Вы тут

Сталічныя музеі запускаюць культурна-пазнавальны праект «Музейныя лабірынты. Час сямейных адкрыццяў»


Сталічныя музеі запускаюць культурна-пазнавальны праект «Музейныя лабірынты. Час сямейных адкрыццяў», падчас якога з рознымі фактамі гісторыі, літаратуры, мастацтва наведвальнікі будуць знаёміцца пры дапамозе квэстаў і інтэрактыўных праграм, прычым у камандзе з самымі блізкімі людзьмі. Невыпадкова праект нацэлены на сем'і — усё ж пандэмія прымушае шукаць найбольш бяспечныя формы экскурсій. Да таго ж для бацькоў гэта выдатная падказка, як цікава і карысна правесці час з дзецьмі.


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наведвальнікі сустрэнуцца з партызанамі, пазнаёмяцца з іх побытам і будуць вучыцца сакрэтам выжывання і нават вырабляць чарнілы, каб напісаць ліст у іншы атрад. У Музеі гісторыі Мінска госці даведваюцца пра першы грамадскі транспарт — конку.

Не так даўно адчынілася пасля рамонту Беларуская хатка, дзе, удзельнічаючы ў музейных прыгодах, дзеці і дарослыя змогуць больш даведацца пра класікаў, юбілеі якіх мы сёлета будзем адзначаць, — Максіма Багдановіча і Змітрака Бядулі. У Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы трэба будзе адшукаць артэфакты, якія сведчаць пра захапленні беларускага песняра (а гэта і музыка, і мода, і рыбалка). У адзіным музеі-кватэры (Літаратурны музей імя Петруся Броўкі) давядзецца ператварыцца ў дэтэктываў і ўважліва шукаць падказкі ў музейнай экспазіцыі. Сваю праграму падрыхтаваў і Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Маляўнічыя даведнікі, якія атрымаюць удзельнікі гульні, дапамогуць не заблукаць у музейных лабірынтах.

Распачаць гульню можна з любога музея. У першым з іх каманда атрымае пашпарт, куды будуць ставіцца пячаткі пасля праходжання кожнага з лабірынтаў. Сямейныя каманды атрымаюць памятныя сувеніры, а каманды, якія да 23 мая пройдуць усе шэсць музеяў, паўдзельнічаюць у розыгрышы суперпрыза — сямейнай вандроўкі па Беларусі ад генеральнага партнёра праекта — Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?