Вы тут

«Маці» айчыннага агратурызму Валерыя Кліцунова: Турысты не павінны з жахам думаць, што ім рабіць у вёсцы


Беларусь не можа пахваліцца марскімі пляжамі ці горнымі ландшафтамі, якія так любяць турысты. Але наша краіна можа ганарыцца адметнымі традыцыямі, гасціннымі людзьмі, цікавымі гісторыямі, якія не пакідаюць абыякавымі. Менавіта гэта дазваляе развівацца беларускаму аграэкатурызму. На пачатак 2021 года ў краіне налічвалася 2936 аграсядзіб. З 2006 года дзейнічае Указ Прэзідэнта «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь», які прадугледжвае выгадныя ўмовы для гаспадароў аграсядзіб. Усё гэта стала магчымым дзякуючы энтузіязму аднаго чалавека — Валерыі Кліцуновай, старшыні грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы». У 2000-х гадах яна паверыла ў беларускую вёску і раскрыла яе прывабнасць. «Маці» айчыннага агратурызму расказала «Звяздзе», чаму адпачынак у вёсцы можа стаць незабыўным.


— Валерыя, растлумачце, калі ласка, тэрміналогію. Ёсць тэрмін «агратурызм» — адпачынак у вёсцы, ёсць «экатурызм» — адпачынак на прыродзе. Чаму ў беларускіх дакументах, СМІ выкарыстоўваецца тэрмін «аграэкатурызм»?

— Да нашай арганізацыі «Адпачынак у вёсцы» ніхто не займаўся развіццём турызму ў беларускіх вёсках. Маё мінулае — гэта «Дудуткі», таму мне была цікавая арганізацыя сельскага адпачынку. І, паглядзеўшы на беларускую вёску, я зразумела, што там недастаткова рэсурсаў, цікавых рэчаў, якія могуць задаволіць усе патрэбы турыстаў. Побач з кожнай вёскай ёсць лес, пушча, балоты. І што лепей: «адсекчы» гэта ўсё ці ўключыць у прадукт і даць турысту магчымасць убачыць прыроду і тым самым зрабіць яго адпачынак больш разнастайным? У нас няма такой розніцы паміж паняццямі «агра» і «сельскі», як у англійскай мове, дзе agro — гэта ўсё, што звязана з фермерствам, а rural — усё сельскае: ад ладу жыцця да краявідаў. І таму мы стварылі комплексны прадукт згодна з мадэллю Сусветнай турыстычнай арганізацыі, якая раскрывае сутнасць вёскі з яе традыцыямі і прэзентуе прыроду. І ўвесь гэты комплекс закладзены ў тэрмін «аграэкатурызм».

— Вы адзначалі, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці 2020 года, аграсядзіб у Беларусі стала больш. З чым гэта звязана?

— Гэта сведчыць аб тым, што сельскі турызм ўстойлівы і папулярны, нягледзячы на зменлівыя абставіны. У 2020 годзе некаторыя сядзібы закрыліся, некаторыя адкрыліся — і ў цэлым дынаміка станоўчая. Людзі бачаць у гэтым вялікую перспектыву. У нас заўсёды стаяла задача — захаваць беларускую аўтэнтыку. Мы назіраем за ўсімі міжнароднымі тэндэнцыямі: ад Амерыкі да Аўстраліі, адсочваем, як сельскі турызм развіваецца ў Еўропе, у Лацінскай Амерыцы. Усе гэтыя мадэлі нашы людзі ведаюць, але ствараюць свае. Гаспадар кожнай сядзібы прыслухоўваецца да сябе, знаходзіць тое, што ён можа даць і паказаць гасцям. Таму кожная сядзіба прапаноўвае нешта сваё: веласіпеды, катанне на конях, канцэрты, майстар-класы і мноства ўсяго. Адсюль і такая разнастайнасць сядзіб і пастаянны рост іх колькасці.

— Змены ва Указ Прэзідэнта «Аб развіцці аграэкатурызму», прынятыя ў 2020 годзе, паўплывалі на рост колькасці сядзіб?

— Мы стараліся захаваць усе базавыя палажэнні ўказа. З 2006 года ў нас дзейнічае самы прагрэсіўны ў свеце ўказ у адносінах да аграэкатурызму. Гаспадары сядзіб могуць многае рабіць, няма адміністрацыйнага ціску, вельмі проста пачаць працаваць, гэта не лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Я думаю, як вынік — такое бурнае развіццё аграэкатурызму. Тым больш цяпер прыйшлі людзі з капіталам, якія маюць намер адрадзіць сядзібную культуру і захаваць яе для сваіх нашчадкаў. Гэта інвестыцыі ў нашу культуру, таму патрэбна захаваць ільготныя ўмовы. Указ дазваляе людзям спакойна працаваць. І я рада, што ў нас не мяняюцца правілы гульні.

— Адсутнасць замежных турыстаў у 2020 годзе адчувалася?

