог спрацаваць нармальна, і лячыцца не трэба. Па медыцынскую дапамогу варта звяртацца, толькі калі з'явіліся сімптомы.

Першы сімптом лайм-барэліёзу — мігрыруючая эрытэма. Гэта чырвоная пляма на скуры, якая паступова разрастаецца. Таксама характэрны пад'ём тэмпературы, галаўныя і болі ў суставах. Пры клешчавым энцэфаліце карціна іншая: спачатку хворы адчувае агульнае недамаганне, як пры вострым рэспіраторным захворванні. Потым наступае зацішша — на 3—10 дзён. А далей надыходзіць так званая другая хваля — заўсёды з менінгітам.

— Клешчавы энцэфаліт у нас працякае па заходнім варыянце, ён больш мяккі. Але ў апошнія гады ўсё больш цяжкіх форм, характэрных для ўсходняга. Мы гэта звязваем з тым, што птушкі з усходу заносяць кляшчоў, якія і выклікаюць больш цяжкія формы клешчавага энцэфаліту, — удакладняе Віктар Шчэрба.

У сабак і іншай свойскай жывёлы кляшчы выклікаюць некалькі захворванняў, у прыватнасці анаплазмоз, пераплазмоз і барэліёз, расказала дацэнт кафедры паразіталогіі і інвазіўных хвароб Віцебскай ордэна «Знак пашаны» Дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Алена Крываручка. Сабакі і коні нярэдка заражаюцца пераплазмозам. Ён характарызуецца павышанай тэмпературай, бледнасцю слізістых, якая пераходзіць у жаўтушнасць, а мача робіцца чырвонай. Менавіта па апошняй прыкмеце і вызначаюць гэтую хваробу. Барэліёз, які рэгіструецца і ў чалавека, таксама бывае ў сабак і буйнай рагатай жывёлы. У жывёл павышаецца тэмпература, з'яўляецца вяласць, паражаюцца суставы.

Для прафілактыкі з'яўлення кляшчоў на вашым прысядзібным ці дачным участку трэба своечасова прыбіраць траву і сухастой, падразаць кусты, прыбіраць бытавое смецце. Пры неабходнасці запрашаць арганізацыі, якія маюць дазвол на апрацоўку і апырскванне тэрыторыі. Важна перыядычна аглядаць жывёл і вызваляць іх ад кляшчоў. Таксама можна выкарыстоўваць разнастайныя сродкі аховы: рэпеленты, вушныя біркі, электрамагнітныя бірулькі. Для сабак ёсць і вакцына, якая абараняе ад цяжкіх выпадкаў хваробы і заўчаснай смерці. Для жывёл прышчэпкі робяцца толькі на платнай аснове.

Дарэчы, вакцынуюцца і людзі. Праўда, рабіць прышчэпкі мэтазгодна тым катэгорыям людзей, работа якіх звязана са знаходжаннем на адпаведных тэрыторыях: гэта работнікі лясной гаспадаркі, геолагі, якія выязджаюць у тайгу, будатрадаўцы. Чалавеку прышчэпка робіцца раз на сем гадоў — яна абараняе ад клешчавага энцэфаліту. Вакцыны для прафілактыкі лайм-барэліёзу няма.

Вядучая рубрыкі Алена КРАВЕЦ

Тэл. (017) 311-17-36

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.