Вы тут

На полі гульні з творцам


У юнацтве ў будучага фатографа Валерыя Сібрыкава з’явілася цікавасць да мастацтва фатаграфіі, якая не згасае ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Творца атрымаў адукацыю ў тэхнічным вучылішчы, вучыўся ў мараходнай школе ў Грузіі, працаваў у друкарні ў пераплётным цэху… І толькі потым яму ўдалося заняцца любімай справай — фотаздымкай. Шэсць гадоў таму ён, фатограф, выкладчык, удзельнік народнага фотаклуба «Мінск», знайшоў сябе ў яшчэ адной справе — вырабе шахматных камплектаў.


Валерый Сібрыкаў.

У шахматы Валерый Сібрыкаў навучыўся гуляць да школы. Падчас вучобы яго цягнула да гэтай гульні, і маці купіла стандартны набор. Асабліва цікавіўся старонкай часопіса «Наука и жизнь», прысвечанай спаборніцтву. Дзякуючы ёй і гуляў, бо тады скласці кампанію не было каму. У той час нават у сне бачыў клеткі на дошцы… Сёння Валерый Сібрыкаў адзначае: моцным іграком і асаблівым аматарам шахмат сябе не лічыць.

А пачалося новае захапленне, як гэта часцяком бывае, выпадкова: да майстра трапілі формы алавяных салдацікаў. Калі ўдалося знайсці і набыць падобныя мадэлі для шахмат (найцікавейшыя адшукаліся ў Ірландыі), Валерый Сібрыкаў пачаў адліваць фігуры, майстраваць поле для гульні. Пэўныя інструмены ўжо меліся ў гаспадарцы, штосьці давялося набыць. Працаваў спачатку на балконе, потым перабраўся ў гараж, і разам з сынам, які займаецца драўлянымі цацкамі, арганізавалі там майстэрню.

Матэрыялы, якія выкарыстоўвае рамеснік, — дрэва і волава. Працуе і з паляўнічымі гільзамі, што вырабляюцца са сплаву розных металаў (іх шукае на базарах, у тым ліку ў Расіі). Такім чынам, каб зрабіць тую ці іншую фігурку, творца, адпаведна, рэжа дрэва, плавіць волава і травіць метал.

Сёння ў яго маюцца чатыры варыянты форм для волава. Гэта Генрых VIII, ён жа «Сіняя барада», мушкецёры і гвардзейцы кардынала, персанажы бітвы пры Ватэрлоа, а таксама звычайныя шахматы, толькі крыху выцягнутыя. Што тычыцца беларускай гістарычнай тэматыкі, то існуе варыянт шахмат з выявай Мірскага замка на знешнім баку гульнявога поля. Дошка ў гэтым выпадку даволі незвычайная, таму што клеткі знаходзяцца на розных узроўнях, хоць зверху поле выглядае як мае быць. Ідэя не новая, але вельмі карысная — такі тып гульні прывучае да аб’ёмнага мыслення. Зараз аўтар спрабуе знайсці іншыя ідэі на беларускую тэматыку, што (калі гаварыць пра фігуры, а не пра гульнявое поле) зрабіць даволі складана.

Сярод цікавых аўтарскіх работ — разбураная крэпасць (тут Валерый Сібрыкаў выкарыстаў гіпс і шкло), бітва пры Ватэрлоа, а таксама арыгінальныя драўляныя сырныя і, што цікава, «п’яныя» шахматы. Цёмныя і светлыя клеткі апошніх знаходзяцца на двух узроўнях, поле не зусім роўнае, фігуры са скошаным днішчам стаяць пад нахілам у дачыненні да праціўніка ў пачатку, але ў працэсе глядзяць у розныя бакі — нібы ў іх ссунуты цэнтр цяжару. Да таго ж яны кракелюрныя. Узважваць хады падчас такой гульні не меней складана, чым у выпадку з Мірскім замкам.

Гатовыя камплекты, на кожным з якіх можна знайсці гравіроўку з імем аўтара, рамеснік аддае для продажу розным галерэям і інтэрнэт-пляцоўкам. Своеасаблівая рэклама — профіль Валерыя Сібрыкава ў Instagram, дзе можна бліжэй пазнаёміцца з творчасцю майстра.

— Шахматы — вечная гульня, — падкрэслівае Валерый Сібрыкаў. — Нельга назваць яе папулярнасць сезоннай, хаця нядаўна выйшаў фільм «Ход каралевы», і некаторыя палічылі, што будзе ўсплёск… Але нельга выключаць моду на шахматы, якімі ўпрыгожваюць інтэр’ер. Напрыклад, аднойчы пакупнік з Расіі забраў чатыры розныя камплекты, матываваўшы гэта тым, што ў яго вялікім доме розныя шахматы павінны стаяць у кожным пакоі. Па вялікім рахунку, мае вырабы так і выглядаюць: у іх можна гуляць, але эстэтычны складнік больш моцны. Я заўсёды цікаўлюся, хто купляе работы, вяду статыстыку. Як правіла, беларусы набываюць прадметы ў падарунак. Вельмі цікавяцца вырабамі расійскія турысты, наведвальнікі з далёкіх краін. Ведаю, што мае шахматы ёсць у Кітаі і Сербіі. Многія пытаюцца пра магчымасць стварэння фігур большых памераў, але гэта паўплывае на вагу, што не зусім патрэбна і мне, і большасці аматараў шахмат.

Дарэчы, вага многіх твораў даходзіць да 10 кілаграмаў. Нягледзячы на спецыфічнасць, за год купляюць 12—14 розных камплектаў. На выраб аднаго неабходна прыкладна месяц-паўтара карпатлівай працы. Але Валерый Сібрыкаў толькі ў пачатку гэтага шляху ствараў кожную кампазіцыю асобна. Зараз жа працэс арганізаваны такім чынам, што ідзе праца адразу над некалькімі творамі. За шэсць гадоў удалося стварыць больш як 50 камплектаў.

Цяпер майстар працуе над новымі тэматычнымі — паляўнічымі — шахматамі, якія будуць захоўвацца ў адмысловым патранташы. Ёсць у творцы, які зараз, дарэчы, працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, жаданне пераключыцца на іншыя кірункі, напрыклад, выраб нардаў з паляўнічых патронаў. Ідэй шмат, думкі не даюць спакою — справа за рэалізацыяй!

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».