— Не сказала б. Пачынаючы з 2002 года ў нас 85–90 працэнтаў турыстаў — беларусы. Затым у найлепшыя гады ідуць расіяне — дзесьці 11 % і затым — іншыя краіны. Мы пакуль не гатовыя стаць краінай агратурызму для ўсяго свету. Але мы сталі такой краінай для расійскіх турыстаў. Прэстыжнае выданне Natіonal Geographіc у 2016 годзе праводзіла апытанне, якое паказала, што расіяне прызналі Беларусь краінай агратурызму. Канешне, хочацца, каб так лічылі ўсе. Але гэта справа часу. Нас ужо заўважыла Сусветная турыстычная арганізацыя, у 2020 годзе ў Мінску планаваўся сусветны форум па аграэкатурызме, але праз пандэмію каранавіруса быў перанесены. Спадзяюся, напрыканцы 2021 года ён адбудзецца. І для беларускага агратурызму гэта ўжо будзе перамога.

— У адным з інтэрв'ю вы адзначалі, што марыце зрабіць Беларусь славянскай Італіяй. Растлумачце, калі ласка, што гэта значыць?

— Італія — краіна агратурызму, і з гэтым ніхто не будзе спрачацца. Менавіта італьянцы прыдумалі і развілі гэты від турызму яшчэ ў 1950-я гады. Яны пачыналі з таго, што ў адным пакоі начавалі па пяць чалавек, а зараз там палацы і сядзібы. Італія — гэта краіна з ідэальным спалучэннем ландшафту, неверагодна смачнай ежай, гасціннасці. Эмоцыі, якія італьянцы дораць турыстам, ні з чым не параўнаць. Гэта, мабыць, адзіная краіна, дзе колькасць турыстаў у сельскай мясцовасці большая за 50 %. Таму я і кажу, што нам трэба раўняцца на італьянцаў і рабіць усё, каб да нас прыязджалі замежнікі, каб ім было тут камфортна.

— Улічваючы, што Беларусь — адна з апошніх краін, якая стала развіваць агратурызм, задача даволі амбіцыйная...

— Сапраўды, мы былі амаль апошнімі сярод краін, якія развівалі агратурызм. Але мы вельмі актыўна за гэта ўзяліся, і зараз на нас многія глядзяць з цікавасцю. Мы выкарыстоўвалі інавацыйныя мадэлі, прыўносілі элементы крэатыўнай эканомікі. У нас ніколі не было мэты проста стварыць сядзібу і прымаць у ёй турыстаў. Мы з самага пачатку былі накіраваны на тое, каб ствараць прадукт, расказваць аб краіне, выклікаць эмоцыі, узаемадзейнічаць з суседзямі. Наша першая стажыроўка была ва ўкраінскай вёсцы Грыцыў, там пачыналі ствараць кластары аграсядзіб. Было такое заданне — намаляваць гронку вінаграду і ў кожнай ягадцы напісаць, што патрэбна даць турысту. А яму патрэбна ўсё: лазня, рыбалка, сувеніры, ежа. Турысты не павінны з жахам думаць: «Што я буду рабіць у вёсцы?!» Такія пытанні трэба адразу здымаць і паказваць, чым людзі могуць заняцца: майстар-класы па рамёствах, конныя прагулкі, лекцыі, збор ураджаю і далей па спісе. А калі нехта хоча прыехаць у вёску выспацца, паглядзець на яблыневы сад — калі ласка: і такая магчымасць ёсць.

— Валерыя, як пачынаць рабіць тое, што ніхто ніколі ў краіне не рабіў?

— У мяне быў вопыт Дудутак, музея, які стварыў мой муж, пісьменнік Яўген Будзінас. Вядома, дапамагала яму. І калі прыйшоў час развітацца з Дудуткамі, у мяне назапасілася мноства ведаў і любові да гэтай сферы. Аднойчы мы паехалі ў Літву да сяброў і спыніліся ў сядзібе Паланзы. Я была здзіўлена, калі ўпершыню ўбачыла аграсядзібу, даведалася пра арганізацыю, якая гэтым займаецца. І адразу падумала, што трэба такое ж зрабіць і ў Беларусі, бо чым мы горшыя? Многія казалі, што мы не Польшча, не Літва, і да нас ніхто не паедзе. Але побач былі людзі, якія верылі ў маю ідэю. У мяне ў той час было агенцтва «Дудуткі-тур», і я прыцягнула сваіх супрацоўнікаў, праз пэўны час стварылі асобную арганізацыю. Я выкарыстоўвала свае пасольскія знаёмствы, паказвала нашы сядзібы. Яны былі патрэбныя як лакмусавая паперка, каб ацаніць, ці ўсё мы робім правільна. Вялікі скептыцызм быў сярод турыстычных агенцтваў, калі мы паказвалі ім аграсядзібы. І людзей прыходзілася ўпэўніваць, што ў вёсцы можа быць цікава. Многія адкрылі для сябе сельскую Беларусь у 2020 годзе.
Я маю на ўвазе беларусаў, якія прывыклі адпачываць за мяжой, а тут вырашылі пазнаёміцца са сваёй краінай. Думаю, яны былі здзіўлены. Гэта не значыць, што яны перастануць ездзіць за мяжу, але і сядзібы будуць наведваць, што вельмі добра.

