Вы тут

Беларускія супергероі


Колькі тыдняў таму ў мінскім кінатэатры «Піянер» распачалося адно цікавае і, па ўсім відаць, доўгатэрміновае мерапрыемства. Стужкай «Уладзімір Мулявін. Пясняр сэрцам і думамі» адкрыўся кінаклуб студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна». Кожныя два тыдні плануецца паказваць па адным фільме з апошняга вялікага праекта — цыкла дакудрам «100 імёнаў Беларусі».

Фармат кінаклуба, як вядома, прадугледжвае абмеркаванне, так што на спецыяльныя паказы запрошаны і стваральнікі карцін. Для тых, хто яшчэ сумняваецца, падагрэем інтрыгу: цалкам магчыма, што падчас абмеркаванняў выступоўцы раскрыюць некаторыя сакрэты кінавытворчасці, а таксама адкажуць на пытанні цікаўных гледачоў. Цяпер жа разбяромся, чаму варта звярнуць увагу на перспектыўны праект і што новага ў мастацкім рэчышчы ён прапануе.


Кадр з фільма «Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі».

«100 імёнаў Беларусі» — цыкл з сотні напаўігравых-напаўдакументальных стужак, прысвечаных значным асобам беларускай гісторыі. Прынамсі, такім праект бачыцца па сваім завяршэнні… Па праўдзе сказаць, ён толькі распачаты: на дадзены момант цалкам гатова ўсяго 15 стужак, але і гэта нямала. Гатовыя фільмы ўяўляюць сабой спробу «ажывіць» славутыя персаналіі, «арэчавіць» (ці правільней «ачалавечыць») абстрактныя біяграфічныя звесткі.

Дакудрама, абраная для рашэння гэтых задач, — форма настолькі ж старая, як і сам дакументальны кінематограф. Нават адзін з першых «дакуфільмаў» «Нанук з поўначы» (рэж. Роберт Флаэрці, 1922 год) належыць да згаданага жанру. Галоўнай асаблівасцю дакудрамы з’яўляецца сумяшчэнне ў адным творы  прыёмаў дакументальнага і ігравога (драматычнага) кіно. З фармальнага пункту гледжання гэта часцей за ўсё выглядае як чаргаванне на экране пастановачных і непастановачных кадраў.

Прасцей кажучы, дакудрама ў большасці выпадкаў з’яўляецца зробленай з сур’ёзным тварам і ў такой жа танальнасці інсцэніроўкай рэальных (якія мелі месца на самай справе) або меркаваных гістарычных падзей. Утрыманню сур’ёзнай міны дапамагае шэраг прыёмаў, публіцыстычных па сваёй прыродзе, напрыклад: фігура наратара, які ўвесь час, туруючы сюжэту, прамаўляе гістарычныя звесткі і акунае тым самым гледачоў у кантэкст, цытаты і спасылкі на розныя крыніцы, інтэрв’ю з экспертамі ды іншы ілюстрацыйны матэрыял.

Натуральна, да такой формы звяртаюцца звычайна пры стварэнні гістарычных, біяграфічных і этнаграфічных фільмаў (як у выпадку з «Нанукам з поўначы», дзе аўтарамі клапатліва ўзнаўляецца традыцыйны быт лабрадорскіх эскімосаў). Іншымі словамі, дакудрама робіцца тады, калі не хапае аўдыявізуальнага матэрыялу па тэме (рэпартажных ці хранікальных здымак, фанаграм і г. д.). Атрымліваецца такая рэканструкцыя ці, што больш выразна, своеасаблівы следчы эксперымент.

Трэба сказаць, за апошнія 20 гадоў дакудрама вельмі распаўсюдзілася як форма кіна- і тэледакументалістыкі. Напрыклад, і брытанскі фестывальны фільм «Дарога на Гуантанама», і ўсемагчымыя true-crime-праекты ад Netflix, і ўмерана папулярныя перадачы на гістарычную тэматыку ад Viasat History і BBC — усе пабудаваны па прынцыпе сумяшчэння ігравога і неігравога кампанентаў. Ды што далёка хадзіць — успомніце хаця б такі агульнавядомы расійскі true-crime-праект, як «Следства вялі… з Леанідам Канеўскім».

Кадр з фільма «Зігмунд Урублеўскі. Гарачы кісларод».

Нягледзячы на гэткую распаўсюджанасць, стаўленне да жанру з боку інтэлектуальнай грамадскасці дагэтуль часта зняважлівае і скептычнае. Думаюць так: і не ігравое кіно, і ў поўным сэнсе не дакументальнае (ні тое ні сёе, калі не сказаць грубей). Больш за тое, у свядомасці людзей укаранілася меркаванне, нібыта пастаноўка — гэта «танны» прыём, няварты сапраўднага дакументаліста. Рэжысёр, згодна з такімі ўстаноўкамі, павінен імкнуцца да максімальнай аб’ектыўнасці, цвёрда супрацьстаяць любым спакусам пакінуць свае інтэрпрэтацыі.

Калі і вы схільны верыць у падобныя забабоны, спяшаемся заспакоіць: як правіла, аўтары, якія працуюць на ніве дакудрамы, не хаваюць сваёй прысутнасці ў фільме і адкрыта папярэджваюць гледачоў наконт ступені ўмоўнасці. Ды і пагадзіцеся: калі гаворка ідзе, напрыклад, пра тыя цёмныя і далёкія часіны нашай гісторыі, слядоў якіх амаль не засталося (толькі белыя плямы), нам таксама, бывае, нічога не застаецца, як выдаваць меркаванні і фармуляваць гіпотэзы (прадукт фантазіі, між іншым).

Вось і ў праекце «100 імёнаў Беларусі» робяць падобным чынам: фільмы, прысвечаныя асобам эпохі дакінематаграфічнай і тым больш дафатаграфічнай, знятыя пераважна ў ігравой манеры, тады як стужкі пра жыхароў XX—XXI стагоддзяў, наадварот, пераважна ў неігравой. Пагадзіцеся, хранікальныя кадры са Львом Талстым ці, скажам, Маркам Твэнам, пры жыцці ахвотных да розных дзівосных штуковін, або нават запісы голаса Якуба Коласа цалкам трансфармуюць уяўленне пра гэтых значных асоб. Постаці класікаў, як кажуць, пачынаюць пералівацца новымі фарбамі.

На студыі «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» гэта добра разумеюць і метадамі кіно спрабуюць ажывіць некаторыя, так бы мовіць, «партрэты з падручнікаў». Тым не менш не заўсёды ў стваральнікаў гэта атрымліваецца як след. З тых фільмаў, што зараз маюцца і што звернуты ў далёкае мінулае, няма амаль ніводнага, які б праўдзіва і па-зямному апісваў герояў. Замест заяўленых ажыўлення і надання чалавечых рыс, стужкі, наадварот, часцяком кананізуюць знакамітых асоб, прыводзячы іх вобразы да матэматычнай роўнасці. Такім чынам ствараецца своеасаблівы патэрык беларускіх святых.

Рэч нават не ў тым, што героі атрымліваюцца абавязкова станоўчымі (яно, можа, і нядрэнна). Проста яны часта аднолькава станоўчыя, як па шаблоне. Відаць, не ў малой ступені гэта абумоўлена бачаннем канкрэтных рэжысёраў, іх асабістымі ўяўленнямі аб надзвычайна разумных і геніяльных асобах. Або, мабыць, такім чынам аўтары транслююць сваё, даволі аднабаковае, разуменне беларускага характару, выразнікамі якога, напэўна ж, з’яўляюцца выбітныя нацыянальныя дзеячы.

Як бы там ні было, і геніяльная матэматык Соф’я Кавалеўская, і геолаг Ігнацій Дамейка, і «электрычны чалавек» Якуб Наркевіч-Ёдка, і нават мала прысутны ў сваім сольным фільме Казімір Семяновіч — усе яны ў выніку спакойныя, лагодныя, крышку, мабыць, сумнаватыя і дастаткова інтравертныя персанажы. Процілегласць гэткім вобразам складае, напрыклад, Уладзімір Мулявін. Ён прадстаўлены як рэальна супярэчлівы чалавек і зусім неабавязкова станоўчы.

Афіша фільма «Ігнацій Дамейка. Доўгае вяртанне».

Калі глядзіш фільмы ў наступным парадку: некалькі дзеячаў даўняй гісторыі — затым Мулявін, пачынаеш лавіць сябе на думцы, што нібыта апошні — страшэнна непрыемная персона. Тут, вядома, вінаваты толькі кантраст, бо нічога крамольнага ў фільме, дзякуй богу, не прагучала. Так, ён чалавек, і, як усе, супярэчлівы. Дадзены прыклад падсвечвае адну з галоўных хібаў праекта — яго рознастылёвасць.

Цыкл не ўспрымаецца як цыкл. Хутчэй ён падобны на ўмоўна аб’яднаную пад адной агульнай тэмай анталогію, зборнік твораў. Не вельмі правамернае параўнанне, але паглядзіце, напрыклад, як робіцца ў тэлевізійных і інтэрнэт-серыялах, тых, якія ў заходняй практыцы прынята называць «шоу». Нягледзячы на прысутнасць адначасова некалькіх пастаноўшчыкаў, у такіх серыялах захоўваецца мастацкая цэласнасць. Дарэчы, тут можна ўспомніць і іншы праект «Майстэрні Уладзіміра Бокуна» — цыкл «Зваротны адлік», у межах якога было створана больш за 360 эпізодаў і ўсе ў прыкладна адзінай стылістыцы.

Зразумела, для «імёнаў» вялікай перашкодай з’яўляецца рознасць герояў, іх значная аддаленасць адзін ад аднаго па часе і родзе заняткаў (ваенныя, вучоныя, мастакі, пісьменнікі і гэтак далей). Але ж, здаецца, якраз па гэтай прычыне, хаця б дзеля асабістай зручнасці, павінна захоўвацца стылістычная і сякая-такая драматургічная роўнасць. Маецца на ўвазе, канешне, драматургія нейкага абагульненага эпізоду, а не біяграфічныя перыпетыі.

Апрача іншага, многія творы з цыкла яўна перагружаны візуальна. Часам настолькі, што няцяжка і ўтапіцца ў такой густой кашы. Верагодна, тое робіцца, каб прыхаваць недахоп бюджэту, але атрымліваецца наадварот: яго толькі лепш відаць. У ход ідзе ўвесь арсенал танных відэаэфектаў, якія нярэдка выкарыстоўваюцца нібыта без усялякага разумення справы, без пачуцця меры і візуальнага густу. Дзіўна, бо зараз увогуле ў графічным дызайне цэняцца мінімалізм і акуратнасць. Здавалася б, бяры матэрыял, два-тры рабочыя колеры і звычайную плоскасць (нават не трэба 3D). Бяры ды размяшчай, эксперыментуй — будзе і стыльна, і зразумела, і танна. Чамусьці, аднак, робіцца наадварот.

Нягледзячы на ўсе пералічаныя заганы, праект трэба абавязкова «пакаштаваць». Чаму?.. А хаця б таму, што ён утрымлівае нейкі даўно чаканы непадробны шарм нармальнага, здаровага навукова-папулярнага тэлебачання (асабліва ў фільмах Аляксея Макаранкі, якія з ліку найбольш дакудраматычных) і, што самае галоўнае, па-сапраўднаму велічэзны патэнцыял. Навошта глядзець патэнцыял? А гэта, між іншым, вельмі натхняльны і карысны працэс. Калі бачыш, як праект развіваецца, з’яўляецца ўпэўненасць, што трэба яшчэ няшмат: крыху павагацца, намацаць рытм, і заганы, думаецца, зусім пераадолеюцца.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».