Вы тут

Што больш выгадна купляць вясной?


У многіх тавараў ёсць сезоннасць. Правільна выбраўшы час для куплі той ці іншай рэчы, можна істотна сэканоміць — часам больш за чвэрць кошту неабходнай у гаспадарцы абноўкі. А паколькі эканомія цяпер актуальная, самы час навучыцца быць разумным пакупніком і набываць патрэбныя рэчы «не ў сезон» — на будучыню і са зніжкамі.


Для дома, для сям'і

Кожны год восенню мэбля даражэе. Калі вы вырашылі абнавіць інтэр'ер свайго дома (лецішчы, кватэры), цяпер самы час. Як правіла, за лета людзі робяць рамонт у кватэрах і восенню абстаўляюць іх. Вясна — сакавік, красавік і пачатак мая — час выгадных распродажаў у мэблевых крамах. У канцы мая нашы суграмадзяне пачнуць набываць мэблю на дачы, і скідак, адпаведна, стане на парадак менш.

Таксама восенню вышэйшы попыт і, адпаведна, цэны на тэлевізары. Чым халадней на вуліцы, тым больш жадаючых набыць сабе вадкакрысталічны «тэлек», каб з камфортам праводзіць час дома. Самы пік продажаў тэлевізараў, кажуць прадаўцы бытавой тэхнікі, штогод прыпадае на пачатак зімы. Ну а вясна — гэта якраз традыцыйнае зацішша ў дадзенай нішы, а значыць — час зніжак на тэлевізары і сезонных распродажаў. Так што цяпер самы час дазволіць сабе тэлевізар з вялікай дыяганаллю (калі такі вам патрэбны) — на іх вясной можна сэканоміць мінімум 10 % ад кошту.

А вось цэны на аргтэхніку — камп'ютары, ноўтбукі, планшэты і смартфоны — на жаль, не схільныя да сезонных ваганняў. Тут трэба адсочваць акцыі і зніжкі. І ўлічваць, што на тую ці іншую мадэль цана так ці інакш паступова зніжаецца (часам за некалькі месяцаў — на чвэрць першапачаткова заяўленага кошту) па меры таго, як яна перастае быць «навінкай».

Мікраклімат вашага дому — таксама з разраду выгадных вясновых пакупак. Радыятары і цеплавыя вентылятары цяпер прадаюцца са значнымі зніжкамі. Найбольшы попыт на іх — увосень, перад пачаткам ацяпляльнага сезона, а таксама ў студзені-лютым. З надыходам спякоты вырасце попыт на кандыцыянеры і вентылятары, а пакуль і іх можна знайсці «на акцыі». Хоць самы выгадны час для іх набыцця — зразумела, зіма.

Рухомая і нерухомая маёмасць

Эксперты адзначаюць, што менавіта вясной у параўнанні з зімой больш выгадна набываць новую машыну ў аўтасалоне: як правіла, вясна ў салонах — час акцый і зніжак. Зрэшты, зніжэнне цэн не датычыцца папулярных мадэляў — на іх існуе попыт і вясной, і ўвосень, і завабліваць пакупнікоў зніжкамі няма неабходнасці. Але калі казаць пра аўто «з прабегам», то-бок пра больш бюджэтны варыянт, якраз вясной прадаўцы канстатуюць пік продажаў. А значыць, цэны будуць максімальныя. Ідэальны час для куплі аўтамабіля б/к — зацішша напярэдадні навагодняй ночы ці некалькі тыдняў адразу пасля Новага года. У гэты час прадаўцы скідваюць цэны. Яшчэ адзін нядрэнны варыянт — у жніўні: у гэты час на аўто штогод падае попыт, а ўслед за ім і цэны. Да таго ж пры сонечным святле лепш відаць драпіны і ўвагнутасці.

З набліжэннем лета на рынку нерухомасці штогод адчуваецца меншы попыт, а летам ён наогул «замірае». Гэта псіхалогія: людзям у згаданы перыяд асабліва не хочацца займацца падлікамі, прымаць сур'ёзныя рашэнні, разбірацца ў дакументах і чытаць тое, што напісана дробным шрыфтам. Хочацца адпачываць, а важныя справы адкласці на потым. Зніжкі, акцыі і падарункі пакупнікам пачынаюцца звычайна ўжо ў другой палове мая. Калі вы купляеце кватэру, дом або дачу — зрабіце гэта ў канцы вясны. Або пачакайце да лета — гэта будзе яшчэ лепш. Увосень рынак ажывіцца, і — цалкам магчыма — выгадныя прапановы знікнуць да наступнага мая, а цэннікі на квадратныя метры павысяцца.

«Сані летам» — літаральна

Вясна — ідэальны час для набыцця санак і лыжаў у крамах спорттавараў і ў адпаведных інтэрнэт-крамах. Сноўборды, цюбінгі, канькі, рыштунак для гарналыжнага спорту — усё, што звязана з зімой, з канца сезона і да гэтага дня распрадаецца з вялізнымі зніжкамі. Улетку такія тавары знікнуць з паліц большасці крам, цяпер іх яшчэ можна адшукаць. Наступнай зімой вы скажаце «дзякуй» сабе, разумны і прадбачлівы.

Дарэчы, калі ўжо загаварылі пра адпачынак. Яшчэ ёсць шанц «паспець у апошні вагон» з квіткамі. Калі вы збіраецеся летам кудысьці ляцець (што, вядома, ва ўмовах пандэміі досыць складана), то памятайце, што цэны на авіябілеты стабільна растуць па меры набліжэння лета: чым блізкі сезон адпачынкаў, тым яны вышэйшыя.

