Вы тут

«Мураўіная сцяжынка» спрыяе падтрымцы і адкрыццю юных талентаў Любаншчыны


Гэтым разам мы здзейснілі вандроўку на Любаншчыну. Месцічы вельмі ганарацца родным кутком: Любоў, Любанька, Любань-Лебедзь — так замілавана яны называюць свой край.

Любанскі раён заснаваны 17 ліпеня 1924 года. Размешчаны на паўднёвым усходзе Мінскай вобласці, за 152 кіламетры ад сталіцы, у басейне ракі Арэсы. Багаццем Любанскага раёна заўжды была прырода: лес, прыгожыя рэкі і блакітныя азёры. За 17 кіламетраў ад райцэнтра размясціўся санаторый «Світанне-Любань», дзе любяць адпачываць не толькі любанчане, але і жыхары ўсёй Беларусі і Расіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны Любаншчына стала цэнтрам партызанскага руху Мінскай вобласці, на востраве Зыслаў дзейнічаў партызанскі аэрадром, у вёсцы Дварэц выдаваліся падпольныя газеты «Звязда» і «Чырвоная змена».

Шосты год на Любаншчыне праводзіцца раённы дзіцячы конкурс літаратурнай творчасці «Мураўіная сцяжынка» імя Івана Андрэевіча Муравейкі. Арганізатар — упраўленне па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама. Узяць удзел у мерапрыемстве могуць усе, каму цікава паспрабаваць свае сілы ў літаратурнай творчасці незалежна ад узросту. Жанравая палітра твораў таксама розная: і проза, і паэзія. Але важна тое, што конкурс спрыяе падтрымцы і адкрыццю юных талентаў Любаншчыны, якія, магчыма, стануць прадаўжальнікамі найлепшых традыцый.

Штогод, з верасня да лістапада, конкурс праходзіць у два этапы. Ва ўстановах адукацыі праводзіцца школьны этап конкурсу. Па яго выніках на завочны этап раённага дзіцячага конкурсу літаратурнай творчасці падаюцца работы — свае вершы, казкі, апавяданні давяраюць кампетэнтнаму журы вучні 1—11 класаў школ раёна. Журы конкурсу праводзіць адбор твораў для ўдзелу ў фінальным этапе ў дзвюх намінацыях: «Паэтычныя творы» і «Празаічныя творы».

Ужо стала тадыцыяй, што фінальнае святочнае мерапрыемства праходзіць у Сароцкай сярэдняй школе, куды запрашаюцца ўсе зацікаўленыя: настаўнікі-філолагі і вучні, якія вырашылі паспрабаваць свае сілы ў конкурсе. Актавая зала заўсёды запоўнена творчымі педагогамі і школьнікамі. Сярод іх і тыя, хто ўжо не першы год удзельнічае ў свяце.

Шаноўным і паважаным госцем на раённым конкурсе-свяце заўсёды быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, дзіцячы паэт, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Любані Іван Андрэевіч Муравейка. Зала з захапленнем і павагай слухала знакамітага земляка, з вуснаў якога гучалі парады і віншаванні пачынаючым літаратарам. Акрамя таго, вельмі прыемна было атрымліваць ад паэта рукапісны варыянт твораў, напісаных у 30—40-я гады мінулага стагоддзя, якія былі падрыхтаваны аўтарам у падарунак удзельнікам конкурсу. На жаль, у мінулым месяцы Івана Андрэевіча не стала.

У 2015 годзе ганаровым госцем раённага мерапрыемства быў галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», прэзідэнт дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.

Усе творчыя работы вучняў, якія прынялі ўдзел у конкурсе, штогод друкуюцца ў зборніку «Мураўіная сцяжынка», які атрымлівае ў падарунак кожная ўстанова адукацыі з аўтографам Івана Андрэевіча Муравейкі. А ўсе ўдзельнікі конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама.

У 2016-м да 95-годдзя з дня нараджэння знакамітага земляка было арганізавана правядзенне фотаконкурсу па матывах яго твораў.

На працягу святочнага мерапрыемства ў зале пануе атмасфера цеплыні, шчырасці і ўзаемападтрымкі. А конкурс нязменна завяршаецца словамі: «Да новых сустрэч, сябры!».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Над ракой Арэсай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».