Вы тут

Раім схадзіць


«Пакінутая зямля» да 35-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Экспазіцыя «Чырвонка ў тыле ворага», TheatreHD, Cinemascope і іншае — афіша «Звязды».


Круглы стол «Беларускі салавей» да юбілею Змітрака Бядулі

Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116, пам.308

Калі: 29 красавіка

Колькі каштуе: па чытацкім білеце

29 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца круглы стол «Беларускі салавей», прымеркаваны да юбілею вядомага паэта і празаіка Змітрака Бядулі (1886–1941).

Комплекснае мерапрыемства да юбілею Змітрака Бядулі будзе прадугледжваць:

  • прэзентацыю маштабнай віртуальнай экспазіцыі, якая ўпершыню дазваляе пазнаёміцца з самым шырокім комплексам апублікаваных і неапублікаваных раней дакументаў пра жыццё і творчасць пісьменніка з фондаў розных бібліятэк, архіваў і музеяў Беларусі; атрымаць доступ да поўных тэкстаў яго прыжыццёвых і пазнейшых выданняў, літаратуры пра Змітрака Бядулю; пагартаць багацейшую на гэты момант фотагалерэю класіка; паспрабаваць прачытаць пісаныя рукою пісьменніка лісты да вядомых культурных дзеячаў і ўласных сваякоў, а таксама пазнаёміцца з багацейшым адлюстраваннем жыцця і творчасці Бядулі ў выяўленчым і тэатральным мастацтве, ушанаваннем яго ў сучаснай культурнай прасторы Беларусі;
  • навуковае пасяджэнне, удзел у якім прымуць навукоўцы з розных гарадоў Беларусі, прадстаўнікі бібліятэк і музеяў, сродкаў масавай інфармацыі;
  • сустрэчу са сваякамі і нашчадкамі пісьменніка, у тым ліку жывое спатканне з Яфімам Плаўнікам, сынам Змітрака Бядулі.

Круглы стол пройдзе ўжывую з трансляцыяй на платформе YouTube. Трансляцыя і пазнейшы відэазапіс мерапрыемства будуць даступныя па спасылцы.


Выставачны праект «Пакінутая зямля» да 35-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: з 15 красавіка

Колькі каштуе: поўны — 7 BYN; для студэнтаў — 5,5 BYN; для школьнікаў — 4 BYN

26 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выставачны праект «Пакінутая зямля», прымеркаваны да 35-годдзя аварыі на ЧАЭС.

У 01:23:47 26 красавіка 1986 года на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай АЭС у 12 кіламетрах ад паўднёвай мяжы Беларусі адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар і стаў найбуйнейшай у гісторыі ядзернай энергетыкі аварыяй.

Пра аварыю, яе наступствы для Беларусі, іх ліквідацыю і дзейнасць па аднаўленні тэрыторыі, пра лёсы людзей, чыё жыццё аказалася звязаным з чарнобыльскай тэмай, на выставе «Пакінутая зямля» раскажуць шматлікія фатаграфіі і архіўныя матэрыялы.

Знаходкі этнаграфічных экспедыцый Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук 1990-х гадоў у рэгіёны, пацярпелыя ад аварыі, прадэманструюць побыт і культуру цяпер не існых вёсак.

На выставе можна пабачыць фатаграфіі флоры і фауны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які з’яўляецца месцам пражывання рэдкіх і знікаючых відаў.

Таксама на выставе «Пакінутая зямля» будуць прадстаўлены работы мастакоў Георгія Паплаўскага, Віктара Шматава і Сяргея Давідовіча-Зосіна.

 Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім тэлеграфным агенцтвам, Музеем старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Музеем пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам.

Выстава «Пакінутая зямля» будзе працаваць па 23 мая 2021 года.


Экспазіцыя «Чырвонка ў тыле ворага»

Дзе: Музей ВАВ, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 8

Калі: па 21 мая

Колькі каштуе: 10 BYN (студэнты — 7 BYN, школьнікі — 4,50)

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася часовая экспазіцыя «Чырвонка ў тыле ворага». Яна прымеркавана да 100-годдзя «Чырвонай змены» — адной са старэйшых беларускіх газет, якая вядзе летапіс жыцця беларускай моладзі.

«Чырвоная змена» мае сваю слаўную гісторыю. Як у мірны час, так і ў гады вайны газета заўседы заставалася разам з моладдзю. «Чырвонка» — так ласкава называлі газету супрацоўнікі рэдакцыі, а таксама яе шматлікія чытачы, юнакі і дзяўчаты.

