Вы тут

У брэсцкім мікрараёне Кавалёва набывае абрысы новае месца для адпачынку


Названы мікрараён быў забудаваны прыкладна трыццаць гадоў таму. І менавіта столькі ладны ўчастак зямлі на рагу вуліц Валгаградскай і Кастрычніцкай рэвалюцыі ўяўляў сабой пустку, якая зарастала травой і дробным хмызняком, а таму служыла месцам для выгулу сабак. Усё памянялася ў 2019 годзе, у час падрыхтоўкі да святкавання 1000-годдзя Брэста.


І памянялася, трэба аддаць належнае, дзякуючы ініцыятыве старшыні гарвыканкама Аляксандра РАГАЧУКА. Мэр прывёў сюды першыя брыгады добраахвотнікаў на суботнік па навядзенні парадку. Увагу кіраўніка горада гэты лапік зямлі, размешчаны даволі далёка ад цэнтра, прыцягнуў тады, калі ў гарвыканкам звярнуліся патэнцыйныя інвестары з прапановай пабудаваць тут паркоўку. Але ў гарвыканкаме не пагадзіліся. Участак паміж прыгожым храмам і жылым масівам, які з аднаго боку выходзіць на маляўнічы вяслярны канал, было вырашана зрабіць зонай адпачынку.

Упершыню тут правялі суботнік вясной 2019 года. Перад гэтым крыху расчысцілі тэрыторыю. У дзень суботніка тады пасадзілі больш за 130 дрэў розных парод: клён, рабіну, ліпу, сасну і іншыя. Дрэўцы за год сталі ўбірацца ў сілу, іх, дарэчы, летам часцяком выходзілі паліваць жыльцы суседніх дамоў.

Паступова была распрацавана схема добраўпарадкавання і далейшай высадкі дрэў і кустоў. На пляцоўку прыйшлі камунальныя службы, пачалася пракладка пешаходных дарожак. Тратуарную плітку прадставілі кампанія «КМК-Інвест» і ТАА «АлдзіГрад» .

Работы працягваюцца гэтай вясной. У сярэдзіне красавіка на пляцоўку зноў прыйшлі людзі і тэхніка. Тратуарнай пліткай заклалі круг у цэнтры сквера. Усё больш выразна праглядаюцца контуры сквера з дарожкамі і зялёнымі зонамі. На рэспубліканскім суботніку тут працавалі прадстаўнікі адміністрацыі Маскоўскага раёна і дэпутаты гарадскога Савета.

З прыцягненнем грамадскасці, прадпрыемстваў і арганізацый горада праводзіцца добраўпарадкаванне яшчэ аднаго аб'екта ў горадзе. Гэта вуліца Зубачова ў раёне Брэсцкай крэпасці. Прынята рашэнне размясціць тут стэлы «Іх імёнамі названы вуліцы Брэста». Раней гэтыя стэлы знаходзіліся на праспекце Машэрава. Пасля рэканструкцыі ўчастка праспекта, які злучаў Брэсцкую крэпасць з вуліцай Леніна, стэлы былі дэманціраваны. Новыя ўжо зроблены. А на суботніку пракладвалі інжынерныя камунікацыі для ўстаноўкі стэл.

Аляксандр Рагачук паведаміў, што ў аднаўленні памятнай алеі прынялі ўдзел 14 прадпрыемстваў Брэста. Да трынаццаці былых стэл дабавілі яшчэ адну, прысвечаную Герою Беларусі Уладзіміру Карвату. У перспектыве тут магчыма ўстаноўка новых стэл з барэльефамі знакамітых суайчыннікаў як форма ўвекавечання іх памяці, — напісаў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік горада.

А ўсяго ў горадзе вызначана 19 асноўных месцаў для навядзення парадку ў гэтым годзе. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена тэрыторыям, звязаным з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Замест пусткі — сквер для адпачынку

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.