А яшчэ ў маі самы час прыкупіць сабе спартыўнае адзенне. Якраз цяпер на паліцах магазінаў з'явіліся новыя калекцыі такога адзення — да новага спартыўнага сезона. Ну а распродажы леташніх калекцый дазволяць істотна сэканоміць.

Да школы рыхтуемся загадзя

Канец навучальнага года — самы час для руплівых бацькоў падумаць аб наступным «першым верасня». Менавіта цяпер можна танней купіць школьныя прыналежнасці і «экіпіроўку» школьніка. Сшыткі-алоўкі-ручкі, заплечнікі, школьнае адзенне — з набліжэннем Дня ведаў цэны на ўсё гэта будуць расці. Да таго ж цяпер у адпаведных аддзелах магазінаў пуста і можна без ажыятажу і штурханіны памераць і выбраць. Праўда, напярэдадні новага навучальнага года выбар будзе большы. Затое і цэны вышэйшыя.

Кажушкі-шапачкі

Нарэшце, самае відавочнае: зімовая вопратка і абутак. На зімовыя рэчы попыт ужо цяпер зусім невысокі, а значыць, імкнучыся вызваліць паліцы і склады для вясновых калекцый, крамы актыўна аб'яўляюць акцыі і зніжкі. Так што менавіта цяпер можна вельмі істотна сэканоміць на куплі пухавіка, кажуха або — бярыце вышэй! — натуральнага футра. Праўда, з натуральным футрам ёсць адзін нюанс: калі вы рашыцеся на яго набыццё (а прымаць рашэнне і купляць такі тавар больш танна якраз цяпер ці яшчэ праз месяц), прадумайце, дзе вы будзеце захоўваць яго, каб да халоднага сезона яно не страціла прыгажосці. У крамах футра захоўваюць у спецыяльна абсталяваных халадзільніках.

Што датычыцца куплі больш «жыццёвай» зімовай вопраткі, то можна, вядома, пачакаць да лета — тады цэны будуць яшчэ ніжэйшыя (захоўваць паўгода на складзе непрададзеную зімовую вопратку нявыгадна). Але летам верагоднасць таго, што вашага памеру не будзе — бо распрадаюць жа рэшткі! — большая. Тое ж самае датычыцца і зімовага абутку. Ёсць і яшчэ адна складанасць: мода змяняецца, і дзяўчатам наступнай зімой можа не захацецца насіць неактуальную мадэль. У любым выпадку, менавіта цяпер — самы час «экіпіраваць» на зіму дзяцей (ад світароў да пухавікоў і шапак) з велізарнай зніжкай. Ну, і мужа (мужчынская мода менш змяняецца ад сезона да сезона). Таксама вясна — выдатны час, каб купіць тэрмабялізну.

На чым не сэканоміш вясной

Калі вы хочаце сэканоміць, то вясна — не найлепшы час для куплі ровараў і самакатаў. А таксама ролікавых канькоў і скейтбордаў. Менавіта на май і пачатак лета ў гэтых тавараў прыходзіцца пік продажаў. А значыць, цэны будуць максімальна высокія. Калі вы гатовыя чакаць, лепш купляць усё гэта ў верасні-кастрычніку. Або хаця б у канцы жніўня, калі стартуюць зніжкі. Але і тут ёсць нюанс: да восені мадэляў стане менш.

Адна з не самых выгадных вясновых пакупак — абанемент у фітнес-цэнтр або спартыўны клуб. Увесну, як правіла, гэтыя абанементы вырастаюць у цане — з набліжэннем цяпла людзі ўспамінаюць пра сваю фізічную форму і пачынаюць «худзець да лета» або «да адпачынку». Зрэшты, эканомным пакупнікам чакаць засталося нядоўга: летам у трэнажорных залах, фітнес-цэнтрах і г. д. — «не сезон». Асабліва калі лета радуе добрым надвор'ем. Людзі з'язджаюць у адпачынкі, замест бегавых дарожак выбіраюць прабежкі ў парку, а замест басейнаў плаваюць у азёрах і рэчках. Самыя вялікія зніжкі варта чакаць у пачатку і сярэдзіне лета. Магчыма, ужо ў канцы мая (тут усё залежыць ад надвор'я) з'явяцца першыя цікавыя прапановы для патэнцыйных наведвальнікаў.

Відавочна, што цяпер найбольшы попыт на тавары для лецішча і пікніка. Усе гэтыя мангалы і рашоткі для грыля, газонакасілкі, біяпрыбіральні і іншае, іншае... Паступова становіцца даражэйшай садовая мэбля. Таксама ў цане цяпер тавары для рамонту, і ў найбліжэйшы месяц усё гэта будзе толькі даражэць. Дачнікі ведаюць, што ў пачатку сезона растуць цэны на насенне, угнаенні, хімікаты для саду і агарода, а таксама на рабочы інвентар садоўніка-агародніка. Купляць усё гэта лепш у канцы жніўня ці восенню, калі пачынаецца сезон распродажаў і акцый «тры па цане аднаго» ў крамах для дачнікаў.

Не найлепшы час цяпер і для куплі бытавой тэхнікі (халадзільнікі, газавыя і электрычныя пліты, варачныя паверхні, пасудамыечныя і пральныя машыны). Ужо цяпер на іх паступова расце попыт. А значыць, сур'ёзных зніжак, акцый і распродажаў у хуткім часе будзе мала або не будзе зусім. Лепш за ўсё гэтыя тавары набываць у пачатку студзеня — у гэты перыяд яны каштуюць танней за ўсё.

Таксама не варта вясной купляць фотаапараты — цэны на іх упадуць толькі з набліжэннем халадоў, а цяпер для гэтага віду тавараў якраз сезон.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Загаловак у газеце: Рыхтуй сані летам...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.