Перыяд выдання «Чырвонкі» ў тыле ворага быў трывожным, але яркім часам. Першы такі нумар убачыў свет 31 студзеня 1943 г. у зоне дзеяння партызан Мінскага злучэння. Газета з’яўлялася друкаваным органам Цэнтральнага Камітэта і Мінскага падпольнага абкама камсамола. Рэдактарам газеты стаў вопытны журналіст Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў, які адначасова рэдагаваў рэспубліканскую газету «Звязда». Гэта быў адзіны выпадак у гісторыі друку перыяда Вялікай Айчыннай вайны, калі рэдактар адказваў за выпуск адразу дзвюх падпольных рэспубліканскіх газет. Супрацоўнікі рэдакцыі на чале з М.П. Барашкавым рыхтавалі матэрыялы, набіралі і друкавалі газету ў складаных умовах, нават падчас рэгулярных варожых блакад.

«Чырвонка» выступала баявым арганізатарам беларускай моладзі ў тыле ворага. Яна заклікала юнакоў і дзяўчат у рады народных мсціўцаў, уздымала моладзь на барацьбу з ворагам, расказвала пра баявыя аперацыі камсамольскіх атрадаў, усяляла бадзёрасць і ўпэўненасць у перамозе. Свае творы ў газету дасылалі беларускія паэты і пісьменнікі.

Падпольная «Чырвонка» хутка стала папулярнай і любімай газетай моладзі ў тыле ворага. Яна распаўсюджвалася па ўсіх кутках акупіраванай Беларусі. Газету перадавалі з рук у рукі, зачытвалі да дзірак. Усяго ў тыле ворага было надрукавана 42 нумары «Чырвонкі», кожны з якіх быў магутным ударам па ворагу.

Аснову экспазіцыі склалі арыгінальныя нумары «Чырвонай змены» за 1943–1944 гады з фондаў музея. Дакументы, фотаздымкі, малюнкі даюць магчымасць прасачыць працэс стварэння газеты, даведацца пра лёс яе супрацоўнікаў. Наведвальнікі выставы таксама ўбачаць сцяг «Чырвонай змены» і іншыя матэрыялы, прадастаўленыя рэдакцыяй газеты «Звязда».


TheatreHD: лепшыя пастаноўкі свету на вялікіх экранах

Дзе: Цэнтральны, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 13;VOKA CINEMA by Silver Screen, г. Мінск, вул. Пятра Мсціслаўца, 11

Калі: з 25 красавіка

Колькі каштуе: ад 15 BYN

На экранах кінатэатраў можна ўбачыць лепшыя творы Шэкспіраўскага «Глобуса», Каралеўскага нацыянальнага тэатра, Метрапалітэн оперы, а таксама узорных рускіх тэатраў.

Для прыхільнікаў сусветнага драматычнага тэатра ў красавіцкай праграме прадстаўлены абсалютныя хіты. Дзве версіі спектакля «Франкенштэйн» Дэні Бойла — з Лі Мілерам і Камбербэтчем — глядзіце 27 красавіка. Спектакль Каралеўскага нацыянальнага тэатра дэманструецца ў двух варыянтах — выканаўцы роляў доктара і істоты мяняюцца месцамі.

«Сон у летнюю ноч» легендарнага Шэкспіраўскага тэатра «Глобус» пакажуць 28 красавіка ў VOKA CINEMA by Silver Screen. А тым, каму не хапіла драматургіі англійскага класіка, прапануюць убачыць лаканічную, па-спартанску простую шэкспіраўскую трагедыю аб суровым ваяры, які не вытрымаў выпрабаванняў славай і палітыкай: «Карыолан» з Томам Хідлстонам у галоўнай ролі — на экране Falcon Club «Буцік Кіно» 28 красавіка.

Драма Джона Уэбстера «Герцагіня Мальфа» у пастаноўцы «Глобуса» — 25 красавіка. Гэтая знакамітая трагедыя вядомая сваімі захапляльнымі сюжэтнымі паваротамі, напружанымі сцэнамі і запамінальнымі персанажамі.

У праграме TheatreHD традыцыйна прадстаўлены і лаўрэаты «Залатой маскі». У 2020 годзе Даніла Казлоўскі ў нечаканым драматычным амплуа ў спектаклі «Гамлет» атрымаў прэстыжную тэатральную прэмію. Спектакль характэрны не толькі кіназоркай у галоўнай ролі, але і тым, што яго пастаноўкай займаўся Леў Дадзіна, адзін з самых парадаксальных і непрадказальных сучасных рэжысёраў. «Гамлет» пакажуць 14 красавіка ў Falcon Club «Буцік Кіно» — гэта дакладна нагода ўбачыць шэдэўр і па-сапраўднаму здзівіцца.

Паказы ў рамках праекта TheatreHD арганізуе Цэнтр «АРТ Карпарэйшн».


Cinemascope. Анталогія

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: кожную сераду

Колькі каштуе: 7 BYN

Праграма паказаў разлічана не толькі на спрактыкаваных сінефілаў, але і на тых, хто хоча разбірацца ў мастацтве кіно.

Удзельнікі штотыднёвага кінаклуба змогуць пазнаёміцца з ключавымі этапамі гісторыі кіно (ад ранняга гукавога да сучаснага арт-кіно), асвоіць асноўныя прынцыпы кінааналізу і навучыцца «лепш бачыць карціны, лепш чытаць іх, лепш ў іх разбірацца».

