Вы тут

Жывое ў нерухомым


Працягваем знаёмства з праектамі маштабнага фестывалю «Sculptfest», што праходзіць у красавіку на розных пляцоўках Мінска. Творчасць масцітых мастакоў, смелых эксперыментатараў і, магчыма, будучых майстроў — прапануем тры грунтоўныя выстаўкі, якія нельга абмінуць.


Леанід Давідзенка «Анёл», 1990-я гг.

Аб пераемнасці пакаленняў

У Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, а дакладна ў трох новых утульных залах, працуе выстаўка «Парнат. Скульптура», якая знаёміць з творчасцю выкладчыкаў-скульптараў гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Ужо шмат дзесяцігоддзяў установа лічыцца адным са слупоў прафесійнай адукацыі ў галіне скульптуры. Спецыяльнае аддзяленне было адкрыта ў 1966 годзе, а яго арганізатарам і адпаведна першым кіраўніком быў скульптар Барыс Лазарэвіч.

У розныя перыяды тут працавалі вядомыя майстры, якія выхоўвалі пакаленні новых творцаў. Сярод педагогаў — Генадзь Мурамцаў, Юрый Палякоў, Уладзімір Слабодчыкаў, Аляксандр Фінскі, Анатоль Баразеннікаў, Леанід Давідзенка. Дарэчы, дакладна сказаць, калі ўзнікла слова «парнат», немагчыма. Мастацтвазнаўцы лічаць, што яно ўтворана з назвы вуліцы Парніковай, дзе першапачаткова размяшчалася школа, і Парнаса, гары ў Грэцыі, на якой, згодна з легендай, жылі музы.

Арганізатары адзначылі: рыхтуючы праект, яны імкнуліся засяродзіцца на працэсе пераемнасці пакаленняў, што з’яўляецца найважнейшым у сферы мастацкай адукацыі, паказаць творы і ўспомніць аб настаўніках, якія ўжо пайшлі з жыцця. Гэта Барыс Лазарэвіч, Леанід Давідзенка, Анатоль Баразеннікаў і Мікалай Ваўчок — ім прысвечаны інфармацыйныя стэнды. Найбольш падрабязна расказваецца, натуральна, пра стваральніка аддзялення скульптуры. Так, першы набор на спецыяльнасць быў зроблены з ліку студэнтаў жывапіснага аддзялення на той момант Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве. Ініцыятывай Барыса Часлававіча было і стварэнне скульптурнага метадычнага фонду мастацкага аддзялення, аднаго з найбуйнейшых у краіне. Экспанаты былі прывезены з Ленінграда. Ідэя педагога — фарміраванне першай вучэбнай школьнай праграмы для малодшых класаў (з 5-га да 9-га) для спецыяльнасці «Скульптура». Так была створана альтэрнатыва Мінскаму мастацкаму вучылішчу імя Аляксея Глебава. Барыс Лазарэвіч пакінуў школу разам з першымі выпускамі. Працаваў асістэнтам прафесара Андрэя Бембеля на кафедры скульптуры Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1982 да 1999 года працаваў выкладчыкам на аддзяленні скульптуры — толькі ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава.

На выстаўцы экспануюцца 30 твораў прадстаўнікоў сучаснага беларускага мастацтва, якія праявілі сябе ў манументальнай, дэкаратыўнай, паркавай, станковай скульптуры і ў мастацтвазнаўстве. Сярод твораў — «Баксёр» (2016) Валерыя Малахава, «Партрэт скульптара А. А. Баразеннікава» (2010) Паўла Ляонава, «Цецярук» (2014) Мікалая Ваўчка, «Алішэр Наваі» (2019) Івана Арцімовіча, «Лёгкія» (2013) Валерыя Цімашова, «Партрэт Святланы Саўрасавай» (2010) Святланы Гарбуновай, «Сюрпрыз» (2017) Юрыя Пеўнева, «Сэрца» (2017) Паліны Піраговай. Пры стварэнні выкарыстоўваліся гіпс, граніт, камень, дрэва, зварны метал… Увогуле ж на выстаўцы заўважна імкненне мастакоў да ўсяго жывога: як правіла, адлюстроўваюцца тыя ці іншыя асобы, жывёлы, птушкі і рыбы. Часцей глядач бачыць іх у стане спакою ці расслабленасці — сімвал засяроджанасці на ўнутраным свеце.

