Вы тут

Заслужаны артыст Уладзімір Радзівілаў: Толькі ў Беларусі я адчуваю паўнату жыцця


Уменне жартаваць, радавацца жыццю і заставацца верным сваім поглядам — тое, што характарызуе заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Радзівілава. Гумарыст, парадыст, канферансье, спявак, акцёр — вось той творчы дыяпазон, у якім увасабляецца талент гэтага чалавека. Па яго ўласнай версіі, яму проста пашчасціла нарадзіцца ў «салаўіным краі», на Уздзеншчыне, якая, па ўсім відаць, вельмі спрыяльная для людзей мастацтва. Нядаўна ён адсвяткаваў 60-годдзе з дня нараджэння і 35-гадовы творчы юбілей у сценах роднай Белдзяржфілармоніі, дзе сабраў сяброў і прыхільнікаў на творчы вечар. А пасля мы сустрэліся з ім, каб даведацца, што думае Уладзімір Генадзевіч пра сапраўдных артыстаў, у чым для яго вымяраецца прызнанне і як жартаваць, каб быць зразумелым.


— Вы ўжо больш за палову жыцця на сцэне. Калі ж упершыню адчулі сябе артыстам і зразумелі, што гэтай дзейнасці хочацца прысвяціць жыццё?

— Калі быць шчырым, то я заўсёды марыў пра гэта, магчыма, з-за таго, што ў нашай сям'і ўсе спявалі і гралі на розных інструментах. І я імкнуўся стаць сапраўдным артыстам. Ужо калі служыў у войску, то быў артыстам ансамбля. Пасля прыйшло рашэнне паступаць у Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі. Ужо выпускніком Міністэрства культуры мяне накіравала працаваць у Беларускую дзяржаўную філармонію як артыста размоўнага жанру, хоць я і выпусціўся як вакаліст, але выканаўцаў тады хапала. У той перыяд мне пашчасціла папрацаваць з калектывам Нэлі Багуслаўскай, Ізмаіла Капланава, з «Песнярамі». Мы выязджалі на канцэрты, і я вёў праграмы. Потым паступіў ва Усерасійскую творчую майстэрню эстраднага мастацва ў Маскве на спецыяльнасць «Канферансье». Вярнуўшыся ў Мінск, я аказаўся ў калектыве Святланы Кульпы. Пасля сышоў у Тэатр Паплаўскай і Ціхановіча, аднак праз пэўны час вярнуўся зноў у філармонію, дзе і працую сёння ў канцэртна-гастрольным аддзеле.

— Якіх укладанняў патрабуе ваша прафесійная ніша?

— Гэтая прафесія цяжкая і адказная, таму што канферансье, напрыклад, першым выходзіць на сцэну і апошнім пакідае яе. І ў ходзе канцэрта важна думаць, што і як гаворыш, каб прадставіць артыста прыгожа, асабліва калі ён яшчэ малады і толькі заяўляе пра сябе. Я заўсёды імкнуся падтрымліваць моладзь, бо таксама калісьці дапамагалі і мне... У нашай краіне няшмат артыстаў размоўнага жанру, таму я знайшоў сваю нішу і ў ёй працую. Што сабе стварыў, тое берагу... Маім кумірам заўсёды быў народны артыст Расіі Барыс Бруноў. Гэты чалавек проста жыў на сцэне. Таму, мабыць, самае важнае — гэта ўменне напоўніцу аддавацца любімай справе, калі маеш нейкі талент.

— А дзе вы шукаеце свежы матэрыял для выступленняў?

— Мне піша Леанід Ганчароў з Віцебска. Ёсць добрыя рэчы, напісаныя Васілём Найдзіным. Нешта самастойна знаходжу, а яшчэ люблю звяртацца да твораў нашых беларускіх класікаў. Знайсці цікавыя творы і натхненне можна ў творах Кандрата Крапівы, Змітрака Бядулі, Якуба Коласа, Янкі Брыля і іншых.

— Вы неаднойчы бывалі ў складзе журы на разнастайных конкурсах для творчай моладзі. На ваш погляд, ці лягчэй сёння прабіцца таленавітаму чалавеку?

— Магчымасцяў, каб заявіць пра сябе, зараз існуе шмат. Я лічу, калі ты хочаш адбыцца як артыст і адчуваеш патэнцыял, то трэба знайсці сваю нішу і грукаць у адны дзверы, а не распыляцца на дзесяць варыянтаў. Толькі тады будзе вынік у дзейнасці, якой ты прысвячаеш жыццё.