23 красавіка, 19:00

Вірыдыяна | Viridiana (Іспанія — Мексіка, 1961 г., 91 хв.)

Вірыдыяна, маладая паслушніца, прыязджае на некалькі дзён да свайго дзядзькі. Ён дзівіцца падабенству пляменніцы з памерлай жонкай і спрабуе згвалтаваць яе, але ў Вірдыяны атрымліваецца бегчы, а дзядзька накладае на сябе рукі.

Пляменніцы дастаецца ў спадчыну яго маёнтак, і яна, з міласэрнасці, пасяляе ў атрыманым ёю доме калек і жабракоў. Але дом неўзабаве ператвараецца ў сапраўдную батлейку.

Рэжысёр: Луіс Бунюэль

***

30 красавіка, 19:00

Акно ў двор | Rear Window (ЗША, 1954, 112 хв.)

Фотарэпарцёр Джэф з-за зламанай нагі вымушаны праводзіць цэлыя дні ў інвалідным крэсле. Ад бяздзеяння ён сочыць праз акно за паводзінамі суседзяў па двары. Назіранні таўкаюць яго на падазрэнне, што адзін з суседзяў забіў сваю жонку, але Сцюарт не ў стане пераканаць у гэтым сваю нявесту і свайго прыяцеля.

Калі ж, у рэшце рэшт, нявеста Сцюарта знаходзіць доказ, які пацвярджае яго падазрэнні, забойца таксама выяўляе, што за ім сочаць.

Рэжысёр: Альфрэд Хічкок

Пасля паказу можна застацца на абмеркаванне / абмен уражаннямі.

Усе фільмы на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі

Паказы праходзяць у скульптурнай зале музея з выкарыстаннем бесправадных навушнікаў.

Слухаўкі выдаюцца на ўваходзе пры прад’яўленні білета, пасля заканчэння сеансу падлягаюць вяртанню.


Выставачны праект «108 хвілін. Дарога ў космас»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: па 31 мая

Колькі каштуе: поўны — 7 BYN; для студэнтаў — 5,5 BYN; для школьнікаў — 4 BYN

З 16 красавіка 2021 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Карла Маркса, 12) працуе міжнародны выставачны праект «108 хвілін. Дарога ў космас», прысвечаны 60-годдзю першага палёту чалавека ў космас.

Праект рэалізуецца сумесна з Аб’яднаным мемарыяльным музеем Ю.А. Гагарына (г. Гагарын), Смаленскім дзяржаўным музеем-запаведнікам (г. Смаленск), Навукова-даследчым выпрабавальным цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына (Зорны Гарадок), Фондам папулярызацыі пілатуемай касманаўтыкі «Космас — гэта мы!» (Зорны Гарадок), Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Музеем авіяцыйнай тэхнікі Мінскага аэраклуба ДТСААФ, іншымі ўстановамі і арганізацыямі Беларусі і Расіі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.

На выставе «108 хвілін. Дарога ў космас» будуць прадстаўлены ўнікальныя артэфакты, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў Беларусі. Са збораў расійскіх музеяў будуць прадстаўлены скафандр першага касманаўта Ю.А. Гагарына, бартавы часопіс першай жанчыны-касманаўта В.У. Церашковай, фатаграфіі з сямейнага архіва Ю.А. Гагарына, а таксама іншыя сведчанні першых касмічных палётаў. Важнае месца на выставе зоймуць экспанаты, якія распавядаюць пра беларускіх касманаўтаў П.І. Клімука, У.В. Кавалёнка, А.В. Навіцкага — скафандр «Сокал», элементы касмічнага рыштунку, абсталявання, узоры харчавання і г. д. Таксама на выставе будуць прадстаўлены матэрыялы аб сучаснай касманаўтыцы Беларусі і Расіі.

Мастацкая частка выставы будзе прадстаўлена графічнымі лістамі касманаўта Лявонава, скульптурамі аўтарства народнага мастака Беларусі І.Я. Міско, палотнамі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь М.А. Апіёка, працамі вядомага фатографа, лаўрэата міжнароднай прэміі «World Press Photo» Ю.С. Іванова.

Выставачны праект пазнаёміць беларусаў і гасцей нашай краіны з найцікавейшымі старонкамі заваявання космасу. У рамках работы выставы «108 хвілін. Дарога ў космас» будуць праводзіцца культурныя мерапрыемствы для розных катэгорый наведвальнікаў.


Выстава «Натхнёны Коласам» мастака Анатоля Бяляўскага

Фота: БелТА.

Дзе: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Калі: з 21 красавіка

Выстава пейзажаў «Натхнёны Коласам» мастака Анатоля Бяляўскага адкрыецца 21 красавіка ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

«Якуб Колас вельмі любіў прыроду, захапляўся яе з’явамі, прыслухоўваўся да таямніц яе жыцці — загадкавых і неразгаданых. У сваіх творах натхнёны пясняр беларускай прыроды як сапраўдны мастак слова маляваў непараўнальнае аблічча зямлі і роднага краю. Пад яго пяром прырода пачынае зіхацець мноствам колераў і адценняў», — адзначылі ў музеі.

