Вы тут

На Віцебшчыне ажыццяўляюць дзяржаўную праграму «Беларусь гасцінная»


На пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў сярод іншага зацвердзілі рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2021—2025 гады.


Фота: postim.by

Начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Васіль Захарэвіч растлумачыў, што праграма скіравана на фарміраванне і развіццё сучаснага канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, павелічэнне ўкладу турызму ў нацыянальную эканоміку. У якасці прыярытэтаў вызначаны: развіццё ўязнога і ўнутранага турызму, павышэнне канкурэнтаздольнасці адпаведных паслуг і прасоўванне нацыянальных турыстычных брэндаў на сусветным рынку.

У складзе праграмы — тры падпраграмы: «Кадравае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне ў сферы турызму», «Маркетынг турыстычных паслуг», «Развіццё аб'ектаў турыстычнай індустрыі». Таксама прадугледжаны распрацоўка і абнаўленне экскурсій і тураў, у тым ліку віртуальных, аўдыягідаў, трансгранічных турыстычных маршрутаў. Не забудуць і пра маршруты для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тым больш што колькасць вандроўнікаў штогод павялічваецца.

У Віцебскай вобласці нямала мясцін, якія абавязкова раяць наведаць. Нават цяжка адразу назваць найбольш цікавыя. У абласным цэнтры ёсць шмат цікавых месцаў, звязаных з імем сусветна вядомага мастака Марка Шагала: дом, арт-цэнтр, дзе прадстаўлена яго графіка; будынак, дзе ён працаваў разам з такімі знакамітасцямі, як Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева, Давід Якерсон і іншымі... А недалёка ад Віцебска — вядомы музей-сядзіба «Здраўнёва», дзе жыў з сям'ёй вялікі рускі жывапісец Ілья Рэпін. Там ён стварыў шмат вядомых палотнаў... Сафійскі сабор у Полацку — адна з архітэктурных жамчужын Беларусі, помнік дойлідства XІ—XVІІІ стагоддзяў, старажытнае культавае каменнае збудаванне, створанае ў візантыйскім стылі. Безумоўна, яго трэба ўбачыць.

Шмат духоўна-гістарычных і архітэктурных адметнасцяў у старажытнай Оршы. Гэта комплекс езуіцкага калегіума, помнік архітэктуры XVІІ стагоддзя ў стылі барока і Куцеінскі манастыр, вядомы як адзін з найбуйнейшых цэнтраў кнігадрукавання. Менавіта ў друкарні гэтага манастыра беларускім друкаром і асветнікам Спірыдонам Собалем у 1631 годзе быў выдадзены першы «Буквар»... Словам, у кожным раёне вобласці ёсць нешта вартае ўвагі. Турызм на любы густ прапануецца патэнцыйным гасцям Прыдзвіння: паломніцкі, аздараўленчы, экалагічны, паляўнічы, адукацыйны, гастранамічны і іншыя віды.

Ёсць магчымасць і зарабляць на турызме. На сайце Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта можна ўбачыць пералік зямельных участкаў, прапанаваных для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у дадзенай сферы — даволі, між іншым, прыбытковай, калі знайсці ўласную «фішку».

У прыватнасці, у зоне адпачынку на возеры Сосна ў вёсцы Доўжа Віцебскага раёна, дзе вельмі любяць адпачываць віцябляне, прапануецца аказваць турыстычныя паслугі для кемпераў і караванінгаў. Дарэчы, такія «дамы на колах» усё больш у трэндзе, таму і чакаецца вялікая зацікаўленасць з боку інвестараў у развіцці інфраструктуры. Наконт кемперных стаянак — запатрабаваныя яны ў Шумілінскім, Ушацкім, Пастаўскім і іншых раёнах. На сёння ж такіх аб'ектаў у вобласці ўсяго некалькі: два — ва Ушацкім раёне, адзін — у Віцебскім.

У Гарадоцкім раёне, недалёка ад граніцы з Расіяй, ёсць магчымасць стаць гаспадаром недабудаванага санаторыя больш чым на 230 месцаў. У ім трохпавярховы спальны і лячэбна-дыягнастычны карпусы, сховішча для гародніны. Тут прадугледжана стварэнне базы адпачынку з арганізацыяй паляўнічых тураў, дома адпачынку і ажыццяўленне іншых варыянтаў вытворчай, турыстычна-аздараўленчай дзейнасці.

А недалёка ад возера Лосвіда мясцовая ўлада гатовая дапамагчы ў будаўніцтве гольф-клуба з дамамі для адпачынку і пражывання да двухсот чалавек, гасцініцы на пяцьдзясят нумароў. А пляцоўка для навучання дзяцей гульні ў гольф, безумоўна, стане нагодай для цікавага сямейнага тура.

Ахвотным распачаць сваю справу ў галіне сельскага турызму ўлада можа дапамагчы і грашыма. Маецца на ўвазе фінансавая падтрымка ў выглядзе выдзялення субсідый, якая аказваецца беспрацоўным. Ёсць і спецыяльная банкаўская праграма крэдытавання ўладальнікаў сядзіб. Ужо больш за 600 такіх турыстычных пунктаў гасцінна прымае турыстаў з розных краін.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Калі Беларусь, то гасцінная, або Турызм на новым узроўні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».