— Вы кажаце, што галоўнае для турыстаў — гэта эмоцыі. Але ад добрых умоў і эмоцыі больш яркія...

— Абсалютна так. Таму мы пастаянна ўдасканальваем інфраструктуру ў сядзібах. Зараз Белаграпрамбанк пачаў выдаваць ільготныя крэдыты гаспадарам аграсядзіб. У нас быў вялікі праект «Валожын без бар'ераў», у межах якога мы распрацавалі экалагічную сцежку, адаптаваную пад патрэбы людзей з інваліднасцю, у цудоўнай Налібоцкай пушчы. З пяццю сядзібамі мы распрацавалі спецыяльныя праграмы адпачынку для людзей з асаблівымі патрэбамі. Не варта аддзяляць інвалідаў, яны павінны разам з усімі жыць, адпачываць у сядзібах. Інклюзія — вельмі добры сусветны трэнд, і мы таксама ідзём у гэтым кірунку. Гаспадары сядзіб шмат грошай і сіл трацяць на тое, каб гасцям было ўтульна і зручна. Але нярэдка сустракаюцца турысты, якія жадаюць наведаць максімальна аўтэнтычную сядзібу, і такія месцы таксама ёсць.

— Як ідуць справы са стварэннем кластараў аграсядзіб?

— Мы не так даўно пачалі ствараць прадуктова-рамесніцкі кластар у Брэсцкай вобласці. Некаторыя рамеснікі і вытворцы прадуктаў ужо аб'ядналіся і працуюць разам. Зараз ідзе работа над дакументамі, якія дазволяць прадаваць прадукцыю праз буйныя гандлёвыя сеткі. Працуем над кластарам паміж сямю раёнамі, трэба стварыць маршрут па самых цікавых мясцінах. Ужо добра працуе кластар «Валожынскія гасцінцы». Развіваюцца «Велесаў шлях» у Глыбоцкім раёне, «Мухавецкая кумора» ў Кобрынскім і Жабінкаўскім раёнах, «Водар Белавежы» ў Свіслацкім раёне. У Ваўкавыскім і Зэльвенскім раёнах робіць першыя крокі кластар «Заходняя скарбонка».

— Напэўна, калі ў вёсцы з'яўляецца аграсядзіба, новае жыццё пачынаецца і навокал?

— Менавіта так, асабліва калі сядзіба вялікая і актыўная. Вяскоўцы могуць многае прадаваць: пачынаючы ад сувеніраў і заканчваючы прадуктамі харчавання. Яны могуць быць гідамі, экскурсаводамі. Ёсць сядзіба «Палескія традыцыі», і гаспадыня Ніна на вялікія мерапрыемствы запрашае мясцовых жыхароў, якія прадаюць там свае вырабы, спяваюць. У некаторых вёсках людзі ведаюць па 150 песень мясцовага фальклору. Такім чынам, вёска бачыць сваю запатрабаванасць, і людзі зарабляюць грошы. І галоўнае — так перадаюцца ўнікальныя веды, культурная спадчына.

— А маладыя спецыялісты сельскім турызмам цікавяцца?

— Я выкладаю на факультэце міжнародных адносін БДУ і прыцягваю студэнтаў да дзейнасці «Адпачынку ў вёсцы». Яны наведваюць нашы семінары, вэбінары, праходзяць у нас практыку. Актыўна працуем у сацыяльных сетках, нядаўна стварылі свой YouTube-канал. З 2019 да 2021 года «Адпачынак у вёсцы» разам з Брэсцкім аблвыканкамам пры фінансавай падтрымцы дабрачыннага фонду The Coca-Cola Foundatіon рэалізоўвалі праект «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве». Жанчыны прапаноўвалі свае бізнес-ідэі, а галоўным патрабаваннем для ўдзельніц было расказваць аб сваёй дзейнасці ў Іnstagram.

— Валерыя, якія планы ставіць перад сабой «Адпачынак у вёсцы» на 2021 год?

— Мы запусцілі праект «Наваколле». Плануем стварыць праграмы для юных рэйнджараў, каб у дзяцей фарміравалася разуменне зялёнай эканомікі і аховы навакольнага асяроддзя. Нам цікавы гастранамічны турызм, ужо стварылі гастранамічную карту. Цікава прымяняць усё, што датычыцца крэатыўнай эканомікі і навацый.

— Галоўнае ў беларускім аграэкатурызме — гэта...

— Крэатыў, крафтавасць, лакальнасць і экалагічнасць — сусветныя трэнды, якіх мы прытрымліваемся.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».