Вы тут

Тое, што не дасць сябе зламаць


Чаму творы маладой аўтаркі Сафіі Ворсы сталі папулярнымі адразу? Пісьменніца засведчыла факт свайго з’яўлення ў літаратуры, будучы яшчэ школьніцай, у 2017 годзе, калі выйшла першая кніга апавяданняў «Дзесяць простых гісторый», пра якую загаварылі. Не расчаравала і выданне, што пабачыла свет сёлета ў «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» — апавяданні, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Рыба». «Аўтар акунае чытача ў сваю, не падобную на іншыя сістэму каардынат і ў даступнай форме паказвае, як можна знайсці радасць там, дзе не чакаеш, як не варта шукаць шчасце там, дзе яго няма», — пазначана ў анатацыі. Паспрабуем прайсці шляхамі героеў Сафіі Ворсы…


Герой нашага часу

«Ёсць такія рэчы ў свеце, што зусім не абавязковыя. Школа, грошы, статус, праца. Для многіх усё гэта вельмі істотна, але ёсць і тыя, каму Вавілон іншародны. Такія людзі ніяк не могуць праглынуць і перастрававаць пачастунак гэтага свету, змірыцца з сістэмай», — прадстаўляе пісьменніца свайго героя ў першым з апавяданняў, назва якога настройвае на рамантычна-ўзнёслае ўспрыманне — «Чалавек за аблокамі».

Вобраз дзяўчыны, які вымалёўваецца з далейшых дыялогаў — быццам абарваных, калі-нікалі ўзятых, здавалася б, з розных кантэкстаў, з яе ўласных думак — тыповы для сучаснай моладзі. Прадстаўнікі яе, з аднаго боку, разумныя, не звыклыя вырашаць праблемы за кошт іншага, ведаюць, як і дзе знайсці патрэбную інфармацыю, а з іншага боку, у чымсьці непрыстасаваныя і, магчыма, залішне даверлівыя. Для іх вонкавы свет істотны тым, што з’яўляецца крыніцай гармоніі і натхнення, сродкам атрымаць энергію… Яны хутчэй назіральнікі, чым актыўныя вытворцы, якія ні перад чым не спыняцца ў дасягненні мэты. Ды і ці ёсць у іх тая мэта?.. Ці ведаюць, чаго хочуць ад жыцця? Не ведаюць. Але тое, што яны маглі б адказаць на пытанне, падсвечвае яго з адваротнага боку: ведаюць тое, чаго не хочуць. І нашмат больш, чым вонкавы, значыць для іх унутраны ўласны свет, вытканы з уяўленняў, настрояў, мімалётных думак і вобразаў, успамінаў і мрой, патаемных сэнсаў і тонкіх асацыяцый. Яны зробяць усё мажлівае, каб заставацца ў гармоніі з сабою, — і ў гэтым бачыцца іх галоўная сіла, якая пры любых, нават самых цяжкіх знешніх абставінах не дасць сябе зламаць, перакраіць на іншы лад, падпарадкаваць і прымусіць рабіць тое, што не адпавядае перакананням.

«Адваротны» бок медаля, альбо працяг станоўчых якасцей героя Сафіі Ворсы (вызначэнне досыць умоўнае, узятае тут для зручнасці: насамрэч у прыродзе няма «станоўчага» і «адмоўнага»), — у імкненні ідэалізаваць тое, што падабаецца, і ўзводзіць ідэал да абсалюту, у празмерным даверы да сваіх пачуццяў, у нежаданні аналізаваць… Карціна сустрэчы закаханых пасля расстання даўжынёй у год: «Мы як быццам паставілі фільм на паўзу, а цяпер уключылі на тым жа моманце. Ёсць такія людзі, якія зусім як ты. Проста як ты. Нават знешне падобныя. Можа, і праўда некалі мы былі веліканамі, але багі, раззлаваўшыся, рассяклі кожнага на дзве часткі. <…> Можа, я і Кафейнік калісьці былі адным чалавекам? Воддаль гэта адчуваецца мацней». Ні адняць, ні дабавіць: перажыванне героямі найвышэйшага шчасця… Магчыма, пазней яны зразумеюць: кахаць на адлегласці нашмат прасцей, створаны вобраз заўжды адпавядае тваім чаканням, што не заўсёды спрацоўвае з рэальным жывым чалавекам побач. Але гэта ўжо сюжэт для іншага апавядання…