— Але ж ці не будзе шкадавання, што ўпусціў нейкія магчымасці?

— Магчымасці заўсёды можна знайсці, нават прысвячаючы сябе адной сферы. Я, напрыклад, чаму стаў разнапланавым артыстам? Каб людзі маглі прыходзіць на мяне як на парадыста, выканаўца, канферансье, а я ў сваю чаргу мог даваць ім тое, чаго яны хочуць. Плюс і ў адукацыі я не спыніўся, а пасля той жа Масквы скончыў яшчэ і наш Універсітэт культуры і мастацтваў, што дае мне магчымасць быць таксама і рэжысёрам. Усё гэта дазволіла назапасіць уласны творчы багаж, якім я цяпер дзялюся з публікай.

— Ваша роля галоўнага Дзеда Мароза краіны асаблівая для вас?

— Так, для мяне гэта адзнака павагі і адказнасць. Гэта тая роля, якую я іграю ўжо 26 гадоў і ўсё роўна мне цікава. Радасна, што раз на год я маю магчымасць быць у такім вобразе, які дазваляе дарыць падарункі і веру ў цуды дарослым і дзецям.

— А так званая зорная хвароба з вамі не здаралася?

— Ніколі такога не было, бо я нарадзіўся і вырас у сям'і рабочых, дзе маці працавала кухарам, а бацька — будаўніком. У нашай сям'і было трое дзяцей, і патрэбна было працаваць і дапамагаць бацькам. Таму я рэаліст па жыцці і ведаю цану таго, што дастаецца ўласнай працай.

— Што і хто сёння можа рассмяшыць вас?

— Дзеці — самыя незвычайныя людзі, якія ўсё ведаюць, бачаць і іх ніколі не падманеш. Асабліва калі я ў ролі Дзядулі Мароза: дзіця можа прыйсці, сесці на калені і ўглядацца, ці сапраўдны ты. А потым так проста дакранаецца да майго носа, і ўсё — ты для яго ўжо чараўнік!

— Як лічыце, гумар здольны ўратаваць у любой сітуацыі ці з яго дапамогай можна і непрыемнасцяў нажыць?

— Трэба ўмець жартаваць, але разумець, калі варта спыніцца. Важна не перагнуць палку і не перайсці межы дазволенага — гэта калі працуеш на сцэне. А ў жыцці, вядома, розныя сітуацыі бываюць. Памятаю, неяк 1 красавіка пажартаваў з сябра: патэлефанаваў і запрасіў яго на спатканне жаночым голасам. Смяяліся разам пры сустрэчы доўга. Часам і ў мой адрас жарты прылятаюць, як правіла, часцей ад жонкі.

— Неяк вы расказвалі, што пасля вучобы ў Маскве ў вас была магчымасць там застацца працаваць, але вы вярнуліся, бо лічыце сябе патрыётам. Скажыце, што для вас сёння значыць быць беларусам?

— Мне прапаноўвалі работу ў «Расканцэрце», але я адмовіўся, бо лічу сябе артыстам сваёй зямлі. Мне хочацца жыць у краіне, якая дала мне шлях у жыццё, адукацыю і магчымасці рэалізавацца ў прафесіі. Я нават калі недзе за мяжой сустракаю бярозку, то адразу хочацца вярнуцца дадому. Толькі ў Беларусі я адчуваю паўнату жыцця.

— Вы лічыце сябе прызнаным у поўнай меры?

— Ёсць прыклады, калі хтосьці раскрываецца і рэалізоўваецца, трапіўшы за мяжу. Я ж лічу, што ў Беларусі хопіць працы для любога артыста. Тая ж Масква — гэта месца, куды ты прыедзеш і будзеш зарабляць вялікія грошы, але, на мой погляд, там ці ў іншых краінах нас ніколі не будуць прымаць як дома. Я люблю нашу зямлю, і мне хочацца жыць і зарабляць сабе на хлеб дома. Зараз, маючы за плячыма прафесійны вопыт і жыццёвую мудрасць, я дакладна магу сказаць, што жыву ярка і насычана. І дзякаваць за гэта хочацца сваёй адданай працай і любоўю да краіны, дзе ўсё гэта стала магчымым.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва артыста

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.