Сярод беларускіх мастакоў-пейзажыстаў вылучаецца асоба Анатоля Бяляўскага. «Галоўнымі рысамі яго творчасці з’яўляюцца лірызм і цеплыня ўвасаблення прыгажосці прыроды. Тварцу ўдаецца дасканала перадаць колеравую гаму і шматаблічныя дэталі, што робіць яго карціны арыгінальнымі, непаўторнымі. Мастак, як і некалі Якуб Колас, у простым знаходзіць асаблівае, у звычайным — цікавае , а прырода на яго палотнах быццам ажывае», — падкрэслілі арганізатары.

З пачатку сваёй творчай дзейнасці член Саюза мастакоў Беларусі, вядомы тварэц Анатоль Бяляўскі напісаў каля 3 тыс. карцін. Яго творчасць добра вядома ў Беларусі. Яго карціны маюць вялікую папулярнасць сярод калекцыянераў, многія з іх знаходзяцца ў вядомых замежных калекцыях. Пейзаж «Ручэй», на стварэнне якога мастака натхніў аднайменны верш Якуба Коласа, знаходзіцца ў калекцыі жывапісу родных пісьменніка. Анатоль Бяляўскі працуе ў розных жанрах — пейзаж, партрэт, ёсць карціны з глыбокім філасофскім сэнсам, а таксама на гістарычныя тэмы. Усе работы аб’яднаны любоўю да сваёй роднай зямлі, загадкавай прыгажосцю і толькі яму ўласцівым стылем і почыркам.

«Нямала павандраваўшы з мальбертам па Беларусі і іншых краінах свету, Анатоль Іванавіч прызнаецца, што нідзе не сустракаў такой цудоўнай прыроды, як у роднай старонцы», — дадалі ў музеі.


Выстава «Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання»

Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: 15—30 красавіка

Колькі каштуе: па чытацкім білеце

15 красавіка а 16-й падчас адкрыцця выставы ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўпершыню будуць прадстаўлены ўнікальная сямейная перапіска XIX стагоддзя і кнігі са знакамітай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах вернутыя з Германіі.

Лісты прадстаўнікоў рода Храптовічаў  і тры кнігі былі вернутыя на Беларусь з Германіі ў лютым 2020 года і з таго часу захоўваліся ў Нацыянальнай бібліятэцы. Вяртанне адбывалася намаганнямі дабрачыннага фонда «Шчорсы і Храптовічы». Некалі кнігазбор Храптовічаў, які пачаў збірацца канцлерам Іяхімам Літаворам Храптовічам у XVIII стагоддзі, лічыўся адной з найбагацейшых бібліятэк ва Усходняй Еўропе.

Як старажытныя кнігі, так і перапіска на французскай мове – гэта надзвычай каштоўныя помнікі свайго часу, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся і не дэманстраваліся для публікі. У 2020 годзе са згоды апошніх уладальнікаў адшуканыя каштоўныя дакументы былі перададзены ў Беларусь. У межах адкрыцця выставы адбудзецца афіцыйная перадача кніг і перапіскі Храптовічаў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Падчас адкрыцця выставы будзе праведзены брыфінг для журналістаў. На ім прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і дабрачыннага фонда «Шчорсы і Храптовічы» распавядуць пра першы вопыт вывучэння кніг і ліставання Храптовічаў, звернуць увагу на іх значэнне для беларускай і сусветнай культуры, а таксама пра новыя крокі ў вывучэнні гісторыі роду Храптовічаў, іх спадчыны ў Беларусі і замежжы, шляхі яе вяртання на Радзіму.

Таксама на выставе будуць прадстаўленыя мастацкія працы студэнтаў БНТУ, якія працавалі валанцёрамі на летніках па добраўпарадкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах у 2018–2019 гадах.

Выстава «Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання» арганізавана сумесна дабрачынным фондам «Шчорсы і Храптовічы» і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Выстава будзе працаваць у Музеі кнігі з 15 па 30 красавіка 2021 г.

Уваход на ўрачыстае адкрыццё − вольны.


Выставачны праект «Японская эратычная гравюра. Сюнга»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 47

Калі: па 16 мая

Колькі каштуе: 12 BYN (студэнты — 10 BYN, пенсіянеры, шматдзетныя сем’і , інваліды III групы — 8 BYN)

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і LIBRA запрашаюць гледачоў наведаць новы выставачны праект «Японская эратычная гравюра. Сюнга», дзе прадстаўлены каляровыя ксілаграфіі такіх вядомых японскіх майстроў, як Кацусіка Хакусай, Андо Хірасігэ, Кітагава Утамара. Бош за 60 гравюр японскіх і кітайскіх майстроў XIX–XX стагоддзяў можна будзе ўбачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў па 16 мая.