Замест паходу да псіхатэрапеўта

З падобнага ж «поля» і героі апавяданняў «Update» і «Бегункі». Яны самотныя да самай глыбіні сваёй юначай душы. Але для самадастатковасці не стае гармоніі і любові да сябе — якраз на любоў яны вельмі галодныя, таму здольны прыняць за яе ілюзію ўсё, што сустракаюць на сваім шляху. Гэта патрэбна ім для досведу. Для таго, каб памыліцца і зрабіць высновы… Унутраны стрыжань не ламаецца, хоць яго і шкуматаюць у розныя бакі неспрыяльныя ўмовы, цяжкія абставіны. У гэтым рэчышчы апавяданні Сафіі Ворсы, асабліва «Update», можна разглядаць як дапаможнік па выхадзе з крызіснай сітуацыі. Герой, якога ніхто не разумее — ні бацькі, ні аднагодкі, ні каханая, — вырашае развітацца з жыццём і рэжа сабе вены. Разам з аўтарам мы ідзём за героем след у след і размотваем клубок яго ўнутраных перажыванняў, што спрычыніліся да суіцыду. Прычым гэта не штосьці глабальнае, а маленькія кроплі нявырашаных праблем і непражытых напоўніцу «гештальтаў»: спецыяльнасць, якую не было жадання атрымліваць, работа, якую няма ахвоты выконваць, любімая справа, для заняткаў якой не ставала матывацыі, і падобнае.

Самае каштоўнае адкрыццё, якое робіць герой апавядання, — гэта адкрыццё сябе: «Я проста зразумеў, дзе схаваны гэты мех асуджанасці, што спараджаў ува мне адзіноту. З аднаго боку, дастаць яго лягчэй за самае лёгкае, але ж мы ведаем гэты парадокс: усё немагчымае проста і ўсё простае немагчыма. Уся псота стаілася ўнутры мяне. Я сам сабе і асуджэнне, і зласлоўе, і ганьба. Усё жыццё я не ведаў, што рабіць, а цяпер, калі з гэтым жыццём развітваюся, — ведаю». Пускавым момантам для ўсведамлення таго, што жыццё саткана з любові, была прыемная згадка галоўнага героя. Ён ухапіўся за яе, як тапелец за саломінку і… выплыў. І, «перазагрузіўшыся», разруліў тыя праблемы, што падаваліся невырашальнымі. Метад, які ў тым дапамог, можа ўзяць на ўзбраенне кожны: «Уявіце, што вы на востраве, зусім-зусім адзін. Вас будзе непакоіць, колькі вы важыце альбо як выгаворваеце літару “р”, наколькі дарагое ў вас аўто, ці па статусе вы апранутыя?..»

Сімвал рыбы

Прытчавы характар мае апавяданне «Рыба», усё ў ім сімвалічна. Рыба з яе пастаяннымі метамарфозамі і жаданнямі, якая шукала сваё жыццёвае наканаванне, вельмі нагадвае чалавека — у чымсьці псіхалагічна няспелага, нясталага з яго кіданнямі з адной крайнасці ў іншую, шкадаваннем аб страчаным раі.

Поўнае сімвалаў і апавяданне «Пошукі паразумення». У чымсьці яно перагукаецца з «Маленькім прынцам»: «Калі з-за смерці сябра маё сэрца разбілася першы раз, я даў сабе клятву, што больш ні да кога не прывяжуся. І некалькі стагоддзяў я блукаў халоднымі бурамі па зямлі. А ўночы шкуматаў дрэвы і гучна выў, каб усе пачулі мой боль. Няма сэнсу ў такім жыцці. І я зноў вярнуўся да таго, з чаго пачаў. Знаходзіў тых, хто жыве больш, але несмяротных не было, і я зноў разбіваўся аб скалы адчаю. Аднак любыя пакуты свету вартыя тых хвілін, што ты правядзеш у эйфарыі любові да кагосьці…»

Апавяданні Сафіі Ворсы, напэўна, не дадуць адназначных адказаў на пытанні, накшталт што лепш: любіць альбо не любіць, прырастаць душой альбо не. Але бясспрэчна тое, што яны здольны зруйнаваць краты самаізаляцыі і ўяўнай адзіноты, куды часам кожны заганяе сябе сам. 

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.