— Я сам выхадзец з «Парната», скульптура заўсёды была для мяне захапленнем, і не губляю надзеі, што калі-небудзь займуся ёй больш сур’ёзна, — падкрэсліў на адкрыцці старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Выстаўка, на мой погляд, атрымалася вельмі цікавай. Сённяшнія выкладчыкі нібы нясуць на сабе адказнасць, працягваючы традыцыі папярэднікаў.

Лайме Мірончык «Князі», 2012 г.

Энтузіязм пачаткоўцаў

Пластычныя спробы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. Глебава і гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка прадстаўлены ў выставачнай зале «Акадэмія» БДАМ. Выстаўка «Грані» — своеасаблівы зрэз творчасці маладых мастакоў, незвычайны погляд на сучаснае мастацтва: праз вобразы ў гіпсе, дрэве, камені і метале. Многія аўтары яшчэ шукаюць свой почырк, але ўжо сёння можна ўбачыць гэты дзіўны працэс — зараджэнне стылю. Дарэчы, самаму маладому ўдзельніку — усяго 16 гадоў.

— На гэтай выстаўцы творы юных аўтараў, якія яшчэ толькі рыхтуюцца паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, могуць быць выстаўлены нароўні з работамі студэнтаў акадэміі, выпускнікамі, — адзначыў Канстанцін Касцючэнка, скульптар, дацэнт БДАМ, куратар выстаўкі «Грані». — Яны могуць параўнаць свае работы, нечаму павучыцца, пераняць вопыт, тым самым падрыхтавацца да наступнага сур’ёзнага кроку — паступлення ў Акадэмію мастацтваў.

Экспазіцыя ў пэўным сэнсе паказвае агульнасць рыс маладога пакалення, хоць гэта людзі рознага ўзросту і розных поглядаў на жыццё. Як адзначыла Кацярына Кенігсберг, начальнік аддзела міжнародных сувязей БДАМ, аб’ядноўвае юных творцаў энтузіязм, жаданне спасцігнуць прафесійнае майстэрства, захапленне пазнаннем новага і пошук уласных шляхоў. Экспанаты розныя: нярэдка вельмі яркія, абстрактныя і рэалістычныя; часам можна правесці паралелі з творамі тых ці іншых уплывовых скульптараў. Але відавочны яшчэ адзін факт: пачынаючых мастакоў мала хвалюе асобны чалавек — няхай гэта знакаміты герой ці абагульнены вобраз. Зрабіць высновы можна, наведаўшы выстаўку, якая будзе працаваць да 24 красавіка.

Павел Лук «Міхал Федароўскі», 1993 г.

Выпрабаванне часам

Найцікавейшая частка фестывалю «Sculptfest» — праект «Героі. Падзеі», арганізаваны ў Нацыянальным гістарычным музеі. Героі, памяць аб якіх захоўваецца праз стагоддзі, падзеі, што сталі лёсавызначальнымі для краіны…

— Упершыню за паўвека маёй работы ў музеі такая выстаўка экспануецца ў нашых залах, — заўважыла падчас адкрыцця намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гістарычнага музея Ніна Калымага. — На жаль, у фондах музея вельмі маленькая калекцыя скульптуры, але гэта, напэўна, натуральна, бо ўсе найлепшыя ўзоры захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Хочацца, каб такіх выставак было як мага больш, таму што гістарычныя асобы, прадстаўленыя ў метале, — гэта нешта асаблівае.

Сярод найбольш значных падзей у апошнія гады, звязаных са скульптурным жыццём, — адкрыццё помніка князю Гедыміну ў Лідзе (скульптары Сяргей Аганаў, Вольга Нячай), канцлеру і вялікаму гетману ВКЛ Льву Сапегу ў Слоніме (скульптары Іван Місько, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін), манументальных кампазіцый «Брэсцкая Біблія» ў Брэсце (аўтар Антон Нічыпарук) і «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці» ў Полацку (скульптар Уладзімір Піпін). Шмат абмяркоўвалі стварэнне такіх значных мемарыялаў, як «Трасцянец» (аўтар Канстанцін Касцючэнка) і мемарыяльны комплекс у вёсцы Боркі (аўтары Іван Арцімовіч і Аляксандр Сакалоў). Так, у экспазіцыі прадстаўлены эскізы многіх знакавых помнікаў, а таксама станковыя творы.

— Гістарычная тэма ва ўсе часы хвалявала мастакоў. Тое, што выстаўка адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі, павінна падштурхнуць нас да стварэння пантэона народных герояў, — упэўнена першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Далёка не ўсе гістарычныя асобы ўшанаваны ў помніках. І сёння трэба прааналізаваць, што зроблена, а што яшчэ можна зрабіць.

Дарэчы, яшчэ адна з задач выстаўкі — ініцыяваць складанне спіса гістарычных асоб і падзей, вартых увасаблення ў помніках, як арыенціра для паслядоўнай працы мастакоў.

У экспазіцыі «Героі. Падзеі» прадстаўлены работы такіх вядомых майстроў айчыннай скульптуры, як Іван Місько, Анатоль Арцімовіч, Юрый Анушка, Сяргей Аганаў, Аляксандр Шапо, Павел Лук і Ігар Засімовіч… Чарговы раз глядач бачыць знаёмыя вобразы: сур’ёзнага Васіля Быкава (Ігар Засімовіч), смелую княгіню Вольгу (Анатоль Арцімовіч), моцнага князя Гедыміна (Сяргей Аганаў), статнага Льва Сапегу (Іван Місько), мужнага Кастуся Каліноўскага (Анатоль Арцімовіч), задуменнага Кірылу Тураўскага (Леў і Сяргей Гумілеўскія) і натхнёнага Фердынанда Рушчыца (Сяргей Гумілеўскі).

Цікавыя сваёй метафарычнасцю работы «La ruche» /«Вулей»/ (2020) Марыі Тарлецкай і Ларысы Фінкельштэйн, «Тая, якая журыцца» (2013) Аляксандра Шапо, «Касіянеры» (2004) Юрыя Анушкі, «Вялікі воін» (2018) Алега Купрыянава, «“Літва! Бацькоўскі край”. Адам Міцкевіч» (2021) Сяргея Гумілеўскага. Сапраўдны цуд, які выклікае збянтэжанасць сюжэтам і захапленне майстэртвам аўтара, — мадэль помніка «Савецкім ваеннапалонным» Аляксандра Шапо.

Словы пра захопленасць скульптараў айчыннай гісторыяй нельга не ўспрыняць усур’ёз — варта толькі паглядзець на гады стварэння большасці работ. Каб паспець пазнаёміцца з імі, засталося вельмі мала часу: выстаўка «Героі. Падзеі» будзе працаваць да 18 красавіка ўключна.

Між тым Беларускі саюз мастакоў ужо абвясціў пераможцаў сёлетняга фестывалю скульптуры. У намінацыі «Канцэпцыя» першае месца атрымаў Васіль Васільеў, другое — Канстанцін Селіханаў, трэцяе — Андрэй Вараб’еў. У катэгорыі «Навацыя» — імёны Вольгі Орсік, Паўла Куніцкага і Антона Нічыпарчука. У намінацыі «Традыцыя» адзначаны такія творцы, як Генадзь Буралкін, Эдуард Астаф’еў і Анатоль Арцімовіч. Пераможцы ў катэгорыі «Майстэрства» — Уладзімір Панцялееў, Іван Арцімовіч і Аляксандр Шапо.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».