Тысячагоддзямі культурныя традыцыі Японіі і Захаду развіваліся ізалявана адзін ад аднаго, сфарміраваўшы свой асаблівы, такі супрацьлеглы погляд на свет. Выстава дазволіць акунуцца ў смелы жанр — сюнга.

Сюнга (даслоўны пераклад — «вясновыя карцінкі») — гравюры эратычнага зместу. Яны без лішняй сціпласці і пачуцця віны малююць аголеныя фігуры мужчын і жанчын, палюбоўнікаў у самы патаемны момант блізкасці.

Глядач выставы зможа пазнаёміцца ​​з разнастайнасцю відаў сюнга: ад работ, якія даюць толькі намёк і бударажаць фантазію (абуна-э), да шчырых, дэталізаваных гравюр, у якіх, здаецца, губляюцца межы паміж эратычным мастацтвам і табу.

На выставе «Японская эратычная гравюра. Сюнга» прадстаўлены 65 твораў XIX–XX стагоддзяў у тэхніцы ксілаграфіі ад прыватных калекцыянераў Японіі, Кітая, ЗША і Канады. Выстава для гледачоў старэйшых за 18 гадоў.

Экспазіцыю суправаджаюць інфармацыйныя стэнды, якія дапамогуць вам лепш разабрацца з прадстаўленымі працамі. Таксама на выставе будуць дэманстравацца дакументальныя фільмы, якія бліжэй пазнаёмяць вас з найвялікшымі майстрамі эратычнай гравюры і іх творчасцю. Да таго ж кожны жадаючы зможа бясплатна паспрабаваць разгадаць тэматычны квэст па выставе, які ўяўляе сабой некалькі заданняў па экспазіцыі і інфармацыйных стэндах, каб зрабіць наведванне выставы яшчэ больш займальным.

Агляд выставы чытайце па спасылцы


Выстава «Філасофія вобраза»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: з 9 па 23 красавіка

Колькі каштуе: 6 BYN (ільготны 3 BYN)

9 красавіка а 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адбудзецца адкрыццё выставы «Філасофія вобраза». На выставе будуць прадстаўлены скульптурныя творы Дзмітрыя Аганава і графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка. Выстава арганізавана ў межах фестывалю скульптуры Беларускага саюза мастакоў.

Дзмітрый Аганаў, сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і пленэраў, прадставіць ключавыя творы, якія характарызуюць пэўны творчы перыяд аўтара. Перыяд, прысвечаны асэнсаванню і творчай рэмінісцэнцыі еўрапейскіх міфаў, рэлігіі і гісторыі — працэсаў, якія ствараюцца, асэнсоўваюцца і пераўтвараюцца чалавекам. Вобразы — лаканічныя або, наадварот, выкананыя ў вытанчанай пластыцы — утойваюць складаныя і глыбокія па сэнсе і інтэрпрэтацыі ідэі. Шмат якія з іх апелююць да назапашаных ведаў і вопыту гледача. Галоўнай дамінантай твораў Дзмітрыя Аганава можна вызначыць дуалізм чалавечага свету: безупыннае ўзаемадзеянне, саперніцтва і спалучэнне матэрыяльнага і фізічнага, жаночага і мужчынскага, разбуральнага і стваральнага пачаткаў.

Беларускі скульптар Дзмітрый Аганаў нарадзіўся ў 1976 г. у горадзе Наваполацку ў сям’і вядомага архітэктара і скульптара Льва Аганава. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працуе ў галіне станковай і манументальнай скульптуры.

Графічныя аркушы Лізаветы Пастушэнка дапаўняюць і лагічна працягваюць «філасофскі аповед» скульптурных вобразаў Дзмітрыя Аганава. У сваіх творах мастачка адлюстроўвае метафізічнасць свету, свае разважанні пра жыццё і чалавечыя ўзаемаадносіны. Лізавета Пастушэнка, член Беларускага саюза мастакоў, разнастайная ў творчасці: ад ілюстрацый і эстампаў да анімацыі. Сярод асноўных творчых работ мастачкі: серыя графічных аркушаў «Летняе падарожжа» (2009), «Кашэчы каляндар» (2009–2010), серыя пастэлей «Вандроўка да поўдня» (2011).

Творчая дзейнасць мастачкі адзначана дыпломам у нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» за аўтарскі паэтычны зборнік «Хто ёсць Хто» (2019), дыпломам у намінацыі «Графіка» ў межах праекта «Мастацтва і медыя супраць гендэрных стэрэатыпаў» (2019).


Міжнародны мастацкі праект «Чарнобыль. Эфект спячага»

Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30

Калі: 26 сакавіка — 2 мая

Колькі каштуе: дарослыя — 6 BYN, ільготны — 3 BYN

26 сакавіка ў 18.00 ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) адбудзецца адкрыццё міжнароднага мастацкага праекта «Чарнобыль. Эфект спячага».

  • Аўтар ідэі: Дзіна Даніловіч
  • Куратарская група: Дзіна Даніловіч, Вольга Рыбчынская, Вольга Вішнёва
  • Удзельнікі: Казума Абара (Японія), Вольга Бубіч (Беларусь), Артур Бондар (Украіна/Расія), Дзіна Даніловіч (Беларусь), Андрэй Дубінін (Беларусь), Яўген Казюля (Беларусь), Анатоль Кляшчук (Беларусь), Сяргей Кажамякін (Беларусь), Андрэй Кузьмянок (Беларусь), Ігар Саўчанка (Беларусь), Святлана Станкевіч (Беларусь), Таццяна Ткачова (Беларусь), AORTHA (Зьміцер Ладзес) (Беларусь).

Праект ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, які ў 2021 годзе адзначае свой юбілей – 80 гадоў з дня заснавання.

Буйнейшая тэхнагенная катастрофа на Чарнобыльскай АЭС – здарэнне, якое змяніла свет. Праз 35 год вакол чарнобыльскай тэмы працягвае працаваць эфект скажэння прасторы і часу: сацыяльнага, палітычнага, інфармацыйнага, культуралагічнага і этычнага.

Мастацкі праект «Чарнобыль. Эфект спячага», знаходзячыся на аддаленай часавай дыстанцыі ад падзеі, даследуе поле грамадскай памяці. Што засталося ў свядомасці людзей? Як гэтыя ўспаміны змяняліся з цягам часу? Які інструментарый выкарыстоўваюць сучасныя мастакі для размовы пра аварыю і яе наступствы? Вакол якіх тэкстаў, вобразаў, сюжэтаў будуюць свае апавяданне і аналіз? Аўтары праекта па-рознаму ўзаемадзейнічаюць з архівам, запазычваючы дакументальныя сведчанні мінулага, выкарыстоўваючы ўласныя матэрыялы і канструюючы версіі падзей.

Само паняцце «эфект спячага» выкарыстоўваецца ў праекце зыходзячы з некалькіх перспектыў: у якасці метафары адкладзенай, міфалагізаванай гісторыі падзеі, якая не завершана, і псіхалагічнага феномена, звязанага з маніпуляцыяй грамадскім меркаваннем і перакананнямі.

Выстава складаецца з архіўных матэрыялаў, якія састаўляюць вось куратарскага выказвання. Архіў застаецца ў аспекце свайго звычайнага існавання – у ролі «захавальніка матэрыяльных слядоў» (Пьер Нара) гістарычнай падзеі. Адначасова ён становіцца формай і часткай экспазіцыі сучасных мастакоў, трансфармуючыся з нечага, што нам, магчыма, спатрэбіцца ўзгадаць, у мастацкі аб’ект.

Апрача фатаграфіі, відэа, інсталяцыі, важным сродкам апавядання з’яўляецца гук. Sound art AORTHA (Зьміцер Ладзес), гук у праекце Андрэя Кузьмянка і Дзіны Даніловіч, архіўны запіс, перададзены Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, не толькі суправаджаюць візуальную частку экспазіцыі, але і ўтвараюць з ёй цэласнасць, становяцца кампанентамі вялікага наратыву.

Серыя фотаздымкаў «Радаўніца. Чарнобыльская зона» (1989-1999) Анатоля Клешчука – з архіва галерэі візуальных мастацтваў NOVA.

Фотаздымак Яўгена Казюлі з серыі «Забароненая зона Палесся» (1988) перададзены з архіва Народнага фотаклуба «Мінск».

Суправаджальная праграма мастацкага праекта «Чарнобыль. Эфект спячага» ажыццяўляецца пры падтрымцы РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм».

Выстава працягнецца па 2 мая 2021 года.


Віцебск. Персанальны мастацкі праект Валянціны Ляховіч «Лучоскія экзэрсісы»

Дзе: Музей Марка Шагала ў Віцебску, г. Віцебск, вул. Пакроўская, 11

Калі: па 16 мая

Валянціна Ляховіч канцэнтруе сваю ўвагу не толькі на стварэнні асобных твораў, але і праектаў, дзе галоўным сродкам мастацкага выказвання з’яўляецца экспазіцыя цалкам, калі працы можна ўспрымаць як асобныя фарбы і кампазіцыйныя дэталі. У ракі Лучоса стаіць бацькоўская хата мастачкі — гэта месца успамінаў, разважанняў і новых сустрэч.

«Валянціна Ляховіч ўяўляе экзэрсісы як у абстрактным, так і ў фігуратыўным жывапісу. Мастачка выкарыстоўвае розныя тэхнікі жывапісу, фота, калаж. Экспрэсіўна партрэты займаюць значнае месца ў экспазіцыі, ад іх мастачка рухаецца да абагульненых вобразаў чалавека, яго асобы і фігуры, а потым і да аб’ектаў», — адзначылі ў арт-цэнтры.

Аб’ёмныя работы аўтара сумяшчаюць ўласцівасці скульптуры, асамбляжу (сход аднаго цэлага з аб’ёмных прадметаў з дадаткам матэрыялаў і жывапісу), канцэптуальнага аб’екта трэш-культуры (смецце, упакоўка ў якасці матэрыялаў, кола тэм сканцэнтраваны на філасофскіх праблемах, тэматыцы марнасці і крохкасці жыцця).

Святло з’яўляецца немалаважным экспазіцыйнага сродкам, які трансфармуе прастору і стварае неабходную атмасферу для ўспрымання. З гэтай мэтай мастачка выкарыстоўвае імітацыю вітражных работ, выкананых спецыяльна пад памер вокнаў Арт-цэнтра Марка Шагала і разлічаных на выкарыстанне натуральнага святла, а таксама штучнага асвятлення аб’ектаў.

Выстава будзе экспанавацца па 16 мая.


Віцебск. Майстар-клас па роспісе велікодных яек у традыцыйных тэхніках

Дзе: Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, г. Віцебск, вул. Леніна, 35А

Калі: па 2 мая

Колькі каштуе: удакладняйце па тэлефоне: 27-29-40; 27-29-58

Па 2 мая 2021 года ў  Віцебскім абласным метадычнам цэнтры народнай творчасці (вул. Леніна, 35А) пройдзіць майстар-клас па роспісе велікодных яек у традыцыйных тэхніках.

Пісанка — сімвал і мадэль Сусвету, адраджэння жыцця, вясны і кахання. Яйка ў старажытнасці было не толькі ежай, але і лекамі, кампанентам фарбаў, абярэгам, духам збожжа, знакам Творцы — стваральніка свету.

З майстар-класа вы даведаецеся, чымадрозніваецца «крашанка» ад «скрабанкі» і «пісанка» ад «кропанкі».

Папярэдні запіс абавязковы. Майстар-клас на платнай аснове.


Магілёў. Выстава гіганцкіх насякомых

Дзе: Музей этнаграфіі, г. Магілёў, вул. Першамайская, 8

Калі: да 15 мая

Колькі каштуе: 5 BYN (4 BYN — для дзяцей)

Задоўга да эпохі дыназаўраў у свеце панавалі зусім іншыя формы жыцця.

На выставе «Гіганцкія насякомыя» вам прадставіцца ўнікальная магчымасць здзейсніць падарожжа ў дагістарычны свет і пазнаёміцца з яго гіганцкімі насельнікамі, якія выраблены ў натуральную велічыню: артраплевра (вымерлая сараканожка) 2,5 м, марскія скарпіёны-ракі (3 м) і многія іншыя старажытныя насельнікі нашай планеты.

Выхадныя: серада, чацвер


Гомель. Рэспубліканская выстава «35 гадоў пад знакам Ч»

Дзе: Палац Румянцавых і Паскевічаў, г. Гомель, пл. Леніна, 4

Калі: з 16 красавіка, 16:00

Творы народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтваў Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча, а таксама яшчэ каля 70 работ жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаных 35-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, дэманструюцца ў палацы Румянцавых і Паскевічаў. У экспазіцыі прадстаўлены мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку з Гомельскай вобласці. Выстава «35 гадоў пад знакам „Ч“», падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў, адкрываецца 16 красавіка 2021 года а 16-ай гадзіне.

Ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць рэчаіснасць і гісторыю на «да» і «пасля»... Чарнобыльская катастрофа для многіх пакаленняў людзей з забруджаных тэрыторый парушыла светлы вобраз дзяцінства, зруйнавала самую ідэю вяртання ў бацькоўскую хату, ідэал увасаблення малой радзімы-абярэга, каштоўнага для кожнага чалавека. Усё гэта абумовіла пошук новай канцэпцыі асобы ў мастацтве. Мастацтва «пасля» Чарнобыля не толькі спавядае пра «разбуранае» выбухам рэактара жыццё людзей, яно прымушае да філасофскіх развагаў — пра безабароннасць чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, пра любоў, шчырасць, духоўнасць, пра малую радзіму і Бацькаўшчыну... Засяроджанасць на праблемах унутранага свету стала своеасаблівай рысай мастацтва апошніх трох дзесяцігоддзяў.

Першымі выяўленчую хроніку Чарнобыльскай трагедыі пачалі ствараць адразу з 1986 года тады яшчэ маладыя мастакі Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. На іх карцінах амаль дакументальныя кадры — людзі, якія ў мірны час сталі ў сваёй краіне бежанцамі, пакінутыя хаты, калючы дрот на мяжызоны адчужэння.

Вялікую справу дзеля захавання памяці пра Чарнобыль зрабіў мастак і навуковец Віктар Шматаў. Ён неаднойчы прыязджаў на забруджаную тэрыторыю, каб ратаваць для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся. Збіраў экспанаты для Музея старажытнабеларускай культуры. А разам з тым, створаныя ім у той час з натуры жывапісныя рэпартажы, апавядалі пра жыццё апусцелых вёсак.

Не мог не адгукнуцца на Чарнобыльскую бяду і пясняр Палесся Гаўрыіл Вашчанка. Карціны народнага мастака — гэта не столькі адлюстраванне рэалій, гэта шчымлівы боль па страчаным раі, светлая вера, што ўсё калісьці вернецца. Невыпадкова ж любімым сюжэтам мастака заўжды была бусліная сям’я ў гняздзе — сімвал прадаўжэння роду.

У экспазіцыі выставы «35 гадоў пад знакам „Ч“» можна пазнаёміцца з работамі многіх вядомых у Беларусі творцаў. На выставе таксама прадстаўлены жывапіс Уладзіміра Гардзеенкі, Арсенія Двароніна, Анжалікі Шабалтас, Віталя Дзянісенкі, Віктара Ціханава, Ірыны Кузняцовай, Генадзя Козела, Васіля Касцючэнкі, Леаніда Гоманава, Анатоля Отчыка,Сяргея Ігнаценкі; графіка Юрыя Хілько, Уладзіміра Васюка, Мікалая Гуршчанкова, Івана Андрасюка; скульптура Уладзіміра Слабодчыкава, Юрыя Мядзведзева, Аляксандра Слепава; габелены Людмілы Пятруль, Ларысы Зуевай, Ніны Пілюзінай, Святланы Баранкоўскай, Таццяны Козік.

Але, разам з тым, тэма экалагічнай катастрофы закранае мастакоў, якія пераасэнсоўваюць яе праз фармальныя кампазіцыйныя падыходы, нечаканыя пластычныя рашэнні. Гэта выразна выяўлена ў графіцы Андрэя Басалыгі, жывапісе Канстанціна Вашчанкі, Глеба Отчыка, Святланы Наздрын-Платніцкай, Глеба Герасімава, Васіля Зянько, кампазіцыях з шамоту Вольгі Сямашкі.


Брэст. «Птушыны дэсант»

Дзе: Брэсцкі абласны краязнаўчы музей, г. Брэст, вул. К.Маркса, 60

Калі: да 30 красавіка

У краязнаўчым музеі стартавалі мерапрыемствы, прысвечаныя XVII Міжнароднай тыдню птушак. Адкрыла іх экспазіцыя «Птушыны дэсант». На ёй прадстаўлены фатаграфіі птушак Паўла Лычкоўскага, Аляксандра Пекача, Ігара Бышнёва і іншых. Птушкі ў палёце, птушка-мама ў гняздзе, на снезе, у траве ... Ёсць і птушка года Беларусі — ляляк.

На выставе таксама экспануюцца калекцыі птушыных гнёздаў, яек, кольцаў для кальцавання і частка калекцый Брэсцкага абласнога грамадскага аб’яднання Беларускага саюза філатэлістаў. Прадстаўленыя экспанаты будуць цікавыя як дзецям, так і дарослым.

Не менш цікаўныя і іншыя мерапрыемствы, якія прадаўжацца з 1 па 30 красавіка. На працягу месяца ў музеі пройдуць экалагічныя гульні для школьнікаў, экскурсіі «У свеце птушак». Любы жадаючы зможа паўдзельнічаць у конкурсе «Лепшая хатка для птушкі». Гатовыя гнездзішчы перададуць у лясгасы, а таксама размесцяць у парках і скверах горада.

Для жыхароў і гасцей горада 11 красавіка супрацоўнікі Брэсцкага абласнога грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» правядуць дзве экскурсіі, можна будзе паназіраць за птушкамі, паслухаць іх спевы.

Па словах загадчыцы сектарам прыроды і экалогіі Наталлі Мурыгінай, галоўная мэта мерапрыемстваў — прыцягненне ўвагі да вывучэння птушак, а таксама папулярызацыя беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя.


Гродна. Казкі і паданні майго краю

Дзе: Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, г. Гродна, вул.Савецкая, 8

Калі: па 29 мая

Міфічныя персанажы, героі легенд і казак «пасяліліся» ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Усе, хто жадае бліжэй з імі пазнаёміцца, запрашаюцца на выстаўку-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва «Казкі і паданні майго краю», арганізаваную ў рамках аднайменнага праекта.

Гасцей чакае вандроўка ў краіну магіі і чараўніцтва, жыхары якой створаны з фарбаў, паперы, дрэва, гліны, саломкі, лямцу, тэкстылю з дапамогай бязмежнай фантазіі і натхнення.

Незвычайныя экспанаты выканалі дзеці, падлеткі і моладзь ва ўзросце ад 7 да 31 года — удзельнікі гурткоў і студый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вучні дзіцячых мастацкіх школ і школ мастацтваў, навучэнцы сярэдніх спецыяльных і студэнты вышэйшых навучальных устаноў, асобныя таленавітыя канкурсанты.

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў выстаўкі-конкурсу — 29 мая ў г. Гродна падчас правядзення заключных мерапрыемстваў праекта.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?