Вы тут

Сплаў маладосці і мудрасці. Як у «Кухчыцах» рыхтуюць змену


Адкрытае акцыянернае таварыства «Кухчыцы», што ў Клецкім раёне, даволі моцнае ў плане сацыяльна-эканамічнага развіцця. Асноўныя віды прадукцыі, якія выпускаюцца ў гаспадарцы, — малако, ялавічына, зерне, цукровыя буракі, кукуруза, рапс і бульба. З кожным годам паказчыкі паляпшаюцца. Напрыклад, летась валавы надой малака склаў 10 746 тон, прыбаўка да 2019-га — 1841 тона. Сярэдні надой на карову — на ўзроўні 7212 кілаграмаў, да папярэдняга года сплюсавалі на 1032 кг. У планах на гэты год дасягнуць надояў у восем тысяч. Сортам «экстра» рэалізавана 80,5 % малака, прырост да 2019-га — 20,4 %.


Дырэктар ААТ «Кухчыцы» Сяргей Здрок.

У «Кухчыцах», якія ўзначальвае Сяргей Здрок, дарэчы, дэлегат VІ Усебеларускага народнага сходу, удзяляюць значную ўвагу росту надояў. Па словах Сяргея Паўлавіча, менавіта «белае золата» прыносіць найбольшы прыбытак. А гэта дабрабыт кожнага работніка ў выглядзе дастойных заробкаў. Сярэдняя зарплата, дарэчы, за мінулы год у сельгасарганізацыі склала без малога 1300 рублёў. З улікам будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў павялічыцца і грамадскі статак. Падыходзіць да завяршэння ўзвядзенне новага памяшкання на ферме «Іскры». Дарэчы, тут пачалі будаваць новую МТФ на 800 галоў. Акрамя таго, будзе пабудавана яшчэ адна даільная зала, у дадатак да той, што ўжо дзейнічае.

З кожным разам будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў удасканальваецца з улікам папярэдніх недапрацовак. Напрыклад, у памяшканні новай МТФ зрабілі нарэзку на бетонных падлогах, каб каровы не слізгалі па паверхні. Таксама ўладкавалі спецыяльную мату, каб жывёле было камфортна ляжаць. Гэта дасць магчымасць папярэдзіць мастыт.

Вядома, з улікам павелічэння статка ў гаспадарцы разлічваюць на ўдасканаленне кармавой базы. Тут плануюць нарыхтаваць паўтарагадовы запас кармоў. Сёлета пасеюць 200 гектараў рапсу, 200 га люцэрны. Прымяняюць розныя спосабы нарыхтоўкі сена. Але ў асноўным прасаванае сена цалкам запакоўваюць у плёнку, што садзейнічае якаснаму захаванню. Гэта дало магчымасць адысці ад выкарыстання сенасховішчаў.

Вынікі дзейнасці залежаць ад калектыву, прафесіяналізму ўсіх: ад механізатара і жывёлавода да спецыялістаў. А ў гаспадарцы наладжана дакладная сістэма падбору і падрыхтоўкі кадраў.

Да маладых спецыялістаў прыглядаюцца яшчэ падчас вучобы. Дырэктар асабіста ездзіць у Гродзенскі аграрны дзяржаўны ўніверсітэт. Размаўляе з дэканамі розных факультэтаў, наведвае студэнцкія заняткі, лекцыі, расказвае студэнтам аб сельгасарганізацыі, умовах працы, заробках. Галоўнае, як лічыць Сяргей Здрок, не абяцаць нічога лішняга. Кажа, што лёгкага жыцця не будзе, патрабаванні самыя сур'ёзныя. Некаторыя кіраўнікі спадзяюцца на «гатовых» прафесіяналаў. Але так не бывае. Маладым спецыялістам не стае практычнага вопыту. У ААТ «Кухчыцы» ім на дапамогу прыходзяць больш сталыя калегі, вучаць, падказваюць. Сплаў маладосці і мудрасці прыносіць вынік. Напачатку студэнты праходзяць практыку ў калгасе. Многія пагаджаюцца пасля размеркавання прыехаць сюды на работу. Вядома, бяруць у першую чаргу тых, хто зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Практыканты нядрэнна зарабляюць — у сярэднім да 1300 рублёў, а ў жывёлагадоўлі заробкі даходзяць да 2000 рублёў.

— У нас ужо 13 маладых спецыялістаў, у тым ліку тры ветэрынарныя ўрачы, пяць заатэхнікаў, энергетык, эканаміст. Яшчэ дзесяць чалавек чакаем на практыку. Моладзі выдаём «пад'ёмныя», забяспечваем жыллём. У доме ў Клецку мы маем свае памяшканні, дзе робім рамонт, і даём жылплошчу маладым спецыялістам. Некаторых селім у інтэрнат, — расказвае Сяргей Здрок. — За работу ў выхадныя дні налічваем двайную аплату.

Максім Дзіканец — аграхімік, Аляксандр Хват — насеннявод. Яны скончылі Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. На працягу сямі месяцаў праходзілі ў гаспадарцы практыку і сюды размеркаваліся на работу.

Хлопцы жывуць у Клецку, дзе ім далі жыллё, а працуюць у калгасе. Іх задавальняе работа, зарплата, пасада. Дарэчы, яны валодаюць не толькі адным вузкім профілем. Калі трэба, то могуць адзін аднаго замяніць.

— У нас вельмі дружны і з'яднаны калектыў, — лічыць дырэктар. — Я  кожнаму кіраўніку жадаю, каб у яго быў такі. Гэта не толькі спецыялісты, але і простыя працаўнікі. Людзі адчуваюць локаць адно аднаго, працуюць адзінай камандай на канчатковы вынік. Мы рыхтуем моцных спецыялістаў, не проста вузкага профілю, але, каб яны валодалі сумежнымі прафесіямі, маглі падмяніць калегу пры неабходнасці. Маладым спецыялістам даём пакіраваць, а збоку назіраем за імі. Гэта выхоўвае лідарскія якасці. З цягам часу старэйшыя пойдуць на заслужаны адпачынак. І можна з упэўненасцю сказаць, што на іх месца прыйдзе годная замена.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Сплаў маладосці і мудрасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».