Вы тут

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»


Маскоўскае РУУС Мінска. На гадзінніку 18 вечара. Менавіта ў гэты час да службы разам з супрацоўнікамі міліцыі заступаюць на дзяжурства дружыннікі, усіх — 24 чалавекі. Кожны замацаваны за сваім участковым, у кожнага свая зона адказнасці. Ёсць і студэнты, і тыя, хто працуе на сталічных прадпрыемствах. Усе яны дасведчаныя, але штораз перад новым заданнем, па пятніцах і суботах, для іх праводзіцца інструктаж.


Нечаканая сустрэча міліцыянера і даўно знаёмага яму мужчыны.

— За нашым РУУС замацаваны больш за 300 дружыннікаў. Раз на паўгода праводзіцца зверка — тыя, хто па якіх-небудзь прычынах выходзяць з дружыны, замяняюцца новымі добраахвотнікамі, — кажа старшы інспектар аддзела аховы і правапарадку, Ігар ЯНЧАНКА. — Бяром усіх, хто трапляе пад пэўныя крытэрыі: грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, здольныя па сваіх дзелавых і маральных якасцях, стане здароўя ажыццяўляць дзейнасць па ўдзеле ў ахове правапарадку.

Пасля звароту ў раённы аддзел унутраных спраў і асабістай гутаркі патэнцыйнага кандыдата правераць па ўліках і баз даных на прадмет таго, ці адпавядае ён гэтым патрабаванням. Напрыклад, членамі добраахвотнай дружыны не могуць быць тыя, хто мае судзімасць, хто стаіць на ўліку ў лячэбна-прафілактычных арганізацыях з прычыны псіхічнага захворвання, наркаманіі або алкагалізму, прызнаныя судом недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі, хто прыцягваўся на працягу года да дня падачы заявы да адміністрацыйнай адказнасці. Калі падобных падстаў няма, чалавек атрымлівае пасведчанне і разам з супрацоўнікамі міліцыі прыступае да нясення службы. Дзейнасць добраахвотных дружын рэгламентуецца законам «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку». У пачатку года падводзяцца вынікі работы за папярэдні, таксама ёсць квартальныя вынікі. Самыя актыўныя заахвочваюцца граматамі і грашовымі сродкамі.

Старшы інспектар агучыў участкі, якія стануць полем дзейнасці для выяўлення правапарушэнняў грамадзян, і напрыканцы нагадаў дружыннікам: «Працуйце спакойна, турбуйцеся пра сваё жыццё, здароўе, па любых пытаннях кансультуйцеся з міліцыянерам. Дадому павінны вярнуцца цэлымі».

Падзяліўшыся на групы, усе адправіліся па сваіх адрасах. 20 чалавек былі замацаваны за патрульна-паставой службай міліцыі, а чацвёра астатніх — студэнты «БІПа — Універсітэта права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій» і работнікі ААТ «Галантэі» — вызваліся дапамагаць участковаму інспектару міліцыі наведаць насельнікаў прытонаў — тыя кватэры, якія маюць не самую добрую рэпутацыю. Дарэчы, у кожнага добраахвотніка павінна быць пры сабе пасведчанне. Без гэтага нельга заступаць на службу, а таксама адметны знак — чырвоная павязка на рукаве.

Пакуль ехалі на канчатковы пункт на Дзяржынскага, 55, спытала ў дружыннікаў, чаму яны вырашылі папоўніць іх шэрагі. Васямнаццацігадовая Вераніка БОХАН з першага курса юрыдычнага факультэта Універсітэта права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій падзялілася, што стала дружыннікам усяго некалькі месяцаў таму, аднак ужо адчувае, што гэта ёй вельмі падабаецца.

— Нам была прапанавана такая магчымасць, я адразу ёю загарэлася. Першае дзяжурства прайшло ў кастрычніку, ужо пасля таго, як я стала паўналетняй. Зараз гэта трэцяя змена. Мая будучая прафесія звязана з такой дзейнасцю, таму вельмі цікава даведацца, як усё працуе знутры: праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы і іншае. Дзяжурства звычайна доўжыцца чатыры гадзіны на дзень і праходзіць ўвечары, бо менавіта ў гэты час здзяйсняецца больш за ўсё правапарушэнняў. Шчыра кажучы, першы раз мне было дзіўна ўбачыць затрыманне людзей у нецвярозым выглядзе на вуліцы і тое, як выглядае апорны пункт: якія там знаходзяцца людзі, якая работа з імі праводзіцца, як з імі размаўляюць. У кожнага дружынніка на пасведчанні напісана, што мы маем права рабіць, а на што — не. Заўсёды павінны быць побач з тымі, хто ўпаўнаважаны затрымліваць парушальнікаў, мы ж толькі сочым за працэсам, вучымся. Памятаю, калі расказвала пра свой такі вопыт знаёмым, яны цікавіліся і некаторыя нават шкадавалі, што не пайшлі таксама ў дружыннікі. У наступным годзе планую сюды зноў, — упэўнена дзяўчына.

Старшы ўчастковы інспектар з дружыннікамі прыйшлі на чарговае заданне.

Тэхнік-тэхнолаг па фурнітуры Марыя ТКАЧЫК з ААТ «Галантэя» пра дружыну даведалася летась. «Дзяжуру кожны тыдзень, як з патрульнымі афіцэрамі, так і з участковымі. Сама таксама вучуся ў Міжнародным універсітэце «МІТСО» на трэцім курсе юрыдычнага факультэта на завочным аддзяленні, таму для мяне такая практыка карысная. У асноўным, людзі на нас рэагуюць нармальна, з разуменнем. Негатыву ніколі не было. Усе дзяжурствы праходзяць лёгка, бо я ведаю, што ад мяне патрабуецца, і выконваю гэта».

Ад інструктара-метадыста па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце, вядучага спецыяліста па грамадзянскай абароне, надзвычайных сітуацыях, пажарнай бяспецы ААТ «Галантэя» Паўла КЛІМКОВІЧА даведалася, што ў пералік абавязкаў дружыны ўваходзіць і расклейванне агітацыйных улётак. «Хутка пачнецца сезон масавага адпачынку грамадзян. Рашэннем адміністрацыі Маскоўскага раёна для нас вызначана адно месца масавага адпачынку — гэта парк Паўлава. Як толькі пацяплее, будзем распаўсюджваць улёткі аб шкодзе алкаголю і іншага». Дарэчы, Павел Яўгенавіч ужо 16 гадоў з'яўляецца часткай дабравольнай дружыны. «Уступіў, як толькі гэта пачало існаваць у нашай краіне, у 2004 годзе. Імкнуся весці актыўны лад жыцця. Я таксама з'яўляюся камандзірам добраахвотнай тэрытарыяльнай дружыны на сваім прадпрыемстве. Сюды прыходзяць людзі рознага ўзросту, нават больш тых, хто старэйшы. У канфлікты ніколі не лезем, а толькі слухаем, запамінаем. Ходзім да дзяцей з няшчасных сем'яў, даведаемся, ці будуць яны летам чымсьці занятыя. Калі бацькі не прымаюць ніякага ўдзелу ў жыцці дзіцяці, то трэба ім дапамагчы, знайсці нейкі летнік і гэтак далей».

Пад'язджаем да месца прызначэння. Нас сустракае старшы ўчастковы інспектар Маскоўскага РУУС, капітан міліцыі Андрэй АГЕЙЧАНКА. У органах ён працуе ўжо дзесяць гадоў, на гэтай пасадзе — чатыры гады. Міліцыянер абазначыў аб'ём работы, першы адрас — вуліца Чыгуначная, 126. Кватэра, якая стаіць на ўліку ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі Маскоўскага РУУС. У ёй пражываюць дарослыя брат з сястрой, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і на іх скардзяцца суседзі.

— З дружыннікамі наведваем такія кватэры кожны тыдзень. Сястра перыядычна трапляе ў лячэбна-працоўны прафілакторый, на брата таксама рыхтавалі адпаведныя матэрыялы ў мінулым годзе, але пасля вынясення папярэджання ён на працягу года да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, а значыць, падставы для гэтага адпалі. Але, ў кватэры збіраецца кампанія, каб выпіць, — тлумачыць Андрэй Агейчанка.

Задача членаў добраахвотнай дружыны — дапамагаць забяспечваць спакой на вуліцах супрацоўнікам міліцыі, прадоўжыў міліцыянер.

— Уклад іх у падтрыманне правапарадку значны. У першую чаргу гэта ўдзел у прафілактычнай рабоце з грамадзянамі, якія стаяць на ўліках у РУУС. Калі адзін нясеш службу ў грамадскім пункце, і падстрахаваць могуць, і са свайго жыццёвага досведу паўплываць на чалавека, які здзяйсняе правапарушэнне, — адзначыў Андрэй Агейчанка. — Калі падыходзіць міліцыя, бывае, грамадзяне напружваюцца, а калі ў цывільным адзенні робяць заўвагі, яны лішні раз падумаюць: сапраўды, мы робім нешта не так. Удзельнічаем сумесна з дружыннікамі ў розных акцыях, напрыклад, такіх, як «Дом без гвалту». Таксама добраахвотнікі дапамагаюць Дзяржаўтаінспекцыі гарантаваць бяспеку на дарогах, прымаючы ўдзел у рэйдавых мерапрыемствах. Мы часта прыцягваем іх да патрулявання месцаў масавага адпачынку — паркаў, сквераў, вадасховішчаў. Па маіх назіраннях, апошнім часам людзі сталі больш захоўваць грамадскі парадак, нават стала менш выклікаў, скаргаў пра тое, што дзесьці хтосьці п'яны ці б'ецца. Таму наша работа ідзе ў правільным кірунку.

Па дарозе сустрэлі кампанію, якая выклікае пэўныя падазрэнні. Вадзім, так завуць аднаго з хаўруснікаў, ужо даўно «на алоўку» ва ўчастковага...

— Ну што, ізноў выпіваеш? — цікавіцца міліцыянер. — Мама скардзіцца, што прыводзіш кагосьці ў дом. Сёння на цябе будзе састаўлены першы пратакол — папярэджанне за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Пакуль проста папярэджанне. Наступны раз будзе штраф.

Старшы ўчастковы інспектар распавёў пра гэтага мужчыну: выйшаў з ЛПП, працягвае займацца весці звыклы лад жыцця. Але на працягу года ў яго дзеючых адміністрацыйных пратаколаў няма, таму ў сувязі са зменамі ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях такім грамадзянам выносіцца на першы раз папярэджанне. Разам з тым, яно пазначаецца ў спецыяльнай базе, і калі гэты чалавек цягам года яшчэ раз пападзецца на парушэнні, у адносінах да яго будуць прымяняцца розныя санкцыі. «На нашым адміністрацыйным участку такіх правапарушальнікаў шэсць. Некаторыя з сем'яў, дзе ёсць праблема алкагалізму, патрабуюць большай увагі, а ёсць і тыя, хто стаў на шлях выпраўлення, мы назіраем за імі, пры станоўчай дынаміцы здымаем з уліку».

— А што ўплывае на такіх грамадзян у станоўчы бок? — пытаюся.

— Па-першае, мы іх вельмі часта наведваем, і яны разумеюць, што знаходзяцца пад наглядам, а значыць, расслабіцца нельга, і таму здзяйсняюць правапарушэнні нашмат радзей. Пасля лячэбна-працоўнага прафілакторыя большасць становяцца на правільны шлях.

...Падымаемся ў кватэру, якая знаходзіцца на апошнім, пятым, паверсе. На старэнькіх дзвярах званок не працуе. Міліцыянер быў вымушаны некалькі разоў гучна пагрукаць. За зачыненымі дзвярыма чуем: «Лепш галавой пастукай». Нарэшце дзверы адчыніліся, і з'явіўся гаспадар. «Вы своечасова, толькі прыехаў з работы». Заходзім з дружыннікамі. Два пакоі, кухня і санвузел. Здаецца, над кватэрай можна было б папрацаваць, і выйшла б добрае жыллё. Але зараз тут шмат хламу, смецця, бруду, недакуркаў і пустых бутэлек.

— Самакатаў, велікаў крадзеных няма? — цікавіцца Андрэй Агейчанка. Той ківае, маўляў, няма.

— А сястра дзе?

— Дык яе ж на суткі адправілі або ў ЛПП... больш не прыходзіла.

— Дык ты прыбраў бы жыллё трохі…

Дружыннікі падчас інструктажу ў Маскоўскім РУУС.

Такія грамадзяне дзеляцца на дзве катэгорыі: хтосьці збірае ўвесь хлам, смецце і цягне ў дом, а ў іншых кватэрах наадварот голыя сцены, няма мэблі, — усё прапіваюць, кажа старшы ўчастковы інспектар. «Зараз ён цвярозы, выпіць яшчэ не паспеў, а які будзе да ночы, невядома. Той гаспадар ціхі, а вось яго сястра буйная. Пратаколы на яе складалі не раз. Святло ім адключылі за няўплату».

...Дружыннікі з участковым пайшлі далей, у апорны пункт. А мне на першы раз уражанняў хапіла.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Маскоўскага